Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашук: Бяз памяці не бывае свабоды


У Менску ў кнігарні «Галіяфы» па вуліцы Валгаградзкай, 6 адбылася прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Лукашука «Вяртаньне нацыяналіста».

У кнігу ў перапрацаваным і дапоўненым выглядзе ўвайшлі пяць ранейшых кніжак Лукашука — «Зьдзек», «За кіпучай чэкісцкай работай», «Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста», «Прыгоды АРА ў Беларусі», «Сьлед матылька. Освальд у Менску».

Заля кнігарні выдавецтва «Галіяфы» запоўнілася поўнасьцю, сярод прысутнай публікі былі літаратары Ўладзімер Арлоў і Генрых Далідовіч, дасьледнік рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў, галоўны бібліятэкар Нацыянальнай Бібліятэкі Алена Сівакова. Было і шмат чытачоў, прыхільнікаў творчасьці аўтара — пераважна моладзь.
Галоўная выказаная Аляксандрам Лукашуком тэза пра тое, што гісторыю нельга зьмяніць, але можна ўдакладніць, гучала ў інтэрпрэтацыі розных выступоўцаў.

У прыватнасьці палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка распавёў пра тое, як ягонае пакаленьне імкнулася здабыць гэтую праўду пра сваё мінулае, пра сваю гісторыю.
Літаратар Генрых Далідовіч расказаў, як у канцы 1980-х на закрытым паседжаньні Бюро ЦК КПСС было прынятае рашэньне выдаваць пры часопісе «Маладосьць», дзе ён тады быў намесьнікам галоўнага рэдактара, бібліятэчную сэрыю, дзе і выйшла першая кніга Аляксандра Лукашука «Зьдзек», якой адкрываецца выданьне кнігі «Вяртаньне нацыяналіста».
Палітык і мовазнаўца Пятро Садоўскі, ацэньваючы ўклад Лукашука ў вяртаньне праўды пра савецкае (і ня толькі савецкае) мінулае ў новай кнізе, заклікаў прысутных задумацца — што рабіць з гэтай праўдай, каб не раскалоць грамадзтва яшчэ далей.

Кінасцэнарыст Уладзімер Халіп распавёў пра лёс кінаархіваў, якія ўяўляюць сабою неацэнны скарб для сёньняшняга кінэматографа, але Беларусь пазбаўленая сваіх кінаархіваў.

Сам Аляксандар Лукашук увесь час актыўна ўдзельнічаў у абмеркаваньні закранутых ім тэмаў і часта зьвяртаўся да ўдзельнікаў прэзэнтацыі і сьведкаў многіх падзеяў, пра якія ён піша. Пытаньні, да якіх ён зьвяртаўся ў дыялёгу з удзельнікамі прэзэнтацыі, былі скіраваныя на тое, каб людзі зразумелі: бяз памяці не бывае свабоды.

XS
SM
MD
LG