Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Мікалаю Дзядку адмянілі дыетычнае харчаваньне


Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Палітвязень магілёўскай турмы Мікалай Дзядок паведаміў сваякам, што яму зноў, як было летась, адмянілі дазвол на дыетычнае харчаваньне.

У вязьня хвароба страўніка, якая ў турме абвастрылася. Летась Мікалая Дзядка абсьледавалі ў турэмным шпіталі ў Менску, але дзейснага лячэньня яму так і не прапанавалі. А цяпер адмянілі і дыетычнае харчаваньне, якое ўвялі ўсяго на месяц. «У выніку Мікалай мусіць сам прымаць пэўныя захады», — паведаміла жонка палітвязьня Валерыя Хоціна.

«Ён выключае некаторыя харчы, якія ў яго выклікаюць гэтыя болі страўніка. Але збольшага, кажа, асаблівых нараканьняў няма. Гэта што тычыцца здароўя.

А яшчэ паведаміў, што некаторы час, як была сьпякота на двары, дык у іх таксама было вельмі горача. Вымушаныя былі па некалькі разоў аблівацца вадой, бо ў камэры было за 30 градусаў, а нічога не праветрываецца. Цяпер сказаў, што лепш, бо і паўсюль пахаладала.

Як заўсёды, ён на некалькі месяцаў наперад падпісваецца на розныя газэты. Просіць амаль мільён рублёў даслаць, бо падпісваецца на ўсё запар, каб быць у курсе падзей. Вельмі яго турбуе Ўкраіна, зьвесткі ў яго, безумоўна, абрывістыя, але пэўныя высновы ён робіць».

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 году зьняволеньня за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны Мікалай Дзядок не прызнаў. Пасьля адмовы напісаць прашэньне аб памілаваньні Дзядка зьмясьцілі ў крытую турму як злоснага парушальніка рэжыму.
XS
SM
MD
LG