Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Радыё Свабода» з джазавымі ноткамі. Пётра Клюеў прэзэнтуе сваю вэрсію песьні


Пётр Клюеў

Пётр Клюеў

З нагоды юбілею Радыё Свабода пры падтрымцы парталу Tuzin.fm, «Арт Сядзібы» і суполкі Мая Краіна Беларусь прапанавалі музыкам інтэрпрэтаваць адзін са знакавых сьпеваў беларускага року — «Радыё Свабода» гурту Ulis.

Упершыню гэты твор на словы Фэлікса Аксёнцава і музыку Славы Кораня быў выдадзены на альбоме «Краіна доўгай белай хмары», вядомы таксама і ў выкананьні гурту N.R.M. Мы прэзэнтуем зробленыя беларускімі музыкамі кавэры.

Сёньня сваю вэрсію прэзэнтуе сьпявак Пётра Клюеў:

Пётра Клюеў — беларускі музыка, аўтар выканаўца ўласных твораў. Вядомы таксама як Пётар Гарадзенскi. Ужо больш за тры гады Пётра гастралюе па Эўропе, піша новыя творы на ангельскай, беларускай, польскай, італьянскай мовах. За апошнія тры гады артыст выступаў у Аўстрыі, Італіі, Польшчы, Швэцыі, Літве, Латвіі, Украіне, Эстоніі, Расеі, і Германіі. Цяпер Пётра вядзе актыўную творчую дзейнасьць у Беларусі.

— Чаму вам захацелася зрабіць кавэр гэтай песьні УЛІСу?

— Перш за ўсё, тое, што робіць сёньня Радыё Свабода ў інфармацыйнай прасторы, вельмі актуальна і патрэбна, асабліва ва Ўсходняй Эўропе. Фактычна адраджаецца місія Радыё Свабода. Сёньня вельмі цяжка атрымаць незалежную інфармацыю, калі ня маеш доступу да інтэрнэту, бо бальшыня насельніцтва карыстаецца тэлебачаньнем. Але нават тыя, хто карыстаецца інтэрнэтам, проста ня ведаюць пра Радыё Свабода. Я праз сваю песьню хачу данесьці паведамленьне да людзей, каб яны атрымалі трошкі свабоды і праўдзівай інфармацыі.

— А вы самі слухаеце нас у эфіры ці заглядаеце на наш сайт?

— Я чытаю ў інтэрнэце. Кожныя 20-30 хвілінаў гляджу вашую старонку, карыстаюся гаджэтамі і аксэсуарамі, і інтэрнэт служыць мне камунікацыяй са сьветам, тэлебачаньне амаль не гляджу, толькі Бі-Бі-Сі.

— Вы малады чалавек, калі зьявілася гэтая песьня, вы, мабыць, яшчэ не нарадзіліся. Што вы думаеце пра музыку гурту УЛІС? Вам падабаюцца іх песьні?

— Я прыхільнік джаз-фанк і джаз-рокавай культуры. Я слухаў музыку розную, ніколі ня быў фанатаам гэтага гурта, але паважаю іх творчасьць. Яны актуальныя і патрэбныя, і для свайго часу і цяпер. Я ўдзячны, што яны ёсьць.

— Я паслухаў вашую песьню, улавіў джазавыя ноткі, а вы самі рабілі акампанэмэнт да песьні?

— Ёсьць у нас дзьве вэрсіі, ёсьць акустычны варыянт, які я выканаў пад электрапіяна, гэта глыбокія пачуцьці, якія я пераказаў. А таксама будзе вэрсія з гуртом. Мы натхніліся Weather Report, гэта авангардны джаз-гурт. З гэтым гукам разам з CityJazz-квартэтам мы зрабілі аранжыроўку, і я мяркую, гэта будзе цікава.
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG