Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск затапляла, затапляе і будзе затапляць


Менск, Няміга. Архіўнае фота

Менск, Няміга. Архіўнае фота

Нават пасьля пабудовы ў Менску дажджавых калектараў патопы ў беларускай сталіцы ня зьнікнуць.

Цягам апошніх дзён бальшыня раёнаў Менска не вытрымлівае вялікіх дажджоў і ў літаральным сэнсе сыходзіць пад ваду. Нягледзячы на абяцаньні гарадзкіх уладаў выправіць сытуацыю, патопы паўтараюцца з году ў год.


На сайце прадпрыемства «Менскінжпраект» указаныя дакладныя тэрміны, калі дажджавыя калектары, якія павінны былі ўратаваць менчукоў ад паводак і ліўняў, мусілі быць здадзеныя ў эксплюатацыю: калектар «Цэнтар» з капітальнымі ўкладаньнямі 344 тысячы даляраў — 2010-2012 гады, калектар «Няміга» коштам 416 тысяч даляраў — 2011-2013 гады. Між тым, іх будаўніцтва вядзецца дагэтуль, а тым часам затапленьні праблемных вуліц працягваюцца.

Галоўны інжынэр «Менскінжпраекту» Уладзімер Котаў у размове са Свабодай прызнае, што адсутнасьць патрэбнага фінансаваньня не дае ўкласьціся ў графік:

«Ды не, нічога праясьніць не магу па гэтым пытаньні, усё залежыць ад фінансаваньня...»

Карэспандэнт: «Але цяпер падтопліваюцца ня толькі цэнтральныя часткі горада, але і ўскраіны...»
Гэта цалкам нармальная зьява. Нарматыўнай базай прадугледжанае трохразовае на год перапаўненьне любога калектара. Паўтараю — любога
«Гэта цалкам нармальная зьява. Нарматыўнай базай прадугледжанае трохразовае на год перапаўненьне любога калектара. Паўтараю — любога. Гэта значыць, абсалютна ўсе тэрыторыі падвержаныя падтапленьню. І нічога тут не зробіш: гэта стыхія, прыродная зьява. То бок, усё залежыць ад інтэнсыўнасьці ападкаў».

Карэспандэнт: «То бок, нават калі будуць цалкам уведзеныя калектары „Цэнтар“ і „Няміга“, патопы будуць працягвацца?»

«Так, нічога ад гэтага практычна ня зьменіцца. Будзе моцны лівень — будзе і вада».

У нядзелю бальшыня цэнтральных частак вуліц і праспэктаў Менска былі затопленыя, рух аўтатранспарту быў паралізаваны. На панядзелак сыноптыкі не выключаюць паўтарэньня стыхіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG