Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы ў Адэсе беларус мае статус сьведкі


Спалены будынак прафсаюзаў у Адэсе

Спалены будынак прафсаюзаў у Адэсе

Грамадзянін Беларусі Шабалін мае ва Ўкраіне працэсуальны статус сьведкі. МЗС Беларусі такім чынам абвяргае факт затрыманьня гэтага грамадзяніна.

Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар беларускага МЗС Дзьмітрый Мірончык:

«Праведзеныя намі праверачныя мерапрыемствы пацьвярджаюць факт прыналежнасьці Шабаліна да беларускага грамадзянства. Адначасова атрыманая беларускім бокам афіцыйная інфармацыя ад МЗС Украіны паведамляе, што гэты грамадзянін, па-першае, не затрымліваўся, па-другое, мае працэсуальны статус сьведкі», — падкрэсьліў Дзьмітры Мірончык.

Ён таксама ўдакладніў, што ані ў беларускае зьнешнепалітычнае ведамства, ані ў амбасаду Беларусі Шабалін з хадайніцтвамі, просьбамі або заявамі не зьвяртаўся.

19 траўня Служба бясьпекі Ўкраіны распаўсюдзіла інфармацыю аб прадухіленьні тэракту ў Адэсе. Па падазрэньні ў падрыхтоўцы тэракту ў Адэсе быў затрыманы грамадзянін Беларусі прозьвішчам Шабалін.

Паводле дадзеных СБУ, Шабалін — «актывіст радыкальнай прарасейскай структуры». Акрамя яго, затрыманыя тры супрацоўнікі прыватнай ахоўнай структуры, якія праводзілі «схаванае візуальнае назіраньне за Куліковым полем». На гэтым месцы 18 траўня падчас збору людзей яны зьбіраліся падарваць аўтамабіль. Была ўзбуджаная крымінальная справа. На допыце Шабалін прызнаўся ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Адэсе 2 траўня, у выніку якіх загінула больш за 40 чалавек.
XS
SM
MD
LG