Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць дзяцей у Беларусі няўхільна зьніжаецца

  • БелаПАН

1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей, заснаваны ў лістападзе 1949 года рашэньнем сэсіі Міжнароднай дэмакратычнай фэдэрацыі жанчын.

Колькасьць дзяцей у Беларусі няўхільна зьніжаецца: з 2000 году — на 630 тыс. чалавек. Згодна са зьвесткамі Белстату, на 1 студзеня 2014 года ў Беларусі пражывалі 1.761.000 дзяцей, або 18,6% ад агульнай колькасьці насельніцтва краіны (у 2013 годзе каля 20%). На пачатак 2000 году ў Беларусі пражывалі 2.391.900 дзяцей.

Такое прыкметнае скарачэньне колькасьці дзяцей звязана з падзеньнем нараджальнасьці ў 90-х гадах мінулага стагодзьдзя, зазначаюць у Белстаце.

У Беларусі зацьверджаны Нацыянальны плян дзеяньняў па паляпшэньні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2012–2016 гады. Як сьцьвярджаюць у Мінадукацыі, у Беларусі сфармаваны мэханізм дзейснай абароны дзяцей ад неналежных умоваў жыцьця і выхаваньня.


За апошнія тры гады ў Беларусі закрыты 12 дзіцячых інтэрнатных установаў сыстэмы Мінадукацыі. Уладкаваньне зноў выяўленых дзяцей-сіротаў або дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у інтэрнатныя ўстановы зьменшылася зь 50% у сярэдзіне 1990-х гадоў да 17% у 2013-м.

Паводле зьвестак МУС, дзеці становяцца пацярпелымі ў выніку крадзяжоў, карысьлівых злачынстваў і махлярства. Сёлета ад злачынстваў у дачыненьні да непаўналетніх пацярпелі больш як 2.000 дзяцей, з якіх 1,8 тыс. у выніку ўхіленьня бацькоў ад абавязку па ўтрыманьні дзяцей.

У сувязі зь неабходнасьцю фармаваньня больш адказнага стаўленьня бацькоў да выхаваньня дзяцей распрацаваны зьмены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якія ўводзяць адказнасьць бацькоў за знаходжаньне іх дзяцей у сацыяльна небясьпечным становішчы. Пра гэта паведаміла начальнік аддзелу па наглядзе за выкананьнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генэральнай пракуратуры Беларусі Дар`я Лебедзева на онлайн-канфэрэнцыі дзяржаўнага агенцтва БелТА 27 траўня.

«Калі гэтая рэдакцыя будзе ўспрынята парлямэнтам, у недалёкай будучыні мы атрымаем больш аптымальную норму бацькоўскай адказнасьці», —— зазначыла Лебедзева.


У сваю чаргу ЮНІСЭФ у Беларусі адзначае посьпехі краіны ў аказаньні мэдыцынскай дапамогі, якія прывялі да ўстойлівага зьніжэньня немаўляцкай і дзіцячай сьмяротнасьці. Як паведаміла галоўны пэдыятар Міністэрства аховы здароўя Валянціна Трухановіч на прэс-канфэрэнцыі 28 мая, паказьнік немаўляцкай сьмяротнасьці ў Беларусі адпавядае гэткаму ж у краінах Заходняй Эўропы. У 2013 годзе гэты паказьнік склаў 3,4 на 1.000 жыванароджаных супраць 7,1 у 2005 годзе. Каэфіцыент сьмяротнасьці дзяцей да пяці гадоў зьнізіўся ў параўнаньні з 2005 годам на 50,5% — з 9,3 да 4,6 на 1.000 народжаных жывымі.

Асноўнымі прычынамі сьмерці дзяцей зьяўляюцца няшчасныя выпадкі, траўмы і атручэньні. Ад зьнешніх прычын у 2013 годзе памерлі 25,3% (у 2012-м — 30%) дзяцей. У 2010 годзе ад зьнешніх прычын загінулі 350 дзяцей, у 2011-м —— 243, у 2013-м —— 200.

Больш за ўсё ад траўмаў, атручэньняў і суіцыдаў гіне дзяцей 15–18 гадоў —— у 2013 годзе 65,3%, у 2012 годзе 67% памерлых дзяцей.


Для зьніжэньня дзіцячага траўматызму ў Беларусі ў 2013 годзе пачата рэалізацыя праграмы па яго прафіляктыцы, разьлічаная да 2015 года.
XS
SM
MD
LG