Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму я мушу марнаваць жыцьцё, працуючы ў вясковай школе»


Многія выпускнікі пэдагагічных унівэрсытэтаў атрымалі разьмеркаваньне на працу ў сельскія школы. На вёску былыя студэнты едуць без асаблівай ахвоты. Але каб пазьбегнуць вымушанай адпрацоўкі, мусілі б заплаціць за гады бясплатнага навучаньня ва ўнівэрсытэце некалькі дзясяткаў мільёнаў рублёў. Ёсьць сярод выпускнікоў і тыя, хто выпраўляецца ў вясковыя школы зь цьвёрдым перакананьнем, што іхная праца — шанец для тамтэйшых вучняў.

З такіх выпускнікоў — жыхарка Магілёва Ганна Леўшукова. Сёлета яна скончыла факультэт прыродазнаўства Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Яе разьмеркавалі ў Горацкі раён. У жніўні Ганьне скажуць, у якой школе яна будзе вучыць дзяцей геаграфіі.

Дзяўчына лічыць, што праца на вёсцы дае маладому спэцыялісту шмат магчымасьцяў набрацца прафэсійнага і жыцьцёвага досьведу. Ганна заўважае, што едзе на вёску, каб навучыць тамтэйшых дзяцей вучыцца. Паводле яе, вясковыя школьнікі ня маюць такой магчымасьці, бо ў сельскіх школах нестае настаўнікаў, дзе-нідзе навучаньне на нізкім узроўні. Яна прызнае, што ня ў стане зьмяніць такую сытуацыю, аднак што можа, тое зробіць дзеля гэтага:

«Я паеду на вёску і паспрабую даць тым дзецям адчуць, што такое вучыцца. Калі чалавек адчуе, як гэта добра — здабываць новыя веды, то ён потым гэтага ўжо ня кіне, — тлумачыць сваё перакананьне Ганна Леўшукова. — На вёсцы ж сытуацыя складаецца гэтак, што вясковыя вучні нават не пасьпяваюць гэтага адчуць. Звычайна яны яшчэ дапамагаюць бацькам па гаспадарцы, і ім не да заняткаў. Мне б хацелася, каб узровень адукацыі быў роўны па ўсёй краіне».

Многія выпускнікі, зазначае суразмоўніца, ня хочуць ехаць на вёску, бо баяцца цяжкасьцяў. Перадусім іх непакояць праблемы з жытлом, неўладкаванасьць вясковага жыцьця ды адарванасьць ад звыклага гарадзкога асяродзьдзя.
Я паеду на вёску і паспрабую даць тым дзецям адчуць, што такое вучыцц

«Цяжкасьці, вядома, існуюць, але ўсё жыцьцё ж нельга праседзець пад матчынай спадніцай. Калі баяцца цяжкасьцяў у 22–23 гады, то іх жа меней ня будзе надалей. Цяпер такі ў нас узрост, што цяжкасьці можна пераадолець даволі лёгка, бо не настолькі патрэбны камфорт».

На пытаньне, як ставіліся знаёмцы да жаданьня выпускніцы ехаць без прымусу на вёску, Ганна адказвае:

«Яны згаджаліся з маімі думкамі, аднак казалі: „А чаму менавіта я павінен сваё жыцьцё марнаваць на вёсцы?“ Я ж гляджу на сытуацыю інакш: „Калі ня я, то хто?“»

Яшчэ адзін выпускнік магілёўскага ўнівэрсытэту, Аляксей, чакаў разьмеркаваньня, але патрапіў яго пазьбегнуць. У яго свабодны дыплём. Цяпер сам сабе шукае працу. Запэўнівае: калі б трапіў на вёску, не рабіў бы з гэтага трагедыі, бо адукацыю атрымаў бясплатную. Паводле Аляксея, былыя студэнты не хаваюць, што ня хочуць ехаць працаваць на вёску:

​«Таму што гэта проста абмежаваньне свабоды — куды ехаць, а куды ня ехаць. Потым жа там праблемы з жытлом. Наагул, жыцьцё на вёсцы нашмат цяжэйшае. Можа ня быць камунікацыяў з горадам і гэтак далей», — тлумачыць суразмоўнік.

Сёлета скончыў журфак унівэрсытэту імя Куляшова яшчэ адзін жыхар Магілёва, Аляксандар. Ён застаецца ў горадзе. Паводле ягоных назіраньняў, толькі дзесяць працэнтаў выпускнікоў гатовыя ехаць у сельскую мясцовасьць. Пра гэтую катэгорыю былых студэнтаў Аляксандар кажа: «Гэта збольшага людзі з выразнай сацыяльнай пазыцыяй. Яны разумеюць, што і на вёсцы патрэбныя настаўнікі і што менавіта ад іх залежыць, што будзе ў тамтэйшых дзяцей, якія там жывуць і навучаюцца».

Дыплёмы настаўнікаў штогод атрымліваюць сотні выпускнікоў пэдагагічных унівэрсытэтаў ды вучэльняў. Адпрацаваўшы абавязковыя два гады ў вёсцы, шмат хто зьяжджае ў горад. Ім на зьмену прыяжджаюць былыя студэнты. Адпрацаваўшы разьмеркаваньне, пакідаюць вёску і яны. Праблема настаўніцкіх кадраў у сельскіх школах застаецца ня вырашанай. Чыноўнікі прапануюць тэрмін абавязковай адпрацоўкі пасьля навучаньня павялічыць да пяці год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG