Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі блякуюць чачэнскія сайты?


З тэрыторыі Беларусі немагчыма зайсьці на чачэнскія і каўкаскія інтэрнэт- рэсурсы www.kavkazcenter.com, www.kavkaz.tv, www.kavkazcenter.net, www.kavkaz.org.uk, www.kavkazcenter.info, www.kavkaznews.com і www.kavkazcenter.com.

Пры спробе гэта зрабіць адбываецца перанакіраваньне на старонку расейскага правайдэра «Білайн», які паведамляе, што «ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам апэратар сувязі абмяжоўвае доступ да інфармацыі, забароненай да распаўсюду, паводле рашэньня суду ці ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа». Падставай для блякіроўкі называецца запіс № 985 Фэдэральнага сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Экспэрт у галіне камунікацыяў Аляксей Лявончык лічыць, што прычына блякаваньня — не ў рашэньні беларускага апэратара электрасувязі «Белтэлекам», а ў тэхнічных асаблівасьцях арганізацыі інтэрнэт-сувязі ў Беларусі:

«Калі б гэта была праблема „Белтэлекама“, то зьяўлялася б паведамленьне пра памылку 404 — рэсурс ня знойдзены. А тут перанакіраваньне ідзе праз інфраструктуру расейскага апэратара „Білайн“, празь іхнія кабэлі. Атрымліваецца, што калі нехта хоча зайсьці на гэтыя сайты, запыт перанакіроўваецца на „Білайн“ і, адпаведна, натыкаецца на гэтую блякіроўку. Гэта значыць толькі тое, што ў Расеі забаронены доступ да гэтых сайтаў. У нас амаль 80 адсоткаў трафіку ідзе праз расейскі канал, таму карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі і сутыкнуліся з блякаваньнем сайтаў, якія ўнесеныя ў Расеі ў сьпісы экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Паводле экспэрта, няма розьніцы, зь якой краіны спрабаваць зайсьці на блякаваныя сайты.

«Там блякаваньне стаіць ня толькі для расейскіх IP-адрасоў, а для ўсіх абсалютна. То бок няма розьніцы, хто і адкуль хоча трапіць на гэтыя сайты. Калі гэтыя сайты дзесьці праходзяць праз структуру „Білайна“, яны проста рэжуцца. У той жа час на гэтыя сайты можна трапіць праз мабільную сувязь „Вэлком“ — гэта значыць, што ў гэтым выпадку запыт праходзіць не праз Расею, а праз заходні канал, на які ў Беларусі прыпадае каля 15% трафіку. Ніколі не вядома, якім чынам пойдзе запыт, на гэты працэс уплывае вельмі шмат чыньнікаў, самы відавочны сярод якіх — загружанасьць каналаў», — кажа Аляксей Лявончык.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG