Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да дзесятай ранку крама не працавала — ваду вычэрпвалі»


Моцная залева падтапіла шэраг вуліц у розных частках Менску: у Малінаўцы, Сухараве, на Машэрава, Пушкінскай, Нямізе. Сёлета менскі патоп здарыўся ўжо двойчы: самы нядаўні — у першы дзень лета.

Пра чарговую залеву на вуліцы Няміга, якая была напярэдадні ўвечары, цяпер амаль нічога не нагадвае. Але мясцовыя жыхары і відавочцы яшчэ абмяркоўваюць патоп:
Спадарыня: «Тут тралейбусы стаялі да самых прыступак у вадзе. Калі вунь там, пад мостам, крыху сушэй было, то вось гэтае месца, каля царквы і да вуліцы Камсамольскай, цалкам пад вадой было».

Карэспандэнтка: «Транспарт стаяў, а людзі што?»

Спадарыня: «Ну, каго тут засьпела, то на прыпынку стаялі, чакалі, пакуль вада крыху зьбяжыць».

Карэспандэнтка: «Як вам падаецца, ці можна нешта зрабіць, каб такога не бывала?»

Спадарыня: «Хто яго ведае. Пэўна, вялікія сродкі неабходныя, каб неяк падняць гэтае месца. Тым больш што ў горадзе такіх месцаў шмат».

Юначка: «Учора я выйшла, каб у краму схадзіць — ліло жудасна. Крамы ўсе зачыненыя былі, і я бачыла, як трактары ішлі і разганялі ваду, бо люкі не ўпраўляліся. І калі гэтак трактар праяжджаў, то аптэку накрывала з галавой. Вядома, аптэку затапіла і яна цяпер не працуе з тэхнічных прычынаў, бо там усё намокла і сапсавалася — кажуць, што празь месяц адчыніцца».

Карэспандэнтка: «А вы самі як ратаваліся?»

Юначка: «Я прамокла наскрозь — літаральна да калена па вадзе хадзіла, але неяк дабралася да дому».

Карэспандэнтка: «Ці ўпершыню такое бачыце?»

Юначка: «Я ўпершыню, а вось мая мама бачыла патоп, калі тут на лодках плавалі».

Карэспандэнтка: «Як вы лічыце, ці можна нешта зрабіць, каб такога не здаралася?»

Юначка: «Я ведаю, што недзе вынайшлі такую тэхніку, якая хутка адпампоўвае ваду, але ў нас такой яшчэ няма».

Вуліца Няміга — адзін з раёнаў Менску, якія раз за разам церпяць ад летніх дажджоў. Перадусім страхі і страты перажываюць уладальнікі невялічкіх прыватных крамаў на першых паверхах. Прадавачкі кветкавай крамы распавядаюць, як яно бывае:

Прадавачка: «Як вялікі дождж — Няміга плавае, і мы плаваем. Сёньня вось ваду вычэрпвалі з крамы. Выклікаць МНС — за гэта плаціць трэба, а хто будзе плаціць?»

Карэспандэнтка: «Для вас гэта страты?»

Прадавачка: «Нашы вазоны яшчэ вышэй стаяць, а вунь у суседняй краме ў дзяўчат — там страшна. У іх там унізе пампэрсы, іншыя такія рэчы — канечне, плаваюць, канечне, страты. Сёньня яны да дзясятай раніцы „з тэхнічных прычынаў“ зачыненыя былі — ваду вычэрпвалі. Дождж жа ішоў і ўвечары, калі краму зачынілі. І гэта ня першы раз — мы колькі гадоў працуем, то і машыны плаваюць, і нашы вазы з кветкамі. Гэта ўсё пад зямлёй — не ўпраўляюцца трубы ваду забіраць».

Карэспандэнтка: «А ці што-небудзь робіцца, каб вас тут не залівала?»

Прадавачка: «Не, нічога».

Карэспандэнтка: «А можна што-небудзь зрабіць?»

Прадавачка: «Калі папраўдзе, то ня ведаю. Гэтае пытаньне да гарадзкіх уладаў — гэта яны павінны бачыць гэтую сытуацыю і яе вырашаць».

Дворнікі цягам дня прыбіраюць зь няміскіх ходнікаў жвір, які намыла патокамі вады. Яны спадзяюцца, што затапляць перастане ня дзякуючы папераджальным захадам, а калі сьціхне дождж:

Карэспандэнтка: «Зараз вы падмятаеце які пясок?»

Дворнік: «Пясок, які намыла ўчора дажджом — вельмі моцны быў і быў патоп. Вось гэта ўсё і нанесла, а мы цяпер зьмятаем».

Карэспандэнтка: «Нешта падобнае бачылі раней?»

Дворнік: «Так, было, і не адзін раз».

Карэспандэнтка: «А што-небудзь робіцца тут, каб не затапляла?»

Дворнік: «Так, робіцца — папраўляецца нешта».

Карэспандэнтка: «То трэба спадзявацца, што больш ня будзе такога падтапленьня?»

Дворнік: «Магчыма, што і ня будзе. Бо, як кажуць старыя людзі, як мяняецца дэкада, то павінен і дождж перастаць».

Карэспандэнтка: «А калі прадоўжыцца?»

Дворнік: «Не заліе. Хопіць ужо».
XS
SM
MD
LG