Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вайскоўцы вядуць наступ на пазыцыі сэпаратыстаў у Данецкай вобласьці


Украінскае агенцтва ЛігаБізнесІнформ паведамляе са спасылкай на крыніцу ў сілавых структурах, што падчас антытэрарыстычнай апэрацыі ў Данбасе сёньня забітыя больш за 50 узброеных сэпаратыстаў.

Афіцыйны прадстаўнік вайскоўцаў Уладзіслаў Селязьнёў паведаміў, што загінулі двое сілавікоў і 42 параненыя ў баях пад Славянскам. Ён заявіў, што апалчэнцы страцілі забітымі і параненымі каля 300 чалавек.

Удзельнікі антытэрарыстычнай апэрацыі ўвайшлі ў Красны Ліман і пачалі праверку дакумэнтаў. Ачагі супраціву тэрарыстаў задушаныя. Мясцовыя баевікі хутка склалі зброю і разьбегліся, а прыежджыя аказалі супраціў. Цяпер у гарадзкую бальніцу пачалі паступаць параненыя сэпаратысты. У выніку сутыкненьняў ёсьць забітыя, паведамляюць «Новости Донбасса».

Асноўныя баі ідуць вакол Славянску. Прымяняецца авіяцыя і цяжкая тэхніка.

Раней упраўленьне МУС Луганскай вобласьці паведаміла, што ахвярамі выбуху ў будынку абласной адміністрацыі 2 чэрвеня сталі 8 чалавек, яшчэ 11 параненыя.

У сувязі з абвастрэньнем сытуацыі Данецк пакінулі каля 15 тысяч жыхароў, паведамляе абласная адміністрацыя. Па дадзеных выканкаму гарсавету Славянску, з гораду зьехалі 40% жыхароў.

Усяго падчас ваенных дзеяньняў у Луганскай і Данецкай абласьцях загінуў 181 чалавек, у тым ліку 59 вайскоўцаў. Такія дадзеныя прывёў у аўторак выканальнік абавязкаў генпракурора Ўкраіны Алег Махніцкі.
XS
SM
MD
LG