Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку накіравана запрашэньне на інаўгурацыю Парашэнкі

абноўлена

Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку накіравана запрашэньне на інаўгурацыю прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, якая пройдзе ў Кіеве 7 чэрвеня.

Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе МЗС Украіны.

«Запрашэньне накіравана кіраўніку краіны, але хто будзе прадстаўляць Беларусь — пакуль мы такой інфармацыі ня маем», — сказалі карэспандэнту Свабоды ва ўкраінскім МЗС.

Удзел у цырымоніі інаўгурацыі новаабранага прэзыдэнта ўжо пацьвердзілі каля 20 кіраўнікоў краін і ўрадаў.

Свой удзел пацьвердзілі прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі, Літвы — Даля Грыбаўскайце, віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, кіраўнік МЗС Швайцарыі Дыд’е Буркгальтэр, прэзыдэнт Эўрапейскай рады Гэрман ван Ромпэй, генсакратар АБСЭ Лямбэрта Заньер.

Кіраўніка Расеі Ўладзімера Пуціна на інаўгурацыю прэзыдэнта Пятра Парашэнкі Ўкраіна не запрасіла. Расею запрасілі на ўзроўні прадстаўніка амбасады ў Кіеве, паведамілі ў МЗС Украіны.

Дагэтуль у беларускіх афіцыйных колах не даюць інфармацыі, хто паедзе на інаўгурацыю новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.

Начальнік упраўленьня інфармацыі, прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Дзьмітры Мірончык на пытаньне, хто паедзе на інаўгурацыю, адказаў, што гэта пытаньне да прэзыдэнцкай прэс-службы:

«Гэта пытаньне ўзроўню прэзыдэнцкай прэс-службы. Калі пытаньне закранае прэзыдэнта іншай дзяржавы, тым больш, ягонай інаўгурацыі: запрашэньні, удзел — варта пачаць адтуль. Калі зьверху скажуць, што гэта пытаньне спушчана да ўзроўню ўраду ці Міністэрства замежных спраў, тады ўжо будзем адказваць мы. Зараз у мяне па гэтым пытаньні ніякай інфармацыі няма».

У прэсавай службе новага кіраўніка Андрэя Папова на месцы не было, а шараговыя супрацоўнікі ня ў курсе:

«Гэта ня наша кампетэнцыя. Нас могуць паставіць перад фактам. Таму без камэнтароў».

Яшчэ да інаўгурацыі, 4 чэрвеня ў Варшаве адбудзецца сустрэча кіраўнікоў краінаў Балтыі і Цэнтральнай Эўропы з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG