Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герой Украіны Юры Мушкетык: Расея — жорсткая, несправядлівая і подлая


Нягледзячы на маштабную антытэрарыстычную апэрацыю на ўсходзе Ўкраіны, нядаўна ў Чаркаскай вобласьці прайшлі ўрачыстасьці з нагоды 200-годзьдзя Тараса Шаўчэнкі, у якіх выпала паўдзельнічаць і мне. Там я пазнаёміўся зь вядомым украінскім празаікам, аўтарам шматлікіх гістарычных раманаў, Героем Украіны Юрыем Мушкетыкам. Пісьменьнік ахвотна згадзіўся адказаць на мае пытаньні.

— Пане Юры, юбілей Шаўчэнкі адзначаецца ў час, калі на Данеччыне фактычна ідзе вайна. Што трэба зрабіць, каб яна спынілася?

— Гэта складанае пытаньне. Ужываць зброю з нашага боку не гуманна і, сказаць па праўдзе, небясьпечна. Бо Расея ўвесь час пагражае ўвесьці войскі. Сядаць за стол перамоваў з тэрарыстамі нерэзонна. Яны і ня слухаюць, ды і не заслугоўваюць на тое. Вось такая сытуацыя... Расея гаворыць аб прыцясьненьні расейскамоўнага насельніцтва ў Данбасе. Гэта лухта поўная. Расейскую мову там ніхто не прыцясьняў. У сувязі з гэтым я раскажу вам цікавую гісторыю. Ёсьць на Данбасе горад Марыюпаль. Там да Другой сусьветнай вайны жыла вялікая грамада грэкаў. У іх былі грэцкія школы, радыё, газэты, часопіс, было дзевяць грэцкіх пісьменьнікаў. Тыя грэкі зьбераглі мову Пэрыкла і Гамэра. І вось у 1937 годзе ўсе грэцкія пісьменьнікі былі расстраляныя, школы зачыненыя, радыё, газэты і часопіс — закрытыя, а грэцкі шрыфт вывезьлі ў мора і ўтапілі. Чаму пра гэта Масква маўчыць? А Тарас Шаўчэнка натхняе нас на барацьбу. Яго словы «змагайцеся і пераможаце», якія ён казаў грузінскаму народу, адносяцца і да нас. Уся творчасьць Шаўчэнкі — гэта барацьба, таму ў гэтым кантэксьце ён нам — памочнік.

— Расейскія СМІ як жупелам размахваюць словам «бандэраўцы». Прычым, акцэнт робіцца на іх супрацоўніцтва з фашыстамі.

— Гэта таксама хлусьня. Бандэра сядзеў у нямецкай турме. Яго памочнік па палітычнай частцы, паэт Алег Ольжыч, быў закатаваны гестапа. Яго паплечніца, кіраўніца Саюзу пісьменьнікаў Украіны падчас акупацыі, Алена
Пуцін нас надоўга пасварыў. Да гэтага мы наіўна верылі ў наша нейкае там братэрства. А цяпер у людзей адкрыліся вочы, яны зразумелі, кім насамрэч ёсьць для нас гэтак званы старэйшы брат, якую пятлю ён для нас падрыхтаваў
Тэліга, была расстраляная ў Бабіным Яры. Як можна, маючы такія факты, гаварыць, што бандэраўцы супрацоўнічалі зь немцамі? Праўда, гэта трошкі на сумленьні і вашага Алеся Адамовіча, які ў рамане «Карнікі» напісаў, што ў Беларусі дзейнічалі бандэраўцы. Спачатку ў яго былі ўласаўцы, а потым замест іх зьявіліся бандэраўцы.

— Падчас гутарак з украінцамі тут, на Чаркашчыне, немагчыма не заўважыць, мякка кажучы, выразных антырасейскіх настрояў. А папросту — нянавісьці да Расеі, да яе кіраўніцтва. Як вы лічыце, гэтая нянавісьць — надоўга?

— Думаю, надоўга. Пуцін нас надоўга пасварыў. Да гэтага мы наіўна верылі ў наша нейкае там братэрства. А цяпер у людзей адкрыліся вочы, яны зразумелі, кім насамрэч ёсьць для нас гэтак званы старэйшы брат, якую пятлю ён для нас падрыхтаваў, які бізун. Але час імпэрый мінуў. Распаўся Савецкі Саюз, распадзецца і Расейская імпэрыя — гэтая лахманная дзяржава. Жыве яна за кошт захопленых тэрыторый, дзе — нафта, газ, алмазы і г.д. Я нядаўна чытаў у часопісе «Новый мир» артыкул аднаго расейца зь Якуціі. Ён зьвяртаецца наўпрост да кіраўніцтва Расеі: каб вы ведалі, як нас ненавідзяць якуты! Каб яны не былі такія разрозьненыя, яны б нас сёньня рэзалі. Вось вам карцінка ўнутрырасейская...

— Мы з вамі езьдзім па цэнтральнай Украіне, па мясьцінах Шаўчэнкі, і паўсюль бачым мэмарыялы змагарам за незалежнасьць. Украінцы — зьяднаны народ, і Майдан гэта пацьвердзіў. Чаму ж так сталася з Крымам?

— Гэта было вельмі нечакана. Нашым кіраўніком быў Януковіч, антыўкраінец, васал Пуціна. Пры ім, фактычна, развалілі армію. Але я ўпершыню цяпер пабачыў, што народ прабудзіўся. Масква пускае ўсякую брахню, што Майдан — гэта бандэраўцы. Сьведчу — гэта брахня, я сам там прысутнічаў. Там былі пераважна жыхары Кіева, былі і прыежджыя. Проста людзі былі даведзеныя да адчаю.

— Вы ў сваім паважным веку стаялі на Майдане?

— Не стаяў, проста прыходзіў. Ня буду хлусіць. Я прыходзіў, каб пагаварыць зь людзьмі. Але мае сваякі, мае дзеці там стаялі. Я хачу, каб беларускія гледачы пабачылі фільмы, зьнятыя ў рэзыдэнцыях Януковіча. Скажам, у прэзыдэнта Францыі — адна рэзыдэнцыя, а ў Януковіча — чатырнаццаць. З заапаркам, з фэрмай страўсаў, зь дзясяткамі рарытэтных аўтамабіляў, якія каштуюць мільёны. Народу няма за што жыць, а на стале ў яго ляжаў залаты батон. І такіх рэзыдэнцый — чатырнаццаць.

— У Лукашэнкі іх дванаццаць.

— Бачыце, трошкі не дасягае. У Пуціна, кажуць, іх дваццаць шэсьць. Гэты нягоднік Януковіч рабаваў народ. Толькі ў швэйцарскіх банках на розныя рахункі
Але ў Беларусі ўжо амаль няма беларускай мовы. Ні газэтаў беларускіх, ні беларускамоўных школаў у абласных цэтрах няма. У Менску некалькі ёсьць — напаказ, каб калі хто прыедзе, паказаць. А хто спрыяе русіфікацыі, калі не Лукашэнка?
ён паклаў 40 мільярдаў даляраў — гэта гадавы бюджэт усёй Украіны! Так абакрасьці народ... Але, паўтаруся, пазытыўны бок усяго гэтага — народ прабудзіўся. І думаю, што ён ужо не паддасца.

— Многія ўкраінцы лічаць, што Лукашэнка ў расейска-украінскім супрацьстаяньні на баку Ўкраіны. І з Турчынавым сустракаўся, і Парашэнку павіншаваў, і супраць фэдэралізацыі выказваўся. Вы асабіста верыце Лукашэнку?

— Сказаць па-праўдзе, мала веру — ведаючы палітыку, якую вядзе Лукашэнка. Я не хачу мазаць усё чорным. Ён намагаецца нешта зрабіць, утрымаць у руках эканоміку і г.д. Але ў Беларусі ўжо амаль няма беларускай мовы. Ні газэтаў беларускіх, ні беларускамоўных школаў у абласных цэтрах няма. У Менску некалькі ёсьць — напаказ, каб калі хто прыедзе, паказаць. А хто спрыяе русіфікацыі, калі не Лукашэнка? Таму я яму ня веру. Дай Бог, каб Лукашэнка адумаўся, каб вочы ў яго адкрыліся. Ён ужо шмат гадоў пры ўладзе, і хай бы завершыў сваю кадэнцыю на пазытыве беларускім. Я ведаю, як складана цяпер вашым пісьменьнікам ды іншым творчым людзям. Мы добра знаёмыя, да прыкладу, зь Нілам Гілевічам. Я ведаю, як ён усё жыцьцё ваяваў і ваюе за беларускую мову. У 80-я гады мы зь ім удвох у Маскве на пісьменьніцкіх форумах ваявалі, выступалі, дамаўляліся, хто што скажа, хто падтрымае. Выдатны чалавек, выдатны пісьменьнік.

— Вы доўгі час узначальвалі Саюз пісьменьнікаў Украіны. Разам з Крымам ваша пісьменьніцкая грамада страціла два дамы творчасьці і адпачынку — у Ялце і Кактэбелі. Што б вы ў гэтай сувязі параілі сёньняшняму кіраўніцтву СП?

— Трэба змагацца. Скажам, калі дамы творчасьці трапілі да нас, то мы не рабілі па-хамску. Была крымская пісьменьніцкая арганізацыя, якая лічылася нашай філіяй. Мы ніколі не адмаўлялі крымчанам у набыцьці пуцёвак. Ня ведаю, што цяпер будуць рабіць крымскія пісьменьнікі, ці будуць яны выдзяляць месцы для сваіх калегаў з Украіны. Цяжка сёньня змагацца... Саюз пісьменьнікаў зьвяртаецца да ўраду, а што можа зрабіць урад? Нічога ня можа. Ён, вядома ж, робіць усё магчымае і спадзяецца, што Крым вернецца. Сёньня ў Маскве ва ўсіх СМІ крычаць «Крым наш», бо столькі крыві расейскай праліта за яго... Хіба можна крывёю такія рэчы мераць? А ўкраінская кроў хіба там не лілася? Мы ведаем словы Карла Маркса пра Запароскую Сеч, якая ўратавала Эўропу ад турэцка-татарскай агрэсіі. Але гэта сёньня не бярэцца пад увагу.
Я бачу Ўкраіну эўрапейскай дзяржавай. Я — толькі за НАТА. Калі б мы пасьпелі ўвайсьці ў НАТА, мы сёньня былі б абароненыя
А як далучалі Крым да Ўкраіны? Цяпер пішуць, што Хрушчоў напіўся гарэлкі, наеўся ўкраінскага сала і вырашыў далучыць. Справа ў тым, што Крым тады бедаваў. Сем украінскіх абласьцей кармілі Маскву, тры —Ленінград. Расея тады, у 50-я гады, не магла ўтрымліваць Крым. Магчыма, ініцыятыва ішла ад Хрушчова. За далучэньне Крыму галасавалі Вярхоўны Савет Крыму, Вярхоўны Савет РСФСР, Вярхоўны Савет Украіны і — Вярхоўны Савет СССР. Тысячы дэпутатаў. Дык пры чым тут Мікіта?!

— Якой вам бачыцца будучыня Ўкраіны? Мытны саюз, Эўрасаюз, НАТА — куды вашай краіне трэба кіравацца?

— Я бачу Ўкраіну эўрапейскай дзяржавай. Я — толькі за НАТА. Калі б мы пасьпелі ўвайсьці ў НАТА, мы сёньня былі б абароненыя. Але выйшла замінка. Расея выступае катэгарычна супраць, каб мы былі ў Эўрасаюзе, лае на чым сьвет стаіць ЗША. У Маскве такое пішуць і гавораць пра Амэрыку, што можна здурэць. А ў ЗША як прынялі 300 гадоў таму канстытуцыю, так зь ёю і жывуць. Гэта дэмакратычная і вялікая дзяржава. А нам з Расеяй, я думаю, трэба разарваць усе стасункі. Расея — краіна жорсткая, несправядлівая і подлая. Зь ёю сёньня спраў мець нельга. Магчыма, як-небудзь, калі ў Расеі пераможа дэмакратычны лад, стасункі адновяцца, але сёньня мы павінны разысьціся.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG