Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва Bosch пра дзейнасьць у Крыме: лепш страціць грошы, чым давер


Паўнамоцны прадстаўнік групы Bosch у краінах СНД Герхард Пфайфэр
Паўнамоцны прадстаўнік групы Bosch у краінах СНД Герхард Пфайфэр

Міжнародныя інвэстары рэагуюць на сілавое ўсталяваньне расейскай улады ў Крыме, прыпыняючы дзейнасьць на колішняй украінскай тэрыторыі. Гэтаксама карэктуецца праца ў мяцежных рэгіёнах Усходу і Поўдня Ўкраіны — там супрацоўнікі замежных офісаў пераводзяцца на дыстанцыйны рэжым працы.

Паўнамоцны прадстаўнік групы Bosch у краінах СНД Герхард Пфайфэр падчас гадавой справаздачнай прэс-канфэрэнцыі ў Маскве адказаў на пытаньні Радыё Свабода адносна працы кампаніі ва Ўкраіне. У прыватнасьці, ён зазначыў, што цяпер асноўная задача — гарантаваць бясьпеку супрацоўнікам:

«Што тычыцца сытуацыі ва Ўкраіне, то мы адсочваем усе падзеі і, зразумела, спрабуем ацаніць іх наступствы для нашай дзелавой дзейнасьці. Перадусім гэта тычыцца захаваньня жыцьця нашых супрацоўнікаў. Таму што наша першачарговая задача палягае ў тым, каб гарантаваць бясьпеку людзям, якія задзейнічаныя ў структурах нашай кампаніі, і ў гэтым пляне мы робім усё, што ад нас залежыць. З гэтай прычыны ў некаторых рэгіёнах людзі працуюць аддалена — з дому. Але ўсё, само сабой, залежыць ад канкрэтнага горада, у якім яны пражываюць».

Група Bosch мае на ўкраінскім рынку разгалінаваную структуру. Аднак крызісная сытуацыя ў эканоміцы і палітыцы прывяла да згортваньня дзелавой актыўнасьці, і абарот кампаніі за мінулы год не дацягнуў да 50 мільёнаў эўра. Для параўнаньня, у Беларусі, дзе рынак і чалавечы рэсурс на парадак меншыя, гэты паказьнік летась склаў 60 мільёнаў эўра. Між тым, як кажа Герхард Пфайфэр, не да месца падлічваць страты, калі гаворка ідзе пра лёс людзей:

«Наш прынцып адназначны: настаюць моманты, калі неабходна аддаць больш увагі пытаньням абароны сваіх супрацоўнікаў, арганізацыі іх бясьпекі, чым дасягненьню нейкіх бізнэс-паказьнікаў. У гэтым зьвязку хачу толькі працытаваць заснавальніка нашай кампаніі Робэрта Боша, які даўно сказаў: лепш страціць грошы, чым давер. Таму найпершая наша задача — забясьпечыць спакой людзей; другая — засьцерагчы свой бізнэс; і толькі трэцяя — працягваць ажыцьцяўленьне дзелавой дзейнасьці ў канкрэтнай краіне».
Найпершая наша задача — забясьпечыць спакой людзей; другая — засьцерагчы свой бізнэс; і толькі трэцяя — працягваць ажыцьцяўленьне дзелавой дзейнасьці ў канкрэтнай краіне

Асаблівы клопат для міжнародных кампаніяў зьвязаны з Крымам, дзе пасьля расейскай анэксіі самапрызначаныя ўлады пачалі ўсталёўваць новыя парадкі. Абсалютная бальшыня замежных прадстаўніцтваў мусілі прыпыніць альбо згарнуць сваю прысутнасьць на тэрыторыі, дзе банкаўская сыстэма спаралізаваная, а законы перапісваюцца на расейскі ўзор. Спадар Пфайфэр кажа, што на неакрэсьлены час бізнэс Bosch у Крыме пераведзены ў рэжым чаканьня:

«Адказваючы на пытаньне наконт Крыму, магу толькі сказаць, што мы будзем працягваць выконваць свае кантрактныя і маральныя абавязаньні перад спажыўцамі і перад нашымі партнэрамі. Але і ў дадзеным выпадку самым дакладным адказам на гэтае пытаньне, зноў жа, было б выслоўе Робэрта Боша пра тое, што няма нічога даражэйшага за давер. Таму калі мы ня маем пэўнасьці, як будзе разьвівацца наша дзейнасьць у дадзеным рэгіёне, то лепш пачакаць, пакуль усё праясьніцца, і толькі пасьля гэтага зноў пачынаць дзейнічаць».

Суразмоўца не выключае, што вяртаньне на тыя ці іншыя тэрыторыі можа зацягнуцца. З аднаго боку, няма дакладнага разуменьня, заканадаўчая база якой дзяржавы дзейнічае на анэксаванай паўвысьпе, зь іншага боку, адсутнічае адзінства датычна Крыму ў шэрагах Эўразьвязу. У такой сытуацыі нічога не застаецца, як набрацца цярпеньня:

«Цяпер існуюць розныя пункты гледжаньня адносна таго, як будуць вырашацца прававыя пытаньні і чыё заканадаўства будзе надалей ужывацца на тэрыторыі Крыму. Ва ўмовах, калі нават заходнеэўрапейскія дзяржавы разыходзяцца ў думках ня толькі з Расеяй, але і паміж сабой, мы пакуль занялі пазыцыю чаканьня. Прынамсі да таго часу, пакуль сытуацыя дакладна і зразумелым чынам не праясьніцца».

З анэксаванага Крыму на мацярык сыходзяць многія міжнародныя гульцы з украінскай ці замежнай доляй у капітале: банкаўскія і фінансавыя ўстановы, мабільныя апэратары, шэраг брэндавых рытэйлераў і нават рэстараны сеткі «Макдоналдс».

На тле палітычных і эканамічных праблемаў ва Ўкраіне бізнэс пад шыльдай Bosch дэманструе рост у Беларусі. Спадар Пфайфэр удакладняе, што падставай таму — нармалізацыя сытуацыі на фінансавым рынку пасьля абвальнага 2013-га.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG