Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП не давялося ладзіць зьезд на сьвежым паветры


Зьезд АГП. Архіўнае фота, 2012 год

Зьезд АГП. Архіўнае фота, 2012 год

У Менску распачынаецца справаздачна-выбарны зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Фактычна да апошняга была верагоднасьць таго, што мерапрыемства давядзецца праводзіць на сьвежым паветры — партыйцаў не падтрымалі ні Міністэрства юстыцыі, ні сталічныя ўлады, ні адміністрацыі прадпрыемстваў, якія маюць вялікія залі. Аднак арганізатарам урэшце ўдалося дамовіцца з кіраўніцтвам аднаго зь менскіх гатэляў, куды і прыехалі без малога дзьве сотні дэлегатаў.

У кулюарах заўважаныя і замежныя госьці — у прыватнасьці, сябры Партыі кансэрватараў Літвы, якую ўзначальвае колішні прэм’ер-міністар Андрус Кубіліюс. Тут жа прадстаўнікі расейскага дэмакратычнага руху — вядомы апазыцыйны палітык Уладзімер Рыжкоў і кіраўнік Саюзу правых сілаў Леанід Гозман.

Галоўнай адметнасьцю зьезду будзе абраньне прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году. У сьпісе кандыдатаў — тры асобы: Аляксандар Дабравольскі, Анатоль Лябедзька і Васіль Палякоў. Менавіта ім аддалі перавагу дэлегаты абласных і менскай гарадзкой канфэрэнцыяў.

Зьезд будзе праходзіць па новай формуле — без традыцыйнага дакладу старшыні партыі. Анатоль Лябедзька прапанаваў адразу пачаць адказваць на самыя надзённыя пытаньні.
XS
SM
MD
LG