Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна ў Луганску. Памежнікі ўступілі ў бой


Луганск, ілюстрацыйнае фота

Луганск, ілюстрацыйнае фота

У Луганску больш за 500 баевікоў штурмуюць ўправу мясцовага памежнага атраду.

Падчас штурму памежнага атрада ў Луганску зьнішчаныя 5 баевікоў, 8 — параненыя. З боку ўкраінскіх памежнікаў 7 параненых, 3 зь іх — цяжка.

Пра гэта на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» паведаміў кіраўнік групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітрый Тымчук.

У ноч на панядзелак узброеныя баевікі так званай Луганскай народнай рэспублікі, якая прызнаная пракуратурай Украіны тэрарыстычнай арганізацыяй, пачалі штурм Луганскага памежнага атраду. Раніцай бой працягваецца, з боку баевікоў у ім удзельнічае да 500 чалавек.

Адна з самых частых прэтэнзій да кіраўніцтва антытэрарыстычнай апэрацыі ўкраінскай арміі на ўсходзе краіны — дрэннае ўзаемадзеяньне з памежнай службай, з-за якога з Расеі ва Ўкраіну прыбываюць узброеныя людзі ды аўтамабілі са зброяй і боепрыпасамі. Важнасьць кантролю над мяжой разумеюць і баевікі самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі».

Паводле Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, каля паловы на першую ночы да ўправы Луганскага памежнага атрада, разьмешчанага ў паўднёвай частцы Луганска, пад’ехалі 100 узброеных чалавек, якія разышліся па пэрымэтры агароджы. Першая атака з ужываньнем аўтаматаў і падствольных гранатамётаў пачалася каля 4 гадзін раніцы і доўжылася каля 40 хвілін, перадае агенцтва УНІАН.


На гэтым відэа, зьнятым з акна разьмешчанага побач жылога дома, відаць аднаго з параненых баевікоў «ЛНР», а таксама чуваць, што памежнікі ўключылі трансьляцыю гімна Ўкраіны праз данамікі:


Усяго да раніцы панядзелка баевікі распачалі 4 атакі. Паводле папярэдніх дадзеных, параненыя 7 памежнікаў. Дадзеных пра страты ў шэрагах тых, хто нападаў, няма. Як піша ў Фэйсбуку каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітрый Тымчук, на падмогу атакуючым прыехала падмацаваньне, пасьля чаго колькасьць баевікоў, якія ачапілі вайсковую частку, вырасла да 400-500 чалавек. Частка зь іх абсталявала агнявыя кропкі проста ў жылых шматпавярховых дамах.

Адзінай дапамогай ад вайскоўцаў у гэтай сытуацыі стаў дасланы самалёт-зьнішчальнік, які даволі хутка пакінуў месца падзей з-за немагчымасьці вядзеньня баявых дзеяньняў у гарадзкіх умовах.


У нядзелю кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Мікалай Літвін заявіў у інтэрвію ўкраінскім СМІ, што напады сэпаратыстаў і блякаваньне баявікамі памежных пастоў адбываецца кожны дзень.
XS
SM
MD
LG