Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея прыбрала з Бабруйску сваю фігу Ўкраіне»


Су-27 і Міг-29 на Краснай плошчай у Маскве, архіўнае фота
Су-27 і Міг-29 на Краснай плошчай у Маскве, архіўнае фота

Зь Беларусі адляцелі 6 расейскіх зьнішчальнікаў і 3 транспартныя самалёты, якія зьявіліся на беларускіх аэрадромах, калі пачалася анэксія Крыму. Што кажуць вайсковыя аглядальнікі пра прычыны вяртаньня расейскіх самалётаў?

Абноўлена: Мінабароны зьняпраўдзіла інфармацыю пра адлёт расейскіх зьнішчальнікаў

Міністэрства абароны Беларусі пацьвердзіла ранейшыя зьвесткі недзяржаўных мэдыяў пра адлёт зь Беларусі некалькіх расейскіх самалётаў, якія зьявіліся тут у сакавіку, калі пачалася анэксія Расеяй Крыму.

«Шэсьць зьнішчальнікаў і тры транспартныя самалёты адляцелі. Яны выканалі сваю задачу. Застаюцца толькі зьвёны. Пазьней мы паведамім, колькі засталося расейскіх самалётаў», — паабяцаў прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў.

Зьяўленьне ў Беларусі 6 расейскіх зьнішчальнікаў-перахопнікаў Су-27 і 3 ваенна-транспартных самалётаў суправаджалася супярэчлівымі заявамі беларускага кіраўніка. 12 сакавіка на Савеце бясьпекі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусь варта запрасіць дадатковыя расейскія самалёты, бо побач зьявіліся дадатковыя самалёты НАТО. Між тым, паводле незалежных назіральнікаў, на той момант расейскія самалёты ўжо былі на вайсковым лётнішчы ў Бабруйску. Празь дзень, 13 сакавіка, Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што расейскія самалёты ўжо ў Беларусі, і заявіў, што іх яму навязалі.

«Учора некаторыя расейскія каналы паставілі Беларусь у адзін шэраг з Крымам і — ай-яй-яй: Лукашэнка спалохаўся, папрасіў дапамогі, абароны ў Расеі. Навошта вы гэта робіце? Вы лепш скажыце, што вы даўно просіце ў нас гэта. І я ўжо тут, ведаеце, рознымі вывертамі прапанаваў, каб Расея прыехала і тут прызямлілася», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Мардовіі Ўладзімерам Волкавым.

Паводле Мінабароны, расейскія самалёты ўдзельнічалі ў плянавай праверцы баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл Беларусі. Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што зьяўленьне гэтых самалётаў было зьвязана найперш з падзеямі ва Ўкраіне:
Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
«Увод гэтых самалётаў у Беларусь быў сымбалічным і фактычна азначаў рэзкую рэакцыю Расеі на падзеі ва Ўкраіне — гэткая фіга на беларускім аэрадроме. То зараз, мяркуючы па тым, што Пуцін знаходзіцца ў Францыі, вядзе там перамовы і спрабуе зьмікшаваць сытуацыю, — мяркую, гэта абазначэньне зьмены курсу. Расея адыходзіць ад наўпроставых дзеяньняў і дэманстрацыяў. Яны адвялі войскі ад мяжы з Украінай, і тут ім самалёты трымаць няма сэнсу. Калі Францыя дэманструе кампраміс, а Вялікабрытанія вагаецца, то ня трэба даваць козыр Абаму, які хоча сытуацыю абвастрыць і ўсё ж увесьці войскі ў Польшчу і ў краіны Балтыі. 3–4 верасьня на саміце ў Вялікабрытаніі будзе вырашацца пытаньне аб разьмяшчэньні кантынгенту НАТО на трывалай аснове ў Польшчы і краінах Прыбалтыкі. Вось да гэтай падзеі, мяркую, Расея хоча зрабіць свой вобраз больш чалавечным».

Ці не выглядае Аляксандар Лукашэнка вайсковай марыянэткай Расеі, калі запрошаныя ім расейскія самалёты адляцелі, як толькі Расея палічыла іхнюю задачу выкананай? Аляксандар Алесін мяркуе, што Лукашэнка мусіў зрабіць пэўны абмен. «За адносную незалежнасьць пазыцыі што да Ўкраіны яму давялося агучыць запрашэньне ў Беларусь расейскіх самалётаў. Але ў выніку ён захаваў твар, у тым ліку і перад Захадам», — заўважае Аляксандар Алесін.

Аляксандар Камароўскі
Аляксандар Камароўскі
Былы вайсковы лётчык, удзельнік баёў у Аўганістане Аляксандар Камароўскі мяркуе, што гісторыя з расейскімі зьнішчальнікамі ў Беларусі прадэманстравала поўную залежнасьць Лукашэнкі ад Пуціна, як вайсковую, гэтак і палітычную. Паводле Аляксандра Камароўскага, Захад паступова знаходзіць захады супроць аўтарытарнага кіраўніка Расеі, які ў выніку пацерпіць паразу, як і ягоныя сатэліты:

«У Расеі з нашымі дамова стратэгічная, таму як адляцелі гэтыя самалёты, гэтак могуць і прыляцець. Трэба будзе, дык і 300 самалётаў могуць тут пасадзіць, аэрадромы ў Беларусі дазваляюць. Але нічога гэта ня дасьць — ня вытрывае Расея сур’ёзнай канфрантацыі з Амэрыкай і Захадам. І Пуціну гэта нявыгадна, ня будзе ён далей лезьці на ражон. Ён дастаткова нарабіў праблемаў для сябе і сваёй краіны ў Крыме, ва Ўкраіне. У мяне ёсьць аднакашнікі ва Ўкраіне, таксама і сярод сэпаратыстаў. Званіў ім, дык яны ў паніцы, кажуць адкрытым тэкстам, што Расея іх кінула. Што абяцалі, маўляў: толькі падыміце шум, а мы потым, як у Крыме, увойдзем і ўсё будзе добра. Але міжнародная салідарнасьць усё ж Пуціна напужала».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG