Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група G-7 папярэдзіла Расею пра ўзмацненьне санкцый


Група сямі гатовая зрабіць больш жорсткімі санкцыі ў дачыненьні да Расеі, калі беспарадкі на ўсходзе Ўкраіны ня будуць узятыя пад кантроль.

Пра гэта лідэры «Вялікай сямёркі» зазначылі ў сумеснай пісьмовай заяве пасьля рабочай вячэры ў Бруселі.

У заяве ўтрымліваецца заклік да Расеі прызнаць вынікі выбараў ва Ўкраіне, завяршыць адвод войскаў ад мяжы з Украінай, спыніць пастаўкі зброі і выкарыстоўваць ўплыў на узброеных сэпаратыстаў для спыненьня гвалту.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль заявіла, што Захад хацеў бы ўбачыць прагрэс у прымірэньні ўсходу Ўкраіны, дзе ўрадавыя войскі змагаюцца супраць сэпаратыстаў.

«У нашых перамовах з будучым прэзыдэнтам Украіны і ў нашых сустрэчах з прэзыдэнтам Пуціным у кулюарах урачыстасьцяў у Нармандыі мы вышлем сумеснае паведамленьне гэтак жа, як Група сямі зрабіла гэта раней. У нас заўсёды была ўзгодненая пазыцыя па Ўкраіне, яна заключаецца ў тым, што для Расеі важна цяпер зрабіць уласны ўнёсак у стабілізацыю і дээскаляцыю сытуацыі», — падкрэсьліла Мэркэль.

Саміт, які адбыўся ўчора ў Бруселі, спачатку плянаваўся ў фармаце «Вялікай васьмёркі» ў расейскім Сочы. Пасьля анэксіі Крыма Расею выключылі з гэтага клюба і перанесьлі месца сустрэчы.
XS
SM
MD
LG