Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абраньне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году адбудзецца не раней за пачатак наступнага году.Такое меркаваньне выказаў Свабодзе прэтэндэнт на ролю адзінага ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

АГП згодная, што на прэзыдэнцкіх выбарах ад дэмакратычных сілаў павінен быць адзіны кандыдат. Партыя, якая раней настойвала на абраньні такога прэтэндэнта толькі праз праймэрыз, цяпер ня супраць і Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Але такі форум, як лічыць Анатоль Лябедзька, адбудзецца толькі на пачатку 2015 году:

«Трэба глядзець на пачатак наступнага году. Праводзіць адборы падчас летняга зацішша было б няправільна. Увосень усё толькі пачнецца».

За тое, каб кангрэс дэмсілаў праходзіў раней, выступае партыя БХД, кажа адзін зь яе лідэраў Павал Севярынец:

«Мы зыходзім з таго, што падзеі ва Ўкраіне разгортваюцца імкліва. І таму ў Лукашэнкі могуць зьявіцца новыя датэрміновыя варыянты правядзеньня выбараў. І з гэтага пункту гледжаньня абраць адзінага раней было б больш мэтазгодным. Напрыклад, увосень. І таму першапачаткова разглядалася правядзеньне кангрэсу ў кастрычніку. Але бальшыня з тых, хто цяпер вядзе перамовы пра адзінага, схіляюцца да пазьнейшага вылучэньня».
«У такой сытуацыі ёсьць сэнс параўнаць падзеі. Першы кангрэс дэмакратычных сілаў праводзіўся ўвосень 2005 году, хоць і тады былі прапановы адкласьці яго да лютага 2006-га», — згадвае сустаршыня грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка:

«Тады меркавалася, што выбары пройдуць увосень 2006-га. А яны адбыліся ў сакавіку. І калі б тады мы марудзілі і чакалі лютага, то наагул не было б ніякага кангрэсу і не было б ніякага адзінага. У мяне меркаваньне такое — чым раней зьявіцца адзіны, тым лепш».

«Абраньне адзінага рэальна немагчыма раней за пачатак 2015 году з-за таго, што застаецца яшчэ шмат нявырашаных працэдурных пытаньняў», — кажа першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
«Засталіся пэўныя дэталі. Але нездарма кажуць, што д’ябал хаваецца ў дэталях. І тут самае галоўнае, каб адзіны кандыдат (калі ён будзе абраны) карыстаўся падтрымкай усіх суб’ектаў, якія будуць удзельнічаць у кангрэсе. Таму мы бачым, што тут сьпешка з прызначэньнем працэдуры, калі некаторыя суб’екты ёю незадаволеныя і змогуць паставіць пад сумнеў вынікі кангрэсу, да нічога добрага не давядзе».

«Грамадзянская кампанія „Гавары праўду“ ўжо гатовая да ўдзелу ў кангрэсе, незалежна ад таго, калі ён адбудзецца», — заяўляе намесьнік старшыні кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў:

«У нас ёсьць і кандыдат — Някляеў. Ёсьць і моцная ініцыятыва. І свае структуры, што мы даказалі падчас мясцовых выбараў. Таму мы ня бачым тут неабходнасьці сьпяшацца. Але няма падставы і марудзіць. Цяпер ідуць спрэчкі пра тое, як вылучаць дэлегатаў на кангрэс. Для нас тут прынцыпова, каб вылучэньне ня стала магілай для еднасьці ў рэгіёнах і глебай для новых канфліктаў».

«Пазыцыя Партыі БНФ палягае ў тым, каб абраць адзінага як мага хутчэй», — заяўляе партыйны лідэр Аляксей Янукевіч:
«Калі атрымаецца ўвосень, то гэта было б выдатна. Гэта дазволіць мабілізаваць грамадзтва на яго падтрымку, напрацаваць яго патэнцыял і рэйтынг. Каб ужо да пачатку афіцыйнага старту прэзыдэнцкай кампаніі гэты кандыдат меў пэўны палітычны капітал. Але калі зыходзіць з рэалістычных меркаваньняў, то я сёньня ня ўзяўся б сьцьвярджаць, што можна ўвосень вызначыць адзінага кандыдата. Можа, перамоўны і працэдурны працэсы зацягнуцца да вясны 2015 году».

Згодна зь беларускім заканадаўствам чарговыя выбары прэзыдэнта павінны адбыцца не пазьней за 20 лістапада 2015 году. Але гэта не азначае, што яны ня могуць прайсьці раней.
XS
SM
MD
LG