Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіне патрэбны новы Канстанцін Астроскі


Юры Копцік (л)

Юры Копцік (л)

У Гомелі ўшанавалі гераічных продкаў беларусаў, палякаў і украінцаў, якія 500 гадоў таму перамаглі ў знакамітай Аршанскай бітве.

На сустрэчу ў Гомельскую «Гасьцёўню» запрасілі аршанскага гісторыка Юрыя Копціка, чалавека, які ведае калі ня ўсё, то амаль усё пра Аршанскую бітву на рацэ Крапіўне ў 1514 годзе.

Той бітве папярэднічаў захоп маскавітамі ліцьвінскага Смаленска, Крычава, Мсьціслаўля, Дуброўна. Гісторык Копцік параўнаў падзеі 500-гадовай даўніны зь цяперашнімі ўкраінскімі.

На той час у ліцьвінаў, амаль як і ва Ўкраіны цяпер, не было войска, каб бараніць свае межы. Паспалітае рушэньне, мабілізацыя па-нашаму, вялося марудна. Шляхта займалася больш сваімі маёнткамі, чым абаронай краіны.

Жыгімонт Стары, абраны вялікі князь літоўскі і кароль польскі, прызначыў найвышэйшым гетманам Канстанціна Астроскага, які паставіў пад рушніцы 30-тысячнае войска зь ліцьвінаў, палякаў, украінцаў. Яны й разграмілі на Крапіўне 80-тысячнае войска маскавітаў. Юры Копцік перакананы, што зыход бітвы з пераважаючай колькасьцю захопнікаў вырашыла ўдалае выкарыстаньне Астроскім асаднай артылерыі.

З гэтых паралеляў у дыскусіі вынікала, што такі ж палкаводзец патрэбны і цяперашняй Украіне.

Пасьля расповяду аршанскага гісторыка перад грамадой выступілі барды — Зьміцер Бартосік, Вольга Цярэшчанка, Андрусь Мельнікаў. Яны сьпявалі песьні на вершы беларускіх паэтаў — Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна, Анатоля Сыса.

500-годзьдзе Аршанскай бітвы ўшаноўваецца як у Беларусі, так і ва Ўкраіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG