Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнік Леанід Мархотка: На ўкраінскім выбарчым ўчастку няма адзінага — алькаголю


Праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Леанід Мархотка працаваў як афіцыйны назіральнік на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны. Назіраньне Леанід Мархотка праводзіў у Мікалаеўскай вобласьці, на выбарчых участках як у самім Мікалаеве, так і ў раёнах вобласьці. Якія адметнасьці ўбачыў праваабаронца ў параўнаньні зь беларускімі выбарамі?

— Галоўнае ўражаньне, калі коратка, што гэта былі сапраўдныя выбары. Мне часта як прадстаўніку БХК даводзіцца назіраць за выбарамі ў Беларусі, дык вось параўнаньне далёка не на нашу карысьць на ўсіх узроўнях. У нас гэта спэктакль, які з выбарамі нічога ня мае агульнага, прычым даўно. Мы гэта ўсё ведаем, але калі сваімі вачамі пабачыш такі кантраст, дык становіцца вельмі крыўдна. Уявіце, што яшчэ выбарчы ўчастак не адкрыўся, а побач ужо стаяла чарга тых, хто хацеў прагаласаваць. І гэтак шмат на якіх участках — багата людзей, вельмі спакойна, дэмакратычна. Тая сытуацыя, тая вайна, якая ідзе ў Данецкай і Луганскай абласьцях, мабілізавала людзей да ўдзелу ў выбарах. Было бачна, што небагата ў іх было сродкаў для выбараў, такіх, каб заляціць ўсё, як было пры Януковічы, з заклікамі прыйсьці прагаласаваць, але людзі самі ўсё разумелі і яны прышлі і кансалідаваліся, як нацыя.

— Ці праўда, што ёсьць на Мікалаеўшчыне блёкпасты, бронетэхніка на дарогах? Там сапраўды чакаюць прарыву сэпаратыстаў і дывэрсантаў, як на Данбасе?

— Падчас выбараў, асабліва ў апошнія дні перад выбарамі, тым былі прынятыя пэўныя захады бясьпекі, але гэта не значыць, што паўсюль стаялі танкі ці іншая тэхніка. Не, такога не было. Былі блёкпасты на трасах, на ўездзе ў горад, каб тэрарысты не маглі ўварвацца і сарваць выбары. Гэта нармальна. А на вуліцах, у горадзе ці населеных пунктах узброеных людзей я не бачыў. Блізу выбарчых камісій, пры падліку, пры галасаваньні — ніякіх узброеных пастоў не было.

— Якая абстаноўка ў Мікалаеве? Ці ёсьць сэпаратысты, ці праходзяць іх акцыі?

— Быў там з 22 па 28 чэрвеня і ніякіх акцый ці нейкія праяваў сэпаратызму я не бачыў. Хаця едзьдзіў паўсюль на аўтамабілі, сустракаўся з людзьмі, задаваў пытаньні. Можа, яны дзе ў падпольлі і ёсьць, але мне не трапляліся.

— Ці выказвалі тыя людзі, зь кім вы размаўлялі, незадавальненьне тым, што гэтая антытэрарыстычная апэрацыя ў Данбасе ідзе гэтак марудна? Ці яны задаволеныя? Што яны казалі, чаму гэтак ідзе?

— Людзі, канечне, ўсе чакаюць, каб хутчэй гэта ўсё закончылася і не прыйшло да іх. Людзі таму і галасавалі большасьцю за Парашэнку, бо ёсьць вялікая надзея, што ён з гэтым пакончыць. Але, канечне, наконт тэмпаў апэрацыі былі розныя меркаваньні. Хочацца хутчэй, але як атрымліваецца, гэта іншае. Ня ўсё гэтак проста. Па-першае, ўсе адназначна разумеюць, што гэта агрэсія Расеі. Што гэтак званыя сэпаратысты — ў асноўным гэта дывэрсанты з Расеі. Чаму хутка зь імі не атрымліваецца? Вось якраз, калі я там яшчэ быў, у Данецку вайскоўцы хутка адбілі спробу захопу аэрапорту. То бок калі на адкрытай мясцовасьці, дык з дывэрсантамі лягчэй ваяваць. Бо ў Славянску ці дзе ў Данецку яны ўвесь час прыкрываюцца жылымі дамамі, мірнымі грамадзянамі. Таму вайскоўцы ня могуць ужываць цяжкую зброю. Але гэта ёсьць вялікай праблемай, што сэпаратысты выкарыстоўваюць мірных грамадзян.

— Чаму, на вашу думку, прайграла на выбарах Юлія Цімашэнка? Яна ж з такім іміджам палітвязьня, змагара за незалежнасьць. Што людзе пра яе казалі?

— Што яна ўжо была пры ўладзе і тады эканамічная сытуацыя не палепшыла, былі трывалыя разборкі. Хто там быў вінаваты асабліва людзі і ня ведаюць, але пра яе сказалі адназначна — «хопіць».

— Каго бачылі з замежных назіральнікаў, можа былі яшчэ назіральнікі з Беларусі?

— Так, была жанчына з Берасьця, Сьвятлана завуць. Яшчэ былі назіральнікі з Казахстану, ад грамадзкіх арганізацый. Сустракаў прадстаўнікоў з АБСЭ, з амбасады ЗША. Там жа вельмі цікава: ва ўчастковай камісіі маюць права быць прадстаўнікі усіх кандыдатаў на прэзыдэнта. А кандыдатаў было 21 і таму камісія складаецца з чалавек 13-14, не меней. І ўсе адзін за адным вельмі пільна сочаць. А прадстаўнікі кандыдатаў Цімашэнкі ды Парашэнкі дык ўвогуле сядалі побач, каб адзін за адным наглядаць.
Прадстаўнікі кандыдатаў Цімашэнкі ды Парашэнкі дык ўвогуле сядалі побач, каб адзін за адным наглядаць
Таму ў самой камісіі самакантроль добра наладжаны. І падлік галасоў — ня тое, што ў нас. Усё празрыста, усе вынікі абавязкона паведамляюцца. Вакол назіральнікі. Не толькі замежныя, як я, з Беларусі, але і з мясцовых розных арганізацый вельмі шмат. У любы момант, прыкладам, калі абвяшчаецца, за каго бюлетэнь, можна зьверыць, паглядзець, чый там почырк, ці супадае. Кожнаму назіральніку, хто пажадаў, у канцы вырабілі выніковы пратакол, які падпісаны ўсімі сябрамі камісіі. Завераны пячаткай. А бюлетэні там выдаюцца ня проста як у нас, паперку. Там бюлетэнь адрыўны, як талён. І яны потым падлічваюць, колькі бюлетэняў і колькі тых кавалкаў, ад якіх адарвалі бюлетэнь. Каб усё супала. Скрыні для галасаваньня — празрыстыя. Раніцай, калі пачынаецца галасаваньне, то туды ўкідваецца гэтак званы кантрольны ліст. І калі пры падліку галасоў не акажацца гэтага кантрольнага ліста ў скрыні, то ўсе бюлетэні і лічыцца ня будуць. Галасаваньне там у адзін дзень, датэрміновага як у нас, калі нібыта галасуюць 30%, там ўвогуле няма. Хочаш прагаласаваць ў іншым месцы, загадзя вазьмі адмацавальны талён.

— Ці ёсьць на выбарчых участках буфэты, як ў нас? Канцэрты, гарэлачка без нацэнкі?

— Ведаеце, я калі на першы вучастак прыехаў, дык нешта не мог зразумець, чаго мне не хапае, а потым здагадаўся. канечне, танцаў, самадзейнасьці, шоў гэтых, як ў нас, там няма. Буфэты былі, бо большасьць выбарчыя участкі месьцяцца ў школах, як і ў нас. Але гарэлкі, ўвогуле алькагольных напояў там не прадаюць. Чай, кава, нейкія прахаладжальны напоі, булачкі. Адзін грамадзянін, гадоў пад 50, відаць, з перапою, абураўся, што ў буфэце няма гарэлкі, як у савецкія часы, каб можна было апахмяліцца. Усе пасьмяяліся ды і толькі.

— Ці былі ў вас як ў назіральніка заўвагі?

— Былі некаторыя. Прыкладам, на адным участку быў старшынёй малады хлопец. А да яго быў старэйшы, дасьведчаны, але напярэдадні адмовіўся, магчыма, нават пабаяўся. Дык малады па працэдуры спазьніўся на 8 хвілін з адкрыцьцём выбарчага ўчастку. Ці на адным участку, а там жа падлік вёўся да 5 раніцы, дык старшыня забыў на дошку вывесьці пратакол, хаця ўсім выніковыя пратаколы раздаў. Вось такія, лічу, дробязі, асабліва ў параўнаньні з тым, што ў нас адбываецца. Паўтаруся, ў нас ў параўнаньні з Украінай выбараў няма ўвогуле.
XS
SM
MD
LG