Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Крупец перажыў «сьвіны перапалох»


Крупецкая пастараль

Крупецкая пастараль

Жыхары вёскі Крупец Добрускага раёну мінулым летам перажылі сапраўдны «сьвіны перапалох», і наша радыё пра гэта апавядала. Мясцовыя ўлады дзеля прафіляктыкі афрыканскай чумы патрабавалі ад вяскоўцаў пазбавіцца ад сьвіней, і яны забівалі, баючыся прымусовага зьнішчэньня. І ня толькі ў Крупцы. Краіна страціла за год амаль 700 тысяч галоў сьвіней. Як людзі выжывалі бязь мяса, і што кажуць пра палітыку ўлады ў вёсцы? Рэпартаж з Добрускага раёну.

Першы час пасьля забою сьвіней жыхары Крупца спажывалі сьвежаніну, назапашаную ў лядоўнях. У каго запасы былі слабыя, тыя выпраўляліся ў Добруш альбо прасілі сыноў ці дачок з Гомеля прывезьці сьвініны. Пра гэта расказвае спадарыня Ніна з Палявой вуліцы:

«Парэзалі, у лядоўні паклалі ды елі. У Добруш езьдзім. А яшчэ ў нас тут непадалёку ёсьць вёска Ігаўка — у іх свая саўгасная сьвінафэрма. Яны возяць па вёсках — да нас колькі разоў прыяжджалі. Цяпер больш у Жгунь возяць. У Добрушы яны сваю краму адчынілі. Там ёсьць такая каўбаска, на хатнюю падобная. І сальца ёсьць — усё возяць. А цэны — цэны кусаюцца. О, вельмі нам было цяжка. Як мы перажывалі! Як толькі на вуліцу выйдзем, то адзін у аднога пыталі: „Як там чума? Што пра чуму чутна?“. Сёлета, праўда, маўчаць пра чуму, нічога ня кажуць».

Вяскоўка кажа, што з пэнсіяй у два мільёны ці крыху болей мяса ў краме асабліва не накупляесься. Таму ўжо ўвосень вяскоўцы сталі патроху набываць парасят, бо іначай і вырашчаную на сотках бульбу і буракі няма куды падзець — хоць назад у зямлю заворвай:

«Хто ласку мае, той ужо трымае. Я зарэзала, але зноў купіла, недзе ў верасьні. Яшчэ й ня сьціхла добра з чумою, але мы зь яшчэ адной жанчынай вырашылі купісь парасят у Пераросьце. Тамтэйшай гаспадыні не было куды іх дзяваць, дык крыху таньней прадала. Кажам: „Давай, а там — як Бог дасьць“. Слава Богу, купілі, вось ужо й перазімавалі , і хутка трэба рэзаць — і будзе сваё мяса». Ніна Давыдзенка

Ніна Давыдзенка


Пазбыўшыся за год амаль 700 тысяч пагалоўя сьвіней, кіраўніцтва краіны патрабуе цяпер тэрмінова запаўняць сьвінакомплексы новым пагалоўем, а заадно купляць сьвіней на мяса для дзяржаўных патрэбаў і на прыватных падворках. Аднак у Крупцы нават дбайныя гаспадары ня хочуць такой ласкі:

«Маленьнякае парася — кошт 1 мільён. Калі няма сваёй бульбы і мукі, а купляць камбікорм і ўсё гэта палічыць, ні чорта не выходзіць. Камбікорму мяшок, 24 кіляграмы, 120 тысяч каштуе. Калі малое сьвінчо, то гэтага хопіць тыдні на тры. А калі большае, то з 24 кіляграмамі нават у два тыдні ня ўлезеш. Таму трымаць парасят няма ніякай выгады».

Сусед суразмоўцы, вясковы жывёлавод Сяргей Цімашчук, дадае, што для сябе сьвіней гадуе, а на продаж — і ня думае:

«Для дзяржавы вунь ёсьць сьвінафэрмы — няхай вырошчваюць. Я ж прыяжджаю на сьвінафэрму, то мне дарам парсючка ніхто не дае — мне трэба плаціць за яго. А вырасьце ён, ня вырасьце — невядома. Калі ёсьць харчы, імкнуцца трымаць найбольш для сябе». Сяргей Цімашчук і Рыгор Ліпаў

Сяргей Цімашчук і Рыгор Ліпаў


Прыгадваю, што ў сёлетнім пасланьні народу і парлямэнтарам Аляксандар Лукашэнка раіў ня есьці на ноч бульбу зь мясам, бо тое ня здорава, а толькі зь селядцом. І тут вясковец згадвае словы таго ж кіраўніка дзяржавы пра «чарку й скварку», якія ўспрымаюцца цяпер нібыта зь песьні:

«Дома павінна быць заўсёды мяса на стале. І сала таксама. Як у той песьні: „чарка і скварка“».

Вяскоўка Галіна, якая таксама абзавялася парасятамі пасьля «сьвінога перапалоху», гэтак рэагуе на прапанаваную Лукашэнкам дыету:

«Калі я не паем на ноч бульбы, сала, не пап’ю малака, то я спаць ня буду. У мяне язва — мне трэба есьці. Во як!»
Што да прымусу гаспадароў зьнішчаць сьвіней, калі не было нейкіх яўных прыкметаў чумы, то вяскоўцы адлікаюцца на гэта як на шкодніцтва:

«Я думаю, што гэта ўсё шкодніцтва з боку начальства: адзін аднаго падштурхоўваюць. Хтосьці дзесьці схімічыў. Перастараліся».

У выніку кошты на сьвініну ўзьляцелі у два разы — да 130 тысяч за выразку. Такую адбіўную спадарыня Галіна сабе не дазваляе:

«Я асабіста не куплю за такія грошы. Пэнсію тую атрымаеш, пойдзеш у краму — хлеб дарагі, батоны дарагія. Усё! Пашкадавала б 130 тысяч. Купіла б лепей якога тлушчу, падсмажыла б — мы прывыклі пасьля вайны смажыць цыбульку, з тлушчам есьці». Галіна гадуе ўсё: свіней, козы, карову

Галіна гадуе ўсё: свіней, козы, карову


У Крупцы людзі ведаюць і пра так званы хуткі дэкрэт наконт «прыгоннага права ў вёсцы», пра што казаў Аляксандар Лукашэнка на нядаўняй нарадзе па кармавытворчасьці і павышэньні эфэктыўнасьці жывёлагадоўлі.

Вясковец Аляксандар лічыць, што добра было б кіраўніку дзяржавы наведаць ня «глянцавыя» вёскі і гаспадаркі, а «глыбінку». Тут лепей відаць, чаму гаспадаркі нерэнтабэльныя, а спэцыялісты ня надта затрымліваюцца ў вёсцы:

«Напэўна, у яго рукі даходзяць толькі да перадавых гаспадарак. Няхай прыедзе Лукашэнка ў Леніна, у «Чырвоны партызан», то ён там за галаву схопіцца. Любы схопіцца! Трэба неяк усім брацца. Каб чалавек ведаў: прыйду на працу — зараблю ня два мільёны, а пяць, шэсьць, восем мільёнаў. Дык яны будуць у чарзе стаяць — на фэрму, на трактар. А так жа ніхто ня хоча! Маладому скажы, дык ён адказвае: «Дык што, я за 2 мільёны буду гарбаціцца?»
XS
SM
MD
LG