Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вёска Лаша: У былым музэі Карскага — жылыя кватэры


Так выглядае цяпер былая школа ў вёсцы Лаша, дзе месьціўся музэй Яўхіма Карскага

Так выглядае цяпер былая школа ў вёсцы Лаша, дзе месьціўся музэй Яўхіма Карскага

Адзіны ў Беларусі музэй імя Яўхіма Карскага — заснавальніка беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, аўтара сямітамовай працы «Беларусы», якая лічыцца ў навуковых колах адным з найвышэйшых дасягненьняў эўрапейскай славістыкі канца ХІХ — пачатку ХХ ст., фактычна энцыкляпэдыяй беларусазнаўства — праіснаваў на яго радзіме ў вёсцы Лаша Гарадзенскага раёну з 1964 па 1992 год. Цяпер пра існаваньне музэя і пра самога акадэміка Карскага ў Лашы ведаюць ня ўсе.

Музэй Яўхіма Карскага быў у цэнтры вёскі Лаша, у васьмігадовай школе. Сюды часта прыяжджалі экскурсіі — студэнты, школьнікі, навукоўцы. Пра Яўхіма Карскага, яго жыцьцёвы лёс і навуковыя дасягненьні тут распавядалі вучні, прычым вельмі цікава і падрабязна.

Будынак школы можна пазнаць і цяпер, на ім нават вісіць шыльда, што раней тут была школа, у якой месьціўся музэй акадэміка Карскага. Запыняю на вуліцы першую стрэчную дзяўчыну і цікаўлюся — як даўно зачынілі школу і які лёс музэя? Шыльда на будынку былой школы ў вёсцы Лаша засталася дагэтуль

Шыльда на будынку былой школы ў вёсцы Лаша засталася дагэтуль


Дзяўчына: «Ой, я вам не скажу, бо ня ведаю...»

Карэспандэнт: «А пра акадэміка Карскага вы чулі калі-небудзь, ведаеце, хто гэта такі?»

Дзяўчына: «Не, ня ведаю, я ж тут не вучылася...»

Відаць, што ў былой школе цяпер жылыя кватэры. Побач — дзіцячыя цацкі, хатнія рэчы. У першай кватэры мне неахвотна тлумачаць, што нібыта быў тут нейкі музэй, часам заяжджаюць людзі і цікавяцца ягоным лёсам.

А вось спадарыня Ганна з другой кватэры ўзгадвае, што ейны муж вучыўся тут у школе, а вось музэй перанесьлі ў Луцкаўляны — у музэй сельгаспрадпрыемства імя Дзеньшчыкова. Спадарыня Ганна кажа, што жыве тут трэці год. У доме 4 кватэры.

Цікаўлюся — ці добрыя кватэры ў былой школе?

Спадарыня: «Усе выгоды ў кватэры: цалкам санвузел, катлы на газ і печкі яшчэ стаяць, дый кватэры вялікія — пад 80 кв.м. Вось у нас 80 кв.м, а ў суседкі — пад 90. Мы вельмі задаволеныя».

Карэспандэнт: «А ці чулі вы што пра асобу Яўхіма Карскага?»

Спадарыня: «Папраўдзе, нічога ня ведаю...»

Карэспандэнт: «Можна сказаць, жывяце ў ягонай хаце, а пра яго нічога ня ведаеце?»

Спадарыня: «Атрымліваецца, так. От, можа, каб жыла тут усё жыцьцё, то б ведала...»

Карэспандэнт: «А муж таксама нічога не распавядаў?»

Спадарыня: «Муж працуе з 7 раніцы да 9 увечары, яму няма калі мне нешта распавядаць. Цэлы дзень на працы».

У доме насупраць сталага веку спадарыня Вольга распавядае, што ў былой школе вучыліся ейныя дзеці. Памятае, як прыяжджалі экскурсіі ў музэй. Узгадвае, што некалькі гадоў таму было ў вёсцы шмат гасьцей і нібыта нехта прыяжджаў з-за мяжы з родных Яўхіма Карскага. З жалем дадае, што не пакінулі музэйны пакойчык у гэтым доме. Спадарыня Вольга — жыхарка Лашы

Спадарыня Вольга — жыхарка Лашы


Спадарыня: «Тут як дзеці вучыліся, шмат людзей прыяжджала, часта прыяжджалі ўсе. А цяпер ужо ўсё закідаюць і ніхто ня хоча ні ехаць, ні ісьці — нічога...»

Спадары старэйшага веку паказваюць мне, дзе дакладна стаяла хата Карскага, і распавядаюць, кім ён быў.

Спадар: «Ён жа быў нейкі вучоны, пісьменьнік. Во там на горцы ягоная хата стаяла». Жыхары вёскі Лаша таксама добра памятаюць школьны музэй Карскага

Жыхары вёскі Лаша таксама добра памятаюць школьны музэй Карскага


Ад Лашы да Луцкаўлянаў усяго некалькі кілямэтраў. Па музэі сельгаспрадпрыемства імя Дзеньшчыкова мяне праводзіць загадчыца Алена Козырава. Музэй насычаны экспанатамі ня толькі савецкага пэрыяду, а самых розных часоў, пачынаючы зь першых стаянак чалавека ў гэтай мясцовасьці. Такое ня часта пабачыш у вясковым музэі.

Спадарыня Алена распавядае, што найбольш вартыя экспанаты музэя з Лашы ў 1992 годзе забралі ў Горадню. Але куток, прысьвечаны асобе Карскага, тут застаўся. У музэі сельгаспрадпрыемства імя Дзеньшчыкова ў вёсцы Луцкаўляны. Сюды перавезьлі некаторыя экспанаты з Лашы

У музэі сельгаспрадпрыемства імя Дзеньшчыкова ў вёсцы Луцкаўляны. Сюды перавезьлі некаторыя экспанаты з Лашы


Козырава: «У нас цэлы куточак Карскага. Вось яго асабістыя рэчы: стол, настольная лямпа, чарніліца, ручка, якою ён пісаў — самая звычайная, з простым пяром. А вось кніга водгукаў таго музэя, які быў у Лашы. І, вядома, кніга „Беларусы“. Ён ганарыўся сваёй радзімай, сваёй нацыянальнасьцю і сваімі землякамі... »

Гартаю кнігу водгукаў. Тут запісы з 60–70-х гадоў мінулага стагодзьдзя, пераважная большасьць па-беларуску, з падзякамі настаўнікам і вучням за памяць пра Карскага.

Музэй Яўхіма Карскага на ягонай радзіме ў вёсцы Лаша стварыў ня менш вядомы беларус — Апанас Цыхун, заслужаны настаўнік Беларусі, выдатны краязнаўца, паэт, пісьменьнік, сапраўдны беларускі інтэлігент. Пра гэта нагадвае невялічкі сухі запіс на адным з экспанатаў, якія засталіся ў Луцкаўлянах.
XS
SM
MD
LG