Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальная справа супроць ксяндза Ўладзіслава Лазара спыненая з-за недаказанасьці. Пра гэта паведаміў сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец са спасылкай на крыніцы, якім ён давярае. Сястра Ўладзіслава Лазара Яніна сказала карэспандэнту, што ведае пра закрыцьцё справы, але ад камэнтароў адмовілася.

Пробашч парафіі Спасланьня Сьвятога Духа ў Барысаве Ўладзіслаў Лазар быў арыштаваны КДБ на пачатку чэрвеня 2013 году і амаль паўгода знаходзіўся ў сьледчым ізалятары КДБ. Уладзіслава Лазара абвінавачвалі ў аказаньні грашовай дапамогі чалавеку, якога падазравалі ў шпіянажы супроць Беларусі. Праз паўгода Ўладзіслава Лазара вызвалілі. Да суду ягоная справа так і не дайшла.

«Хто адкажа за тое, што невінаватага сьвятара брутальна затрымалі, шэсьць месяцаў утрымлівалі ў сьледчым ізалятары без паведамленьняў для родных і блізкіх, зьдзекаваліся зь яго і бэсьцілі ягонае добрае імя? Так званая „крымінальная справа“ развалілася, так і не дайшла да суду — і ніякіх публічных тлумачэньняў і выбачэньняў з боку спэцслужбаў мы не пачулі», — адзначыў у сваім камэнтары на сайце БХД Павал Севярынец.

Атрымаць камэнтар КДБ да справы ксяндза Лазара не ўдалося.

4 сьнежня 2013 года КДБ паведаміў, што мера стрыманьня адносна Ўладзіслава Лазара была зьмененая з заключэньня пад варту на падпіску аб нявыезьдзе.

Пасьля гэтага касьцельныя ўлады накіравалі яго служыць у Вілейку. Камэнтар па справе ад яго атрымаць пакуль не ўдаецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG