Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Бабкоў пра свае 50 гадоў: «Да апошніх кропак яшчэ далёка»


Беларускі філёзаф, пісьменьнік і паэт Ігар Бабкоў сёньня сьвяткуе 50-годзьдзе. З гэтай нагоды Свабода пагутарыла зь юбілярам пра ягоную творчасьць.

— Сёньня будзе абвешчаны ляўрэат прэміі Гедройця, вы трапілі ў шорт-ліст. Наколькі гэта важна для вас?

— Сама гэтая прэмія вельмі значная для беларускай літаратуры і беларускага літаратурнага працэсу. Пачынаюць выходзіць кнігі, абуджаюцца чытачы, абуджаюцца крытыкі, зьяўляюцца рэцэнзіі. Гэта вельмі простыя рэчы, але бязь іх літаратура засыхае. Што тычыцца майго асабістага ўспрыняцьця, то тут больш складана: я лічу, што літаратару нельга арыентавацца на посьпех, на прэміі, пісаць, зыходзячы з такой пэрспэктывы. Таму я пасьпяхова альбо беспасьпяхова спрабую для самога сябе рабіць выгляд, што нічога звышнатуральнага не адбываецца.

— Што лічыце самым важным з вашых твораў і спраў? Ці згодныя, што ваш раман «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» пазначаны як самы значны твор на Вікіпэдыі?

— Я лічу, што сапраўдная значнасьць паўстае, калі ўсё сканчаецца, калі ставяцца апошнія кропкі. А хацелася б верыць, што да апошніх кропак яшчэ далёка. Раман «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» — ня самая значная, а самая
Ялічу, што літаратару нельга арыентавацца на посьпех, на прэміі, пісаць, зыходзячы з такой пэрспэктывы
нечаканая і мая самая ўлюбёная кніга. Увогуле той тып літаратуры, які блізкі мне, не прызнае дзяленьня на «лепшае» і «горшае», «значнае» і «нязначнае». Гаворка хутчэй вядзецца пра стварэньне аўтарам свайго сьвету. Калі ў аўтара ёсьць такія амбіцыі і такая магчымасьць, калі яму ўдалося стварыць свой пазнавальны і важны сьвет, то тады ўсё ўдалося.

— Вы працуеце ў Інстытуце філязофіі НАН Беларусі. Ці можаце ацаніць узровень сучаснай беларускай філязофіі?

— Мне складана адказаць, таму што, працуючы ўнутры пэўнай сытуацыі, нельга рабіць выгляд, што ты знаходзісься звонку. Сёньня я дактарант Інстытуту філязофіі НАН і пішу доктарскую дысэртацыю пра першую палову 19 стагодзьдзя, пра фантастычна цікавы для мяне пэрыяд. Я думаю, што напрыканцы маёй дактарантуры па выніках дысэртацыі выйдзе кніга на гэтую тэму.

— Рэцэнзію на вашу кнігу «Хвілінка. Тры гісторыі» напісаў журналіст Радыё Свабода Ян Максімюк. Ці згодныя вы з адной зь ягоных высноваў — пра тое, што ў кнізе вы пэсымістычна ацэньваеце ролю беларускага інтэлектуала?

— Гаворачы на гэтую тэму, я б сказаў, што інтэлігенцыя ў Беларусі зьнікла гадоў 15–20 таму, у той самы час, калі «жалезная заслона» пала і мы ўвайшлі ў сьвет «Макдоналдса», коміксаў і Галівуда. У гэтым сьвеце няма інтэлігенцыі, ёсьць толькі інтэлектуалы, са сваім крышачку іншым бачаньнем сябе і сьвету і крышачку іншым тыпам інтэлектуальнай, мысьленчай працы.
XS
SM
MD
LG