Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмяротнае пакараньне як спосаб барацьбы з палітычнымі апанэнтамі


Сцэнарыст фільму «Шэсьць аргумэнтаў супраць сьмяротнага пакараньня» Паліна Сьцепаненка

Сцэнарыст фільму «Шэсьць аргумэнтаў супраць сьмяротнага пакараньня» Паліна Сьцепаненка

Чацьвёрты фільм сэрыі «Шэсьць аргумэнтаў супраць сьмяротнага пакараньня» распавядае пра забойствы палітычных апанэнтаў і масавыя расстрэлы.

Сэрыю выпускаюць праваабарончы цэнтар «Вясна» і кампанія «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня».

Распавядае сцэнарыст фільму і аўтар ідэі Паліна Сьцепаненка:

«Чацьвёрты аргумэнт супраць сьмяротнага пакараньня павінен разбурыць стэрэатып пра тое, што сьмяротнае пакараньне тычыцца толькі цяжкіх злачынцаў, пэдафілаў, маньякаў. Фільм нагадвае, што калі ў краіне ёсьць сьмяротнае пакараньне, то яно можа быць выкарыстанае і супраць палітычных апанэнтаў. Гэта могуць быць пазасудовыя пакараньні, якія зьдзяйсьняюцца ад імя дзяржавы.

Тут мы нагадваем пра сталінскія часы, калі сьмяротныя пакараньні былі масавымі. Цяпер гэтыя часы пачынаюць ідэалізавацца ў грамадзтве, будуюцца „лініі Сталіна“, ідэалізуецца СССР. А гэта часы, калі людзі ня ведалі, калі па іх прыйдуць і ці прыйдуць. А можа, прыйдуць твае добрыя знаёмыя, суседзі, якія і павядуць цябе на расстрэл.

У фільме скарыстаныя матэрыялы кнігі „Хронікі палітычнага тэрору“, якая выйшла ў гэтым годзе. Яе рабілі Андрэй Аляхновіч і Сяргей Дубавец. Ёсьць адзін агульны герой — Іран Ашкер. Яна дае ўнікальнае сьведчаньне пра тое, як яе маці бачыла, як бацьку выводзілі на расстрэл. Звычайна гэта адбываецца таемна. А тут проста яго вывелі з брамы аршанскай турмы, і ён махнуў рукой і сказаў: „Мяне не чакайце. Ідзіце дадому“.

І, безумоўна, мы паказваем сучасную Беларусь — згадваем тых людзей, якія зьніклі і лёс іх дагэтуль невядомы. Таксама ёсьць фрагмэнт, дзе гэтыя зьнікненьні камэнтуе Алег Алкаеў, былы начальнік менскага СІЗА».
XS
SM
MD
LG