Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінcкія майстры прывезьлі ў Горадню манэты з царскім арлом і хакеістам


Сёньня апошні дзень Рэспубліканскага фэсту нацыянальных культураў у Горадні. З вуліц зьніклі міліцэйскі КПП і «фільтрацыйныя пункты», і ў горадзе людзі адчуваюць сябе свабодна і нязмушана. Сёньня Горадня — горад майстроў, іх сотні. На вуліцах прадаюцца сувэніры, тысячы гарадзенцаў у цэнтры гораду.

На пешаходнай вуліцы Савецкай заўважныя украінцы, яны разгарнулі «манэтныя двары» — два «гетманскія» і адзін «кірмашны». Адбіваюць манэты з алюмінію, латуні і медзі. Узмах молату — і яна гатова: царская з арлом, іншая — з кветкай ці з хакеістам (з эмблемы чэмпіянату, што адбыўся ў Менску).

Пяцёра майстроў прыехалі з Палтаўскай вобласьці з Міргараду, курортнай мясьціны, вядомай «міргарадзкай» мінэральнай вадою. Адзін зь іх, Аляксандар, патлумачыў, што іх запрасілі правесьці майстар-клясу па чаканцы манэт. Яны паказваюць гарадзенцам рэканструкцыю манэтнага двара XV-XVI стагодзьдзя.

Міргарадзкія майстры аб’ехалі Ўкраіну, удзельнічаюць таксама ў беларускіх сьвятах, але ў Горадні першы раз. Гарадзенцаў зьвяртаецца да іх «дужа багата», зазначыў Аляксандар. У Кіеве адбылася інаўгурацыя новага прэзыдэнта, Аляксандар выказвае спадзяваньне, што ў будучыні ва Ўкраіне ўсё павінна наладзіцца, не павінна яна разваліцца. «На жаль, украінская армія была не гатова да цяперашніх падзеяў», — кажа ён.

А Міргарад лічыцца адным з самых экалягічна чыстых ва Украіне, прыяжджае мноства адпачыньнікаў, таксама з-за мяжы. Ёсьць музэй Мікалая Гогаля. Яго ўкраінцы лічаць сваім, але Аляксандар удакладняе. Што Гогаль — «міжнацыянальны пісьменьнік».

У Горадні міргародзкі «перасоўны манэтны двор» будзе да канца дня, хлопцы выяжджаюць нанач, ехаць васямнаццаць гадзінаў, сказаў Аляксандар.

Сёньня ўкраінцы прыцягнулі ўвагу гарадзенцаў, молат так і узьлятаў над галавою майстра-чаканшчыка. Хаця было нямала іншых цікавых вырабаў на кірмашы, напрыклад, беларуская кераміка, акарыны. Можна было таксама атрымаць пірацкі піястар.
XS
SM
MD
LG