Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СНД без Украіны — не СНД


Сьцяг на будынку выканкаму СНД у Менску

Сьцяг на будынку выканкаму СНД у Менску

30 траўня ў Менску прайшло чарговае паседжаньне Рады кіраўнікоў урадаў краінаў СНД. Перад яго пачаткам удзельнікаў прыняў Аляксандар Лукашэнка, які казаў пра тое, што СНД, хоць і перажывае цяпер складаны пэрыяд, як інтэграцыйная структура сябе не зжыла. Ва Украіне, аднак, лічаць інакш.

Аляксандар Лукашэнка заклікае не сьпяшацца з выхадам з СНД. На яго думку, Садружнасьць застаецца добрай перамоўнай пляцоўкай, на якой можна абмяркоўваць розныя пытаньні, у тым ліку і ў двухбаковым парадку, і ў прыватным.

Пра тое, што з СНД ня варта разьвітвацца, апошнім часам гавораць шмат, — адзначае палітоляг Андрэй Фёдараў:
Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

«На мой погляд, гэта хутчэй такая даніна абставінам. Я ня бачу, напрыклад, якія пэрспэктывы ў гэтай структуры. Пасьля СНД было створана яшчэ нямала іншых арганізацыяў. У кожную спрабавалі ўносіць нешта новае. Але ніводная зь іх па-сапраўднаму дагэтуль так і не запрацавала. І яшчэ, дарэчы, невядома, ці будзе працаваць гэты Эўразійскі саюз?

А СНД выканала сваю ролю такога разводнага арганізму. І больш зь яе, я думаю, атрымаць нічога ня ўдасца».

СНД ужо страціла Грузію. На чарзе — Украіна. Гэтая краіна ў красавіку заявіла пра выхад з Садружнасьці. Яна адклікала старшыню свайго прадстаўніцтва пры штаб-кватэры ў Менску, хоць само прадстаўніцтва пакуль працягвае працу. Да таго ж статут СНД складзены так, што поўная працэдура выхаду займае адзін год. Сёньня на сустрэчы ў Менску Ўкраіна фармальна прадстаўленая сваім амбасадарам у Беларусі Міхаілам Ежэлем.

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Без Украіны і СНД, і Эўразійскі саюз губляюць сэнс», — мяркуе эканаміст Сяргей Чалы:

«Без Украіны ўся постсавецкая інтэграцыя, пра якую так марыць Расея, асаблівага сэнсу ня мае. Для Пуціна распад Савецкага Саюзу — гэта найвялікшая геапалітычная катастрофа. Адпаведна, галоўнай мэтай яго зьнешняй палітыкі становіцца зьбіраньне зямель.

А Ўкраіна — гэта ж, як раз за разам падкрэсьліваюць у Маскве, славянская дзяржава, „маці гарадоў рускіх“. Дый насельніцтва ж 40 мільёнаў. І таму існаваньне самастойнай Украіны па-за межамі СНД ці Эўразійскага саюзу — гэта надзвычай моцны ўдар па такіх плянах. То бок, на думку Крамля, само яе існаваньне па-за межамі ўплыву Расеі ёсьць пагроза для Расеі».

Дарэчы, хоць сёньняшняя сустрэча паўсюль падаецца як саміт кіраўнікоў урадаў краін СНД, далёка ня кожны зь яе ўдзельнікаў — прэм’ер. Так, Казахстан і Азэрбайджан прадстаўляюць першыя намесьнікі кіраўнікоў урадаў, а Ўзбэкістан і Туркмэністан — нават ня першыя віцэ-прэм’еры.

На паседжаньні яны разгледзелі два дзясяткі розных пытаньняў. Беларускі прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч паведаміў журналістам, што зафіксаваныя дамоўленасьці аб супрацы ў інавацыйнай галіне, у сфэры навігацыі, аб абмене навукова-тэхнічнай інфармацыяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG