Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца: Навучэнцы спэцвучэльні ў Крывічах маглі ўцячы ў Расею ці на Данбас


Міліцыя пачала пошукі 8 навучэнцаў са спэцыяльнай вучэльні закрытага тыпу ў Крывічах Мядзельскага раёну, якія ўцяклі тры дні таму.

Паводле прадстаўніка Менскай абласной управы міліцыі Аляксандра Данільчанкі, уцекачоў шукаюць, але ніякіх зьвестак пра іх пакуль няма. Аляксандар Данільчанка паведаміў прыкметы ўцекачоў, якія шмат у чым падобныя да прыкметаў сапраўдных злачынцаў:

«Усе падлеткі на выгляд узросту 17–18 гадоў, сярэдняга целаскладу. Валасы прамыя, сярэдняй даўжыні або кароткія. У большасьці татуіроўкі на розных частках цела, у асноўным на плячах, руках і запясьцях. У большасьці шрамы на галаве, плячах, перадплеччах і кісьцях. Падлеткі з розных рэгіёнаў, зь Віцебскай, Гомельскай абласьцей, зь Менску. Могуць перасоўвацца ўсе разам, але і дробнымі групамі, і паасобку. Могуць прасіць міласьціны і выглядаць неахайна».

Што прывяло да ўцёкаў адразу 8 навучэнцаў Крывіцкай спэцыяльнай прафэсійна-тэхнічнай вучэльні № 3? Дырэктар вучэльні размаўляць з карэспандэнтам Свабоды на гэтую тэму адмовіўся. Адна з супрацоўніц вучэльні прызналася, што такіх масавых уцёкаў адсюль яшчэ не было, але яна асабіста не чакае ад уцекачоў нечага надзвычайнага:

«Нармальныя хлопцы, нармальныя. Дзеці ёсьць дзеці. А чаму ў татуіроўках ды шрамах? Ды гэта ўсё дурыкі дзіцячыя. Але не, у нас ня ўсе такія».

У Міністэрстве адукацыі, якому падпарадкоўваюцца падобныя вучэльні закрытага тыпу, пачалі ведамасную праверку прычын, якія падштурхнулі навучэнцаў да ўцёкаў. Пра гэта паведаміла прэсавы сакратар Мінадукацыі Юлія Ваніна. Вэрсіі здарэньня спадарыня Ваніна паведамляць адмовілася:

«Адмысловая камісія працуе. Гэта працоўная сытуацыя. Як толькі яе вывучаць, распавяду адразу ўсёй прэсе, а пакуль нічога сказаць не магу».

Куды маглі пабегчы навучэнцы з пасёлку Крывічы і ці ўяўляюць яны небясьпеку? Мастак Алесь Цыркуноў, які цяпер жыве на лецішчы ў Мядзельскім раёне, сам былы дзетдомавец. На пачатку нашай размовы пра ўцёкі 8 навучэнцаў Алесь Цыркуноў даволі весела гаварыў пра рамантыку ўцёкаў і захапляльныя вандроўкі, якія і сам зьведаў у дзяцінстве. Калі ж спадар Цыркуноў даведаўся, што ўцекачам па 17–18 гадоў, ягоны тон зьмяніўся:
Дабра не чакай ад такіх гасьцей… Ня выключана, што дзе каму і па галаве дадуць

«Тады дабра не чакай ад такіх гасьцей. Будуць па закінутых вёсках хадзіць, як у Чарнобыльскай зоне. Дзе б пажывіцца. Ня выключана, што дзе каму і па галаве дадуць. Кішэні пачысьціць таксама ня будзе лішнім. Есьці ж трэба, а задарма ў краме не дадуць. Таму трэба трымаць цяпер усё на замку. Хаця ад нас Крывічы далёка, яны бліжэй да Менску. Дарэчы, там ёсьць чыгуначная станцыя, таму ня выключана, што хлопцы селі на цягнік і ўжо недзе далёка».

Праваабаронца Алёна Красоўская-Касьпяровіч таксама не выключае, што ўцекачы маглі ўжо і зьехаць зь Беларусі:

«Тое, што іх тры дні шукаюць і не знайшлі, азначае, што яны добра прадумалі, куды і як бегчы. Хутчэй за ўсё, яны пакуль трымаюцца групай. Збольшага можна меркаваць, што калі гэтая група сутыкнецца зь нейкімі цяжкасьцямі, яны пойдуць і на злачынствы. Спадзяюся, што не на самыя жорсткія, але занепакоенасьць у мяне гэтыя ўцёкі пэўна выклікаюць. Тут жа яшчэ адзін момант — а калі яны зьехалі зь Беларусі? У Расеі ім значна лягчэй будзе схавацца, а яны ж адтуль могуць апынуцца і ва Ўкраіне, на тым жа Данбасе. Гэта ж ужо ня дзеці, яны будуць да некага прыхінацца, а паколькі яны схільныя да крыміналу, то зразумела, да каго прыхінацца. Іншых варыянтаў ня бачу, таму вельмі гэта насьцярожвае».

Пакуль, паводле зьвестак зь міліцыі, ва ўсе міліцэйскія ўстановы Беларусі на ўцекачоў адправілі гэтак званыя «арыенціроўкі». Таксама асаблівая ўвага, паводле міліцыі, пры пошуках аддаецца месцам былога жыхарства «цяжкіх» падлеткаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG