Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паедзе Лукашэнка на інаўгурацыю Парашэнкі, дагэтуль невядома


Ці будзе беларуская дэлегацыя сярод 40 замежных місій на інаўгурацыі новага ўкраінскага прэзыдэнта, за дзень да ўрачыстасьці інфармацыі няма.

На пытаньне Радыё Свабода, ці паедзе Аляксандар Лукашэнка на інаўгурацыю новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, кіраўнік прэсавай службы беларускага кіраўніка Андэй Папоў адказаў:

«У мяне пакуль ніякай інфармацыі для вас няма».

Карэспандэнтка: «А гэта ж ужо заўтра, 7 чэрвеня. А калі будзе вядома?»

«Ня ведаю. Ніякіх дакладных зьвестак у мяне на гэты конт няма».

У МЗС Украіны раней Свабодзе паведамілі, што накіравалі беларускаму кіраўніку запрашэньне прысутнічаць на інаўгурацыі новага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.

Інаўгурацыя пройдзе заўтра ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, пазьней урачыстасьці пройдуць на Сафійскай плошчы Кіева.

Чакаецца прыезд на ўрачыстасьці больш 40 міжнародных дэлегацый і 20 лідэраў з розных краін.

Расея накіроўвае на інаўгурацыю свайго амбасадара.

У 2010 годзе Аляксандар Лукашэнка разам з малодшым сынам Мікалаем прысутнічаў на інаўгурацыі былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.
XS
SM
MD
LG