Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сьвяце Элізы Ажэшкі ў Горадні ўспаміналі царскія часы (ФОТА)


У Горадні па вуліцы Элізы Ажэшкі шпацыравалі дамы з кветкамі. На ганку дома, дзе жыла і памерла ў 1910 годзе сама пісьменьніца, быў зладжаны «салён пад баранамі» — пакой з карцінай зь іх выявай, дзе яна некалі прымала гасьцей.

Літаратурна-гістарычнае сьвята, прысьвечанае вуліцы, наладзіла абласная бібліятэка імя акадэміка Карскага ў межах праекту «Жывая гісторыя», які ажыцьцяўляецца ў горадзе.


Сярод публікі ў старасьвецкім адзеньні, была і гістарычная асоба — Эліза Ажэшка. Яна павітала гараджанаў «у сваім салёне» і запрасіла ў гістарычную вандроўку на цяперашнюю вуліцу Ажэшкі. Праўда, яна паведаміла, што ў 1907 годзе пісьменьніцу ўзнагародзілі «дыплёмам ганаровага грамадзяніна Горадні» і «вырашылі пераназваць вуліцу Садовую ў вуліцу Элізы Ажэшкі.


«Дзякуй, вялікі дзякуй, радасна, што мінакам будзе нагадваць пра мяне вуліца», — падсумоўвае цяперашняя Ажэшка.

Але толькі пазьней прысутным на сьвяце раскажуць, што імя пісьменьніцы вуліца атрымае толькі пры польскай уладзе — у 1920 годзе. Адным словам, царская ўлада падманула. Між іншым, пісьменьніца жыла на самай лепшай гарадзенскай вуліцы, якая ішла да чыгуначнага вакзалу. Дык вось: улада царская дала ёй імя «губэрнатара Мураўёва», сьціпла паведамілі вядучыя, хаця гараджанам вядома, што ён быў душыцелям паўстаньня 1863 году, а Ажэшка дапамагала паўстанцам.


Агулам, публіцы паведамлялі цікавыя зьвесткі: у 1560 годзе на месцы вуліцы была дарога да Верцялішак, у магістрацкіх паперах яе называлі дарогай уздоўж Гарадніцы (цяперашняй рачулкі Гараднічанкі). Пазьней яна стала называцца вуліцай Раскоша — ад назвы карчмы, што стаяла на ўезьдзе ў горад. У канцы вуліцы была другая карчма — Галеча. І вельмі важная рэч: вуліца пачынаецца з палацу князёў Масальскіх (ён захаваўся), у якім сёньня, аб чым вядучыя паведамляюць вельмі паважна — «Чабурэчная»...


Сьвята праходзіла на беларускай мове, якая, хоць і зрэдку, але кульгала. Усе плякаты зробленыя па-беларуску. Атмасфэру старой вуліцы стваралі ня толькі дамы і рамесьнікі, танцавальныя пары (глядзі на здымках), але выставы старых кніг і рэчаў.
XS
SM
MD
LG