Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдзіч і Быкоўскі пра адстаўку Праляскоўскага

абноўлена

Водгукі на адстаўкі міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага.

Мэдыя-экспэрт Паўлюк Быкоўскі называе адстаўку Праляскоўскага нечаканай: «Але, зь іншага боку, ён апошнім часам мала сьвяціўся і больш з ініцыятывамі выступалі яго намесьнікі. Чым запомніўся гэты міністар? Калі ён прыйшоў у журналістыку, запомнілася яго інтэрвію выданьню „7 дней“, дзе ён распавёў пра тое, што раней працаваў у службе бясьпекі прэзыдэнта і займаўся маніторынгам СМІ. То бок шукаў у СМІ нейкую пагрозу для першай асобы. Калі чалавек вось з такой спэцыялізацыяй потым заняўся працэсам кіраваньня ў сфэры мэдыяў, то гэта заўсёды выклікала вялікія асьцярогі. І кожны крок, любая заява пра нейкія перамены — усе гульцы рынку думалі, што гэта можа прывесьці да нейкага пагаршэньня сытуацыі. Хоць гэта не заўсёды так было. Таму, хутчэй за ўсё, мы мелі нейкія перабольшаныя стэрэатыпы пра гэтую асобу».

Паўлюк Быкоўскі мяркуе, што з адстаўкай Праляскоўскага «сама сыстэма, хутчэй за ўсё, ня будзе мяняцца».

Сярэдзіч: Проста знайшлі Праляскоўскаму іншае месца

Галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч: «Я лічу, што гэта звычайная ратацыя кадраў. Я думаю, што спадар Лукашэнка не адмовіцца ад паслуг такога чалавека. Ад сваіх не адмаўляюцца. Проста ён знайшоў Праляскоўскаму іншае месца, а на гэта стане той чалавек, які патрэбен „чырвонаму дому“. І нічога незвычайнага тут я абсалютна ня бачу. Як кажуць ў народзе, „ад перамены месцаў складнікаў вынік не мяняецца“. А што можа зьмяніцца? Ну можа калі там сапраўды нейкі сур’ёзны крымінал высьветліўся... Але гэта ўжо іншая справа. А калі ніякага сур’ёзнага абвінавачаньня няма, то гэта проста ратацыя кадраў».


Алег Праляскоўскі ўказам прэзыдэнта Беларусі вызвалены ад пасады міністра.

Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Пра прычыны адстаўкі не паведамляецца.

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Алега Праляскоўскага міністрам інфармацыі ў сьнежні 2009 года.

Дагэтуль Праляскоўскі быў дырэктарам Інфармацыйна-аналітычнанга цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG