Лінкі ўнівэрсальнага доступу

77-гадовы ўкраінскі пісьменьнік і паэт Іван Драч, Герой Украіны, чвэрць стагодзьдзя таму разам зь Вячаславам Чарнаволам і Міхайлам Гарынем стварыў Народны Рух Украіны. Сёньня Іван Драч кажа, што яны заўсёды лічылі расейцаў брацкім народам, а тое, што Расея вырабляе цяпер на ўсходзе Ўкраіны — сапраўдная абраза.

«А вам, беларусам, засталося адзінае галоўнае — скінуць гэты рэжым», — жадае брацкаму беларускаму народу Герой Украіны Іван Драч у інтэрвію Радыё Свабода.

— Адбылася першая найважнейшая падзея ў гісторыі Ўкраіны пасьля Майдана — абраньне легітымнага прэзыдэнта. Наколькі фігура Пятра Парашэнкі кампрамісная для ўкраінскага грамадзтва?

— Калі б не было гэтай сытуацыі з анэксіяй Крыму і вайной на ўсходзе Ўкраіны, якая цяпер адбываецца, то думаю, што выбары былі б трошкі іншыя. А так усе спадзяюцца на яго. Бачаць у ім чалавека, які прымаў удзел у Майдане, які быў больш-менш талерантны і спакойны. Чалавека, які можа цяпер забясьпечыць парадак і стабільнасьць у дзяржаве. Гэта самае галоўнае цяпер. Таму яго і абралі.

— За ўсе гэтыя гады вы калі-небудзь уяўлялі, што ва Ўкраіне можа быць такая вайна?

— Гэта нават не магло ў кашмарным сьне прысьніцца. Але мы таксама ў гэтым вінаватыя, бо неяк недаацэньвалі складанасьць сытуацыі, якую рыхтавала нам Расея. Самае страшнае, што асноўная маса насельніцтва ў Расеі падтрымлівае Пуціна. Не было б Пуціна, быў бы Распуцін, які змог бы мабілізаваць расейскія мэдыі, войска, каб дэстабілізаваць сытуацыю ва Ўкраіне.

А ў самога Пуціна ёсьць плян пабудаваць тут Наваросію вакол Украіны ці прынамсі «бананавыя рэспублікі» кшталту Данецкай ці Луганскай. Усё толькі для таго, каб Украіну ўвесь час трывожыць і дэстабілізаваць.

— Кажучы пра апошнія чвэрць стагодзьдзя, калі ўжо Ўкраіна ўпэўнена рушыла да незалежнасьці, — ці бачыла ўкраінская інтэлігенцыя Расею як пагрозу?

— Ніколі мы так не ўспрымалі. Напачатку, калі я кіраваў Народным рухам Украіны, мы пісалі лісты да расейскай інтэлігенцыі. Нам дасылалі адказы, у тым ліку Булат Акуджава, і казалі: ніколі ня можам сабе ўявіць, што будуць нейкія антаганістычныя супярэчнасьці паміж украінскім і расейскім народам. Мы ўспрымалі расейцаў як брацкі народ. Тое, што адбываецца, для нас вялікая абраза і шок.
Мы ўспрымалі расейцаў як брацкі народ. Тое, што адбываецца, для нас вялікая абраза і шок

— Ці сапраўды ёсьць нейкі каштоўнасны канфлікт паміж Усходам і Захадам Украіны?

— Заходняя Ўкраіна належала да Аўстрыйскай імпэрыі, пасьля да Польшчы. Яны заўжды была больш-менш празаходняя. Усходняя частка Ўкраіны найбольш належала да Расеі, не зважаючы на тое, што там недзе палова на палову ўкраінцаў і іншых. Але там пануе расейская мова, уладарыць расейская культура.

Гэта нашмат больш сур’ёзна, чым сабе думае наша ўлада. Таму АТА не заўжды ідзе ўдала, бо вялікая частка насельніцтва не падтрымлівае ўкраінскае войска.

Януковіч прыйшоў з Данбасу, прывёў сюды сваю каманду, узурпаваў уладу і стаў страшным дыктатарам і рабаваў Украіну, як толькі мог. Але да яго Данбас ставіўся больш-менш пазытыўна, як да свайго. Казалі: «Хоць ён і нас рабуе, але ён свой, і нас будзе рабаваць менш». Данбас спрабуе прадставіць сябе рэгіёнам, які корміць усю Ўкраіну, але гэта няпраўда. Насамрэч Украіна карміла яго і корміць. Без цэнтральнай Украіны Данбас ня мог бы выжыць.

Таму ў гэтай канфліктнай сытуацыі сышлося вельмі шмат фактараў — і гістарычныя, і этнічныя, і палітычныя.

— З Расеі часта можна пачуць, што ва Ўкраіне прыціскаецца расейская мова, культура, а таксама тыя, хто лічыць сябе расейцамі. Што вы можаце адказаць на гэтыя закіды?

— Гэта няпраўда. Я ня раз бываў у Данецку. Там усяго колькі школ было ўкраінскіх і адзін украінскі ліцэй. Усе іншыя школы былі расейскія. І ўнівэрсытэты, і іншыя ВНУ. Усё гэта фальшыўка расейскай прапаганды.
Ёсьць надзея, што кроў Майдана будзе і надалей пульсаваць у жылах украінскага народу


— Ці вы бачыце магчымасьць замірыць гэтую сытуацыю?

— Мы спадзяемся на тое, што пасьля інаўгурацыі Парашэнка, калі ён стане прэзыдэнтам, то будзе больш сур’ёзна і глыбока займацца гэтымі праблемамі. Ён ужо заявіў, што адна зь першых паездак будзе ў Данбас. У нас ёсьць спадзеў на будучыню.

— Якое месца заняў Майдан у найноўшай гісторыі Ўкраіны?

— Майдан адрадзіў ва ўкраінцаў спадзеў на будучыню. Ён паказаў, што ўкраінцы ў такі трагічны, цяжкі час могуць быць героямі. І ёсьць для нас надзея, што кроў Майдана будзе і надалей пульсаваць у жылах украінскага народу.

— Тут, у Беларусі, часта задаюцца пытаньнем: чаму ва Ўкраіне ўсё ж удалося і ўдаецца дамагчыся пераменаў, хай сабе і трагічным чынам, а ў Беларусі гэтага пакуль так і ня здарылася?

— Украіна, магчыма, была больш падрыхтаваная для гэтых зьменаў. На нас моцна ціснулі ў апошнія гады савецкай улады, у часы Шчарбіцкага (Уладзімер Шчарбіцкі, першы сакратар ЦК Кампартыі Ўкраіны. — Рэд.). Ён 20 гадоў тут кіраваў (з 1972 па 1989. — Рэд.). У нас тут было сваё Палітбюро. І калі мы стваралі Рух, гэта было вельмі няпроста.

Мы спадзяваліся, што сытуацыя перамен будзе і ў Беларусі. Але, на жаль, ня здарылася беларусам мабілізавацца і не давесьці да кіраваньня Лукашэнкі.

У гэтым ёсьць свае пазытывы і нэгатывы. Вы бачыце, у якой супэрдраматычнай сытуацыі апынулася Ўкраіна. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка зьнішчаў дэмакратыю скрозь і паўсюль, вы змаглі захаваць свае межы. І вам засталося адзінае галоўнае — скінуць гэты рэжым, і тады ў вас будзе ўсё ў парадку.

Я на ўсё гэта спадзяюся. Я вельмі перажываў, што сышлі два мае сябры — Рыгор Барадулін і пасьля Генадзь Бураўкін. Я іх надзвычай любіў і вельмі цешыўся, калі яны былі тут у нас, і сам я часта падаваў ім весткі ў Беларусь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG