Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Абхазіі прызначыў часовага прэзыдэнта


Парлямэнт Абхазіі прызначыў выканаўцам абавязкаў кіраўніка самаабвешчанай рэспублікі сьпікера Народнага сходу Валерыя Бганбу.

Акрамя таго, парлямэнт большасьцю галасоў прыняў рашэньне правесьці датэрміновыя выбары прэзыдэнта рэспублікі 24 жніўня сёлета.

З 25 прысутных на пазачарговым сходзе за гэтую пастанову прагаласавалі 24 дэпутаты, перадае Інтэрфакс.

У пастанове адзначаецца, што дакумэнт прыняты «ў сувязі зь няздольнасьцю Аляксандра Анкваба ажыцьцяўляць паўнамоцтвы і абавязкі прэзыдэнта Рэспублікі Абхазія».

Аляксандар Анкваб, у сваю чаргу, як перадае агенцтва РИА Новости, заявіў, што катэгарычна ня згодны з пастановай парлямэнту аб вотуме недаверу ўраду і прапановай, каб ён сышоў у адстаўку.

«Падобнага роду рашэньні ня могуць прымацца ў такім вось становішчы — пад ціскам і ультыматыўна. Любыя прапановы могуць быць прадметам перамоваў. Я пачуў гэтыя патрабаваньні, але гэта патрабаваньні не пераважнай большасьці нашых грамадзян. Лёс краіны і прэзыдэнта ў тым ліку ня можа вырашацца на мітынгах колькасьцю 2 тыс. чалавек, 3 тыс. чалавек, 4 тыс. чалавек. Гэта справа ўсяго народа», - цытуе агенцтва словы Анкваба.

27 траўня апазыцыя пасьля шматтысячнага мітынгу ў Сухумі ўстанавіла кантроль над будынкам адміністрацыі кіраўніка непрызнанай тэрыторыі і заявіла, што часова бярэ ўладу ў свае рукі.

29 траўня парлямэнт Абхазіі абвясьціў вотум недаверу прэм’еру, прапанаваўшы прэзыдэнту добраахвотна скласьці паўнамоцтвы.
XS
SM
MD
LG