Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Данецку марадзёрства, рабункі і крымінальная вайна


Дзяніс Казанскі
Дзяніс Казанскі

Што творыцца на Данеччыне, калі няма ваенных дзеяньняў? Ці зьяжджаюць людзі з Данецку? Ці ўсе прадукты можна купіць у краме? Як выпускнікі будуць паступаць у ВНУ?

На пытаньні Радыё Свабода адказаў журналіст сайту «Новости Донецка» Дзяніс Казанскі.

— Дзяніс, ваш сайт паведамляе, што мінулая ноч у рэгіёне прайшла спакойна. Што гэта значыць у сытуацыі фактычнай вайны?

— Агулам нельга, вядома, сказаць, што тут спакойна. Калі мы на сайце пішам зводку, што ноч прайшла спакойна, гэта значыць, што не было ваенных дзеяньняў. Але па факце гэта ніякі не спакой. Як можа быць спакойна, калі няма ні ўлады, ні міліцыі, ні структур, якія б маглі абараніць правапарадак? Кожны вечар і кожную ноч стрэлы, перастрэлкі, рабункі, марадзёрства. Карацей, абсалютна некіраваная сытуацыя. Калі чытаеш сайты Данецкай вобласьці, то бачыш, што ў адным горадзе забілі прадпрымальніка і спалілі яго дом, у другім — разграмілі офіс, у трэцім — знайшлі спаленыя трупы. Атрымліваецца, гэта не вайна з салдатамі, а расправы над людзьмі. Справа ў тым, што тут «пад шумок» старыя канкурэнты пачалі забіваць адзін аднаго, таму што няма міліцыі і кожны, хто нейкім чынам здабыў зброю, можа чыніць забойствы. Такая крымінальная вайна. Гэта сапраўды страшная сытуацыя.

— Як насельніцтва ратуецца? Ці шмат людзе зьехала з Данбасу?

— Статыстыкі ніякай няма. Але бачна, што вельмі шмат зьяжджаюць з Данеччыны. Вось такі прыклад: мой сябар, днямі ехаўшы з Кіева ў Данецк, быў адзіным пасажырам у вагоне, і ў той жа час квіткі з Данецку ў Кіеў і Днепрапятроўск распрададзеныя на шмат дзён наперад і ўвогуле нельга зьехаць у гэтых кірунках. Таксама магу сказаць, што ўсе людзі з майго атачэньня ўжо зьехалі з Данецку. Тут мне няма цяпер з кім сустрэцца і пагаварыць.

— А вы чаму засталіся?

— Я вельмі доўга тут знаходзіўся, бо гэтага вымагае мая журналісцкая дзейнасьць, трэба было рабіць рэпартажы з цэнтру падзеяў. Але насамрэч і я таксама паеду ў сталіцу. Гэта пытаньне некалькіх дзён.

— Чаму ўсё ж вырашылі зьехаць?
Я не хачу чакаць, пакуль такое кола самкнецца і вакол Данецку, пачнуцца перабоі з прадуктамі і зачыняцца ўсе банкі
— Зьяжджаю, таму што ў горадзе небясьпечна. З кожным днём сытуацыя пагаршаецца ў тым пляне, што зьяўляюцца новыя блёкпасты. Я ведаю, што са Славянску ўвогуле нельга выехаць грамадзкім транспартам: ні аўтобусаў, ні цягнікоў. Вялікая праблема выехаць, асабліва калі ў сям’і зь дзецьмі няма свайго аўтамабіля. Уявіце, трэба прадзірацца скрозь блёкпасты, мінаючы тэрарыстаў, а пасьля і салдат украінскай арміі. Бываюць, што тыя ці іншыя не прапускаюць, даводзіцца ці вяртацца, ці шукаць іншыя шляхі. І ўсё гэта зь дзецьмі на руках і з рэчамі. Я не хачу чакаць, пакуль такое кола самкнецца і вакол Данецку, пачнуцца перабоі з прадуктамі і зачыняцца ўсе банкі.

— Дарэчы, наконт прадуктаў. Ці ўсё можна купіць у Данецку?

— Пакуль асабліва праблемаў няма. Бывае, што нешта не завозяць, але можна знайсьці аналяг іншага вытворцы. Але ў Данецку, напрыклад, ужо нельга набыць такія рэчы, як запчасткі, будаўнічыя матэрыялы, мэбля. Няма некаторых лекаў у аптэках. Можна сказаць, што зь некаторымі катэгорыямі тавараў ужо ёсьць праблемы.

— Цяпер пара, калі выпускнікі рыхтуюцца да паступленьня ў ВНУ. Як гэты працэс будзе арганізаваны ў Данбасе? Як дзеці будуць здаваць тэсты для паступленьня?

— Насамрэч, у гэтай сфэры ўвогуле нічога ня ясна. Здаецца, выпускнікі будуць мець магчымасьць здаць тэсты пазьней. Але калі і дзе — невядома. Ніхто гэтым не займаецца. Сапраўды, у такіх умовах немагчыма арганізоўваць паступленьне і здаваць тэсты. Напрыклад, калі былі школьныя выпускныя, то больш за палову выпускнікоў не зьявіліся, бо іхнія сем’і ўжо зьехалі ў іншыя рэгіёны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG