Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаваць на сяле за мізэрныя заробкі ў моладзі няма ахвоты


На Магілёўшчыне моладзь неахвотна ідзе вучыцца на прафэсіі сельскагаспадарчага профілю. Летась шмат навучальных устаноў сутыкнуліся зь недаборам на спэцыяльнасьці, запатрабаваныя аграпрамысловым комплексам.

Выпускнікі гарадзкіх школ прызнаюцца, што працаваць за мізэрныя заробкі з адсутнасьцю мінімальнага камфортнага пражываньня на вёсцы ахвоты ў іх няма. Калі і наважацца, кажуць яны, вучыцца на сельскагаспадарчую прафэсію, то наўрад ці зьвяжуць жыцьцё зь ёй.

Недахоп маладых спэцыялістаў для сяла прызнае ўпраўленьне адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму: гэтыя прафэсіі не папулярныя ў моладзі. Сёлета ўлады плянуюць зрабіць захады, каб павялічыць колькасьць абітурыентаў, і чакаюць, што іх будзе на 200 чалавек болей, чым летась. Хаця ў афіцыйных камэнтарах супрацоўнікаў упраўленьня аптымізму мала.

«Заплянавалі павялічыць, але як ужо набор ажыцьцявіцца, — камэнтуе сытуацыю адна з супрацоўніц, — бо мы цягам апошніх гадоў маем цяжкасьці ў камплектаваньні навучальных устаноў менавіта па прафэсіях сельскагаспадарчага профілю».

Чаму ж моладзь, нягледзячы на пазытыўныя рэпартажы па беларускім тэлебачаньні пра жыцьцё на сяле, неахвотна выбірае прафэсіі, зьвязаныя з працай у полі ды на фэрмах? Дарэчы, сярод прафэсіяў, на якія не дабралі навучэнцаў, была спэцыяльнасьць «апэратар машыннага даеньня». Раней кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў, што даяркі зарабляюць у Беларусі каля 600 даляраў.

Знайсьці адказ на пытаньне дапамагалі жыхары прыгараднай магілёўскай вёскі Буйнічы ды наведнікі вядомага мэмарыялу «Буйніцкае поле». Бальшыня маладых людзей, зь якімі ўдалося пагутарыць, выказваліся аднолькава. Адна з дзяўчат сказала:

«Моладзь імкнецца жыць у горадзе і не асабліва — у вёсцы працаваць па такіх спэцыяльнасьцях».

«На мой погляд, гэта не прэстыжна, — заўважае маладая жыхарка Буйніч, — там і ня вельмі добра плацяць. У нашым жа сучасным сьвеце важныя грошы, бо бязь іх не пражывеш».

Маладая настаўніца з Буйніч заўважыла, што з задавальненьнем пайшла б працаваць у вясковую школу, аднак ёсьць умова:
Няма там магчымасьці зарабіць і набыць жытло. Жыцьця ў сяле для моладзі ніякага няма


«Пайшла б тады, калі б мне далі жыльлё. Цяпер жыльлёвыя ўмовы вельмі складаныя. Самой яго набыць вельмі цяжка».

Карэспандэнт: «А што для сельскай моладзі больш важнае: жыльлё, ці грошы?»

Настаўніца: «Для сучаснай моладзі — заробак. Яны гатовыя жыць дзе заўгодна, абы ім плацілі».

«Ня йдзе моладзь на такія прафэсіі і слушна робіць. Няма там магчымасьці зарабіць і набыць жытло. Жыцьця ў сяле для моладзі ніякага няма. Шмат чаго гаворыцца па тэлебачаньні, але ж насамрэч ніякага заробку, ніякіх забаваў. У чым сэнс ісьці туды вучыцца, а потым марнаваць жыцьцё? Правільна робіць моладзь», — заўважае яшчэ адзін суразмоўнік.

Ён бачыць іншы шлях для разьвіцьця сельскай гаспадаркі: прагрэс будзе, калі чалавек стане гаспадаром на зямлі.

«Пры наяўнасьці прыватнай уласнасьці на зямлю — гэта больш падштурхнула б нас у бок разьвіцьця сельскай гаспадаркі. А калі да аднаго больш-менш пасьпяховага калгасу дадаюць пяць, якія ледзьве на плаву трымаюцца, то гэта не павялічвае шанцаў на выжывальнасьць пасьпяховага. Гэта ілюзія нашай дзяржавы».

У сельскагаспадарчых навучальных установах прызнаюць яшчэ і тое, што «тэарэтычныя веды будучыя аграрнікі засвойваюць, а вось з практычнымі горш».

Паводле кіраўніка магілёўскага агралесатэхнічнага каледжу Георгія Маліноўскага, ня ўсе гаспадаркі даюць магчымасьць будучым аграрнікам якасна адпрацоўваць вытворчую практыку:

«Каб нашым выпускнікам давалі магчымасьць працаваць там, а ня зь венікам хадзіць па двары ці назіраць, як іншыя працуюць».

Ня ўсе навучальныя ўстановы могуць пахваліцца добрай тэхнічнай базай для падрыхтоўкі кадраў, таму выпускнікі часта не гатовыя да працы ў полі ці на фэрмах.
XS
SM
MD
LG