Лінкі ўнівэрсальнага доступу

750 тысяч рублёў за плякат «Сьмерць крамлёўскім акупантам!»


2 чэрвеня ў Цэнтральным судзе Менску адбыўся працэс над актывісткай грамадзкай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Вольгай Жураўлёвай, якая 31 траўня выйшла на Кастрычніцкую плошчу з плякатам «Сьмерць крамлёўскім акупантам».

Суд над Вольгай Жураўлёвай быў кароткі. Маладая жанчына пацьвердзіла, што прызнае сваю віну ў арганізацыі несанкцыянаванага пікету, падпісала адпаведныя паперы і пагадзілася з рашэньнем, якое вынесла судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Вікторыя Шабуня — штраф 5 базавых велічынь (гэта 750 тысяч рублёў).

Нават сьведак на працэсе не было. Ужо пасьля суду Вольга Жураўлева патлумачыла журналістам, чаму выйшла з плякатам «Сьмерць крамлёўскім акупантам»:

«Бо я нязгодная з тым, што Крэмль правакуе вайну ва Ўкраіне. І плюс у той дзень было падпісаньне дамовы аб ЭАЭС, а я лічу, што нам трэба ад яго трымацца далей. Наша краіна павінна заставацца незалежнай!»

У Вольгі Жураўлёвай малы сын, якому хутка споўніцца 6 год. З сынам яна і была на акцыі. Калі яе затрымалі, то разам зь дзіцем яна праседзела больш за чатыры гадзіны ў пастарунку, у так званым «малпятніку» ў Цэнтральнай раённай управе міліцыі, як яна кажа, з бамжамі, алькаголікамі:

«Прасіла, каб дзіця адтуль выпусьцілі і далі магчымасьць пасядзець каля дзяжуркі, або каб мне далі пазваніць сваякам, каб забралі малога. Але нічога так і не дазволілі. І тэлефоны адабралі, каб нікуды не званіла».


Вольга Жураўлёва — сябра грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва». На пачатку году яна брала ўдзел у паездцы беларускіх актывістаў ва Ўкраіну дзеля акцыі салідарнасьці з абаронцамі Майдану. На мяжы ўкраінскія памежнікі знайшлі ў аўтобусе зь Беларусі наркотыкі, і на гэтай падставе ўсіх пасажыраў аўтобуса пратрымалі на мяжы 3 дні, пакуль разьбіралі справу. Абвінавачаньня нікому з пасажыраў так і ня выставілі, але ў выніку паездка сарвалася. Актывісты мяркуюць, што наркотыкі ў аўтобус маглі падкінуць супрацоўнікі спэцслужбаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG