Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка і Пуцін паціснулі адзін аднаму рукі


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і абраны прэзыдэнтам Украіны Пятро Парашэнка мелі кароткую размову падчас сьвяткаваньняў 70-й гадавіны высадкі саюзьнікаў у Францыі падчас Другой Усясьветнай вайны.

Паведамляецца, што Парашэнка, Пуцін, і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель паразмаўлялі 6 чэрвеня пасьля таго, як быў зроблены групавы здымак сусьветных лідэраў, перш чым ісьці на абед.

Агенцтва Reuters паведамляе, што Парашэнка гаварыў з Пуціным у прысутнасьці нямецкага канцлера Ангелы Мэркель.

«Пуцін, Парашэнка і Мэркель размаўлялі, калі ўваходзілі ў замак Бэнувіль, дзе заходнія лідэры правялі абед з вэтэранамі, якія прымалі ўдзел у высадцы дэсанта ў Нармандыі», — паведамляе РАР са спасылкай на агенцтва Reuters.

Як стала вядома пазьней, Пятро Парашэнка і Ўладзімер Пуцін правялі сустрэчу, якая доўжылася 15 хвілін, і пасьля яе паціснулі адзін аднаму рукі. Пра гэта перадае агенцтва Reuters са спасылкай на паведамленьне канцылярыі францускага прэзыдэнта Франсуа Алянда.

Паводле паведамленьня, Парашэнка абмеркаваў з Пуціным эканамічныя наступствы крызісу ва Ўкраіне, і бліжэйшым часам яны могуць перайсьці да абмеркаваньня дэталяў мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне.

Паводле прэсавай службы Крамля, абодва прэзыдэнты заклікалі як мага хутчэй спыніць праліцьцё крыві ва Ўкраіне.

Пуцін таксама паразмаўляў з прэзыдэнтам Баракам Абамам. Паводле прадстаўніка ў амэрыканскім кіраўніцтве, Абама асабіста сказаў, што Пуцін павінен паспрыяць дээскаляцыі канфлікту ва Ўкраіне, каб пазьбегнуць далейшай ізаляцыі Расеі. Паводле Абамы, калі Расея пачне супрацу з новым урадам у Кіеве, гэта «магло б зьнізіць напружанасьць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG