Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску ўшанавалі памяць 53 загінулых на Нямізе


У менскім Сьвята-Духавым катэдральным саборы адбылася памінальная служба з нагоды 15-й гадавіны масавай гібелі людзей у пераходзе станцыі мэтро «Няміга». 30 траўня 1999 году падчас піўнога фэсту ў цісканіне загінулі 53 чалавекі. У набажэнстве ўзялі ўдзел блізкія і сябры ахвяраў трагедыі. Разам яны прайшлі хросным ходам да месца трагічнага здарэньня.

Каля мэмарыяльнага знаку сьвятары катэдральнага сабору памаліліся і прачыталі імёны ўсіх загінулых, прысутныя ўсклалі кветкі. Прадстаўнікі дзяржаўных уладаў удзелу ў жалобнай імпрэзе не прымалі.

Памінальныя службы ў 15-ю гадавіну трагедыі адбыліся таксама на могілках, дзе пахаваныя ахвяры трагедыі, і ў саборы Ўсіх Сьвятых, дзе ў адмысловай крыпце ўсталяваная памятная шыльда.


30 траўня 1999 году 53 чалавекі загінулі і 250 атрымалі траўмы ў цісканіне, калі падчас піўнога сьвята людзі пабеглі ў мэтро, ратуючыся ад залевы. Паводле факту масавай гібелі людзей была распачатая крымінальная справа. Сьледзтва прыйшло да высновы, што прычынай трагедыі стаўся зьбег абставінаў. Начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Менгарвыканкаму Віктар Русак і начальнік аддзелу масавых мерапрыемстваў Міхаіл Кандрацін былі прызнаныя вінаватымі ў неналежным выкананьні службовых абавязкаў, але да адказнасьці іх не прыцягнулі. Для абароны сваіх правоў бацькі загінулых стварылі грамадзкую арганізацыю «Няміга-99». Неўзабаве ўлады яе ліквідавалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG