Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Масква зноў пагадзілася даць афіцыйнаму Менску новыя матэрыяльныя ільготы і субсыдыі?

Ці дапамогуць расейскія крэдыты ўтрымаць ад дэвальвацыі беларускі рубель? Ці можна сказаць, што расейскія датацыі зьмяншаюць неабходнасьць разьвіваць эканамічнае супрацоўніцтва з Захадам? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць эканамісты Барыс Жаліба і Яўген Прэйгерман.

Цыганкоў: За гэтыя дні праясьнілася карціна таго, што Беларусь атрымае ад Расеі ў найбліжэйшыя гады, у выніку беларуска-расейскіх пагадненьняў і эўразійскай інтэграцыі. Беларусь атрымае крэдыт 2 мільярды даляраў ЗША, таксама ў рамках падпісанага з Расеяй пагадненьня аб парадку разьмеркаваньня экспартных мытаў на нафтапрадукты ў 2015 годзе будзе штомесяц пакідаць у сваім бюджэце 125 мільёнаў рублёў за месяц (гэта паўтара мільярда даляраў за год). Чаму Расея ідзе на гэта?

Жаліба: Лукашэнка скарыстаўся сытуацыяй. Расея ўцягнулася ў падзеі вакол Украіны, пасьля Крыму яна трапіла ў пэўную сусьветную ізаляцыю. Ім было вельмі важна вытрымаць графік, і падпісаць дамову аб Эўразійскім саюзе. Гэта мае для Пуціна сёньня больш палітычнае значэньне.
Адзіным інтэграцыйным рэсурсам Расеі зьяўляюцца грошы
Лукашэнка гэтым скарыстаўся, і прабіў, што паўтара мільярда даляраў на год застануцца ў нашым бюджэце. Таксама прабіў, што наша нафтаперапрацоўка атрымае нафты па максымуму, 23 мільёны, а ў 2016 годзе – яшчэ на мільён больш. Што ён мог вытаргаваць, ён пад гэтую дамову атрымаў.

Пуцін быў вымушаны саступіць, бо ён сёньня выступае як «зьбіральнік зямель», які аднаўляе Расейскую імпэрыю, ці нешта падобнае на Савецкі Саюз, рэйтынг і гэтак далей.

Цыганкоў: Але першапачаткова Менск настойваў на тым, каб усе нафтавыя мыты вярталіся ў беларускі бюджэт. Тое, што будзе вяртацца «толькі» паўтара мільярда на год – можа варта разглядаць не перамогай, а паразай Лукашэнкі?

Прэйгерман: Чаму Беларусь атрымлівае такія падарункі ад Расеі? Проста ў Масквы адзіным інтэграцыйным рэсурсам зьяўляюцца грошы. Калі Расея хоча працягваць інтэграцыю, то яна вымушаная плаціць. Іншая справа, што мы сапраўды атрымалі ня ўсё, што хацелі – бо Расея цяпер проста ў цяжкім стане. Паглядзіце, колькі грошай зараз уцякае з Расеі пасьля Ўкраіны, потым новыя траты на Крым. Ну і да таго ж – нельга ж адразу задаволіць усе пажаданьні Беларусі, трэба пакінуць нейкія рычагі ўзьдзеяньня на Беларусь у будучыні. Таму і атрымаўся такі кампраміс.

Цыганкоў: У адной з нашых перадач Яраслаў Раманчук заявіў, што Лукашэнка з гэтымі падарункамі ад Расеі ўжо перамог на выбарах 2015 году. А на што можа хапіць гэтых 2 мільярдаў расейскага крэдыту ды іншых расейскіх датацыяў? Ці дапамогуць яны ўтрымаць ад рэзкай дэвальвацыі курс беларускага рубля?

Жаліба: 2 мільярды даляраў, якія, як стала вядома, паступяць на працягу двух
Трэба ж «народцу» кінуць нейкую костку
тыдняў – вядома, для Беларусі гэта мала. Яны папоўняць золатавалютныя рэзэрвы і дазволяць Нацбанку не дапускаць рэзкай дэвальвацыі да восені, можа і да зімы – гэта залежыць ад посьпехаў нашага экспарту.

А паўтара мільярда ад мытаў – гэта ўжо ў бюджэт, то бок у перадвыбарчую скарбонку Лукашэнкі. Трэба ж «народцу», як сам Лукашэнка яго называе, кінуць нейкую костку. Грошы лішнімі ня будуць – хаця іх, вядома, таксама мала.

Цыганкоў: Калі ў Лукашэнкі зьяўляюцца праблемы з Расеяй, ён пачынае глядзець на Захад. Але гэтыя новыя датацыі ад Расеі – ці не згуляюць яны тую ролю, што Менск можа адвярнуцца ад Захаду, ад МВФ, маўляў, хопіць нам і расейскай падтрымкі?

Прэйгерман: Агулам формула выглядае так – чым меней грошай, тым болей матывацыі актывізаваць перамовы з Захадам, пераважна па эканамічных пытаньнях. Вядома, тыя грошы, што Беларусь атрымае ад Расеі, спрашчаюць задачу правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў – ня трэба ісьці не нейкія істотныя саступкі Захаду.

Аднак працэс паляпшэньня адносінаў з Эўразьвязам актывізуецца. Гэта можа быць, ня вельмі відаць публічна, але на тэхнічным, дыпляматычным узроўні гэтыя працэсы ідуць. Фактычна і прэзыдэнцкая кампанія гэта падштурхоўвае, бо кепскія стасункі з Захадам падчас выбараў – гэта дадатковы выклік для беларускай палітычнай сыстэмы.

Што тычыцца прадпрымальнікаў з Захаду і інвэстыцыяў, то тут ёсьць шмат аб’ектыўных перашкодаў. Бо мала хто з бізнэсмэнаў пойдзе ў такую краіну, дзе, як падчас чэмпіянату, могуць «рэкамэндаваць» не прадаваць замежнае піва. Усё гэта ўплывае на інвэстыцыйны клімат, і пакуль няма падставаў чакаць наплыву замежных інвэстараў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG