Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бахарэвіч: «Я самы свабодны беларускі літаратар»


Альгерд Бахарэвіч, архіўнае фота

Альгерд Бахарэвіч, архіўнае фота

5 чэрвеня ў Галерэі «Ў» адбудзецца прэзэнтацыя «Календара Бахарэвіча». Напярэдадні прэзэнтацыі аўтар адказаў на некалькі пытаньняў Радыё Свабода.

— Некалі на прэзэнтацыі «Гамбурскага рахунку Бахарэвіча» рэдактар вашай кнігі Сяргей Шупа прывёў сумныя вынікі апытаньня на сайце Радыё Свабода: 25% наведнікаў за год не прачыталі ніводнай кнігі, 35% — прачыталі ад 1 да 5 кніжак. Масавы беларускі чытач, зрабіў выснову спадар Шупа, знаходзіцца ў стане клінічнай сьмерці. І надзея ўся была толькі на вас як лекара — аўтара «Малой мэдычнай энцыкляпэдыі» Альгерда Бахарэвіча. Вы выратавалі нацыю? Ці сталі беларусы больш чытаць?

— Я даволі скептычна стаўлюся да ўсялякіх апытаньняў. Літаратура ёсьць розная. І добрая мастацкая літаратура ніколі ня будзе масавай. Гэта занятак элітарны — пісаць такую літаратуру, чытаць такую літаратуру. І ня трэба прымушаць чытаць. Трэба разумець, што ёсьць масавая літаратура (дарэчы, яе ў Беларусі па-беларуску не хапае). Напэўна, трэба займацца масавай літаратурай, калі нас гэта непакоіць — чаму людзі мала чытаюць. А самыя лепшыя кнігі ніколі папулярнымі ў народзе ня будуць. Што і паказвае раман Ігара Бабкова, які стаў пераможцам прэстыжнай прэміі Гедройця. Я ня думаю, што Ігар калі-небудзь стане народным аўтарам. Дый і не хацелася б, каб ён зрабіўся некім кшталту Шамякіна ў беларускай літаратуры.

— Вы пачыналі як празаік, раманіст, пісалі эпатажныя раманы. Чаму вы з мастацкай літаратуры перакінуліся на эсэістыку, публіцыстыку?

— Я наагул пачынаў з бэлетрыстыкі, з раманаў, і ў страшным сьне ня мог уявіць, што пачну пісаць эсэ. Але так здарылася. Эсэістыка — надзвычай
Аўтар кніг «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў» (2002), «Натуральная афарбоўка» (2003), «Ніякай літасьці Валянціне Г.» (2006), «Праклятыя госьці сталіцы» (2008), «Сарока на шыбеніцы» (2009), «Шабаны» (2012). Складальнік «Малой мэдычнай энцыкляпэдыі», аўтар «Гамбурскага рахунку Бахарэвіча».
вольны жанр, і мне гэта вельмі падабаецца — не прытрымлівацца нейкіх межаў, фармату. Мне падабаецца свабодная плынь думак. Гэта дае мне поўную свабоду. Я магу пісаць усё, што я хачу. Я самы свабодны беларускі літаратар.

І гэты жанр эсэістыкі вельмі запатрабаваны. Калі я пісаў раманы, я не адчуваў такой запатрабаванасьці. І не было такога розгаласу. Эсэістыка імгненна знаходзіць водгук у чытача.

— Цалкам згодная. Літаральна за апошні месяц у Менску было і яшчэ будзе шмат прэзэнтацыяў менавіта публіцыстыкі, эсэістыкі — кніг Паўла Севярынца, Сяргея Дубаўца, Сяргея Абламейкі, Аляксандра Лукашука, сёньня вось прэзэнтуецеся вы. Хто з сучасных літаратараў вам бліжэйшы?

— Не хачу нікога пакрыўдзіць. Вельмі люблю Адама Глобуса — і вельмі шкада, што ён ня трапіў у шорт-ліст прэміі Гедройця. Падабаецца ўсё: ягоныя «Зацемкі», жывапіс, вершы. Да Артура Клінава ў мяне няма прэтэнзіяў. З эсэістаў вельмі падабаюцца Сяргей Дубавец, Ян Максімюк. Хачу адзначыць і маладых паэтаў: Уладзя Лянкевіча, Сяргея Календу. Безумоўна — Андрэя Хадановіча. Так што беларуская літаратура ёсьць, яна жыве.

— Вы разабралі «па костачках» усю беларускую клясыку ў «Гамбурскім рахунку». Не зьбіраецеся разабраць сучасную беларускую літаратуру?

— Такія прапановы да мяне паступалі. Але я адмовіўся. Мне здаецца, што, напэўна, ранавата. «Гамбурскі рахунак» — гэта такая, так бы мовіць, кніга мёртвых, гэта пра людзей, якія ўжо ўсё зрабілі. Я думаю, што рана такія кніжкі пісаць пра сучасную літаратуру, бо чакаем ад аўтараў новых кніжак. Рана ставіць кропку, рана падводзіць вынікі.

— Правакацыйнае пытаньне наконт конкурсаў. Вы былі сябрам журы пры вызначэньні прэміі Гедройця. Многія зьдзіўленыя, што перамог філёзаф Ігар Бабкоў, бо гэта літаратура, так бы мовіць, элітарная, яна не для ўсіх. Вы асабіста за каго галасавалі?

— Што тычыцца прэміі Гедройця, цяпер ужо я магу спакойна сказаць, што галасаваў я адпачатку менавіта за Ігара Бабкова, за ягоны інтэлектуальны раман. За працу журы мне абсалютна ня сорамна, у шорт-лісьце не было выпадковых кніг, выпадковых аўтараў. Усе кніжкі падаліся мне вельмі цікавымі. І, мне здаецца, тройка прызэраў — вельмі паказальная для беларускай літаратуры. Перамог інтэлектуальны раман Ігара Бабкова «Хвілінка: Тры гісторыі». На другім месцы — такі анархічны, парнаграфічны, хуліганскі раман
Што тычыцца прэміі Гедройця, цяпер ужо я магу спакойна сказаць, што галасаваў я адпачатку менавіта за Ігара Бабкова
Артура Клінава «Шклатара», на трэцім месцы — кніга прозы Вінцэся Мудрова «Багун», якая больш традыцыйная. Я думаю, што гэта тры плыні ў сучаснай беларускай літаратуры, якімі яна можа ганарыцца, якія ўзаемадапаўняюць адна адну. Дарэчы, асаблівых спрэчак на фінальным галасаваньні не было. Перагаласаваньні былі на стадыі лонг-ліста. На стадыі шорт-ліста ўсё вызначылася даволі хутка і амаль што аднадушна.

— У свой час вы, калі жылі ў Нямеччыне, заяўлялі, што вернецеся ў Беларусь, калі зьменіцца рэжым. Што, рэжым ужо ня так цісьне?

— Не, рэжым тут ні пры чым. Гэта проста рамантычная гісторыя, каханьне. Каханьне і вярнула мяне на радзіму.

— Адно пытаньне пра «Каляндар Бахарэвіча». Там процьма дат, якія ну ніякага дачыненьня ня маюць да Беларусі. Чым вы кіраваліся, складаючы яго?

— Гэты каляндар — абсалютна суб’ектыўны. І кіраваўся я толькі ўласнымі пачуцьцямі, уласным густам. Для мяне ў гісторыі вельмі важныя дзьве рэчы — боль і абсурд: наколькі шмат у гісторыі было абсурду і як гэты абсурд рабіў свой уплыў на гэтыя гістарычныя падзеі. Мяне цікавіла ня столькі вялікая гісторыя, пасьлядоўнасьць падзеяў, а гісторыя малая, гісторыя нейкіх дробязяў. І яшчэ скразная тэма гэтай кнігі — што кожны чалавек, у тым ліку і мы з вамі, закладнік.
Гэты каляндар — абсалютна суб’ектыўны. І кіраваўся я толькі ўласнымі пачуцьцямі, уласным густам. Для мяне ў гісторыі вельмі важныя дзьве рэчы — боль і абсурд
Закладнік гісторыі. І чалавеку ня вырвацца з гэтых закладнікаў. Вось гэта мяне заўсёды вельмі хвалявала. І калі ты жывеш у Беларусі, ты вастрэй, чым жыхары іншых краінаў, адчуваеш сябе закладнікам гэтай гісторыі.

Ну, і мне зараз 39 гадоў. Я страшэнна ўдзячны лёсу, што пасьпеў пажыць і ў Савецкім Саюзе, пры мне ён зруйнаваўся, я бачыў Беларусь у 1990-я, я пажыў і ў дыктатуры, я быў у эміграцыі. І з усяго гэтага склаўся «Каляндар Бахарэвіча».

— Чаго наступнага чакаць публіцы ад Бахарэвіча? Над чым працуеце?

— Сёлета павінны выйсьці, калі ўсё будзе добра, два перавыданьні маіх старых кніжак. Я пішу раман і спадзяюся, што да канца году яго скончу. У жніўні ў выдавецтве «Галіяфы» выйдзе кніга маёй эсэістыкі, тэкстаў, якія я пісаў для сайту «Будзьмы». Кніжка будзе называцца «Ніякай літасьці Альгерду Б.».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG