Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Данькоў будзе сядзець у магілёўскай калёніі № 15


Юры Данькоў

Юры Данькоў

Былы ўладальнік аднаго зь першых беларускіх казіно Юры Данькоў чакае накіраваньня ў магілёўскую калёнію № 15. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла жонка асуджанага бізнэсоўца Натальля Данькова.

«Муж сядзіць зараз у ізалятары на Валадарскага, адкуль яго ў любы дзень могуць павезьці ў Магілёў, у калёнію № 15. Канечне, хутчэй бы павезьлі, бо ў калёніі ўсё ж прасьцей, не ў чатырох сьценах сядзіць. Можа, нейкую працу атрымае, нельга ж чалавеку быць зусім нічым не занятым».

Пасьля суду, які скончыўся ў сьнежні мінулага году, Юрыя Данькова трымалі ў жодзінскім сьледчым ізалятары, умовы ў якім ён назваў «вельмі жорсткімі».

Маскоўскі раённы суд Менску прызнаў Юрыя Данькова вінаватым у шэрагу эканамічных злачынстваў і ў арганізацыі прытону ды асудзіў на 8 гадоў зьняволеньня. У траўні Менгарсуд пацьвердзіў гэтае рашэньне. Сваёй віны бізнэцовец не прызнаў і заявіў Свабодзе, што стаў ахвярай перадзелу гульнявога рынку. Паводле Данькова, менская міліцыя дзейнічала супроць яго на замову замежных інвэстараў. Натальля Данькова кажа, што рашэньне Менскага гарадзкога суду будзе абскарджанае ў судзе вышэйшай інстанцыі, як і былое рашэньне Маскоўскага раённага суду.

Што кажуць дасьведчаныя людзі пра магілёўскую калёнію № 15, дзе будзе адбываць пакараньне Юры Данькоў?

Былы палітвязень, праваабаронца Мікіта Ліхавід адзначыў, што гэтая калёнія мае рэпутацыю «непрадказальнай». «Там начальнікам чалавек, на якога раней заводзілі крымінальную справу, але ён неяк з той гісторыі выкруціўся. Зэкі ня любяць гэтую калёнію, калі можна гэтак сказаць. Бо там незразумелыя парадкі, могуць прыдумаць для вязьняў што заўгодна. Паказальны прыклад — гісторыя вязьня Качуры, якога перавялі ў Магілёў-15 з калёніі ў Бабруйску. У Качуры захворваньне ног, яму ў Бабруйску дазволілі выкарыстоўваць адмысловы абутак, але ў Магілёве гэта адмянілі, прымусілі хадзіць у кірзовых ботах, што яму супрацьпаказана. Качура пратэставаў і ў выніку апынуўся ў „крытай“ турме. Гэтак з чалавекам абышліся толькі дзеля таго, каб паказаць, хто тут гаспадар», — кажа Мікіта Ліхавід. Паводле зьвестак праваабаронцаў, у магілёўскай калёніі № 15 сядзелі былыя палітвязьні Дзьмітры Вус, Зьміцер Бандарэнка, Зьміцер Буланаў, Яўген Сакрэт, Аляксандар Малчанаў.

Уладальнік казіно Юры Данькоў вядомы таксама сваім удзелам у палітыцы. Ён былы дэпутат Менскага гарсавету, спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам на прэзыдэнта на выбарах 2001 году, але не сабраў патрэбнай колькасьці галасоў.
XS
SM
MD
LG