Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гомельскага «скалалаза» будуць судзіць


33-гадовы жыхар Берасьця Аляксей, які 3–4 чэрвеня амаль 15 гадзін праседзеў на трыццацімэтровай асьвятляльнай мачце на тэрыторыі чыгуначнага вакзалу ў Гомелі, будзе адказваць перад судом за дробнае хуліганства.

Супрацоўнікі лінейнага аддзелу транспартнай міліцыі склалі на яго адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 17.1 КаАП. Міліцыя лічыць, што, наўмысна забраўшыся на мачту, Аляксей парушыў грамадзкі парадак, дзейнасьць арганізацыяў і спакой грамадзянаў.

Да «скалалаза» больш як паўсутак была прыкавана ўвага ратавальнікаў МНС, мэдыкаў хуткай дапамогі, транспартнай міліцыі, супрацоўнікаў вакзалу, пасажыраў.

Цяпер жыхара Берасьця абсьледуюць у Гомельскім абласным клінічным псыхіятрычным шпіталі. Туды яго адвезьлі, калі на ўгаворы сястры, якую міліцыя выклікала зь Берасьця, ён сам спусьціўся з асьвятляльнай мачты. Паводле папярэдніх зьвестак, нейкіх сур’ёзных адхіленьняў у псыхічным здароўі берасьцейца мэдыкі не знаходзяць. Са шпіталя Аляксея маюць выпісаць бліжэйшымі днямі.

Чаму Аляксей забраўся на вышыню, ён так і не патлумачыў. У Гомелі ён быў транзытам — нібыта зьбіраўся ехаць у Крым да сваякоў.
XS
SM
MD
LG