Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Аляксей Шэін: Калі б Хрыстос прапаведаваў сёньня ў Беларусі, яго б арыштавалі


Самы вялікі ягоны жаль за пражытыя трыццаць сем гадоў — што позна, толькі на пятым курсе ўнівэрсытэту, адчуў прысутнасьць Бога. Гэта ж колькі б памылак я не зрабіў, каб раней спасьціг веру ў Хрыста, — кажа палітык, журналіст, літаратар і бацька трох сыноў Аляксей Шэін, герой новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«У Беларусі свабоды сумленьня ў поўнай меры не існуе. Канечне, калі мы паглядзім на мінулае, у якім пражыў наш народ, асабліва на апошнія сто гадоў, то можна сказаць, што цяпер — ня самы горшы час. Не расстрэльваюць нікога за веру ў Бога, не высылаюць. Але калі мы паглядзім на тое, што дзяржава абяцае выконваць у адносінах да грамадзянаў у сфэры свабоды сумленьня, то адназначна — яна гэтых абяцаньняў не выконвае.

Хрысьціянская місія — гэта быць сьвятлом для сьвету і сольлю для зямлі. Так Ісус Хрыстос ахарактарызаваў вернікаў, якія павінны несьці людзям Добрую Вестку. Хрысьціяне, на жаль, у Беларусі ня могуць у поўнай меры гэтую сваю місію выканаць.

Маліцца ўвогуле супольна паводле беларускага заканадаўства можна толькі ў трох месцах: у культавых збудаваньнях, на могілках і ў крэматорыях. Вось у гэтых трох месцах можна супольна маліцца, не атрымліваючы адпаведнага дазволу ўладаў.

А каб зарэгістраваць новую царкву, трэба мінімум дваццаць чалавек. А не заўсёды адразу можна гэтых дваццаць чалавек знайсьці.

У Хрыста, як вядома, было дванаццаць вучняў. І калі б ён дзейнічаў і прапаведаваў у сёньняшняй Беларусі, ён бы быў проста арыштаваны.

Некалькі гадоў таму мы зьнялі дакумэнтальны фільм «Хрыстос забаронены» пра перасьлед пратэстанцкай царквы ў БССР. Фільм прайшоў адбор для паказу на фэсьце рэлігійнага кіно «Магніфікат», але яго зьнялі з праграмы ў дзень паказу. Патэлефанаваў упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў спадар Гуляка і загадаў кіраўніцтву фэсту гэты фільм не паказваць. Што і было зроблена.

Савецкае стаўленьне да вернікаў было ў фільме адлюстравана праўдзіва. Гэтая ж сыстэма працуе і цяпер. Яны проста пазналі сябе ў люстэрку. Як дзейнічалі іх папярэднікі, так яны дзейнічаюць цяпер.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»
Калі я ініцыяваў грамадзкі праект «Моцная сям’я — моцная Беларусь», я яшчэ ня меў сам дзяцей, але ўнутрана я разумеў, што тэма сям’і для Беларусі — тэма, якая крычыць. Крычыць вельмі гучна, і таму, нават яшчэ ня маючы дзяцей, я ўжо ўключыўся ў гэтую справу.

У краіне вельмі шмат няпоўных сем’яў, 30 адсоткаў дзяцей у нас цяпер нараджаецца ў сем’ях, дзе няма бацькі. А там, дзе бацькі ёсьць, то вельмі часта яны ня могуць выконваць свае бацькоўскія функцыі з-за алькагалізму. У нас 600 разводаў на тысячу шлюбаў. Абортаў маем адну з самых высокіх лічбаў у сьвеце.

Можна, вядома, крычаць пра «Гейропу», можна крычаць пра бездухоўнасьць заходняй цывілізацыі і захапляцца духоўнасьцю славянаў, але лічбы кажуць зусім пра іншае.

Мужчына, маючы каля сябе жанчыну, становіцца больш мужным, больш мужчынам, а жанчына становіцца больш жанчынай. Яны знаходзяць у сабе натхненьне адзін праз аднаго, каб магчы рэалізавацца як муж і жонка, як бацька і маці, у нейкіх прафэсійных справах. Калі жонка падтрымлівае мужа, а муж жонку, то гэта добра ўплывае на працу. А дзеці — гэта тое, у што мы ўкладаем з надзеяй на будучыню. Задача бацькоў — знайсьці той талент, тое пакліканьне, якое даў чалавеку Бог у канкрэтным сваім дзіцёнку, і дапамагчы гэтаму дзіцяці ў свабодзе раскрыць гэты талент».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG