Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыплямат з Кіева: Ад агрэсіі Пуціна пацерпіць расейскі народ


Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд запрасіў пераможцу прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне Пятра Парашэнку на сьвяткаваньне 70-годзьдзя высадкі саюзьніцкіх войскаў у Нармандыі.

А кіраўнік польскай дзяржавы Браніслаў Камароўскі запрасіў Парашэнку наведаць Польшчу, дзе пройдуць урачыстасьці з нагоды Сьвята свабоды. Ва ўрачыстых мерапрыемствах, якія пройдуць 3–4 чэрвеня ў Варшаве, возьмуць удзел прэзыдэнты ЗША, Францыі і Нямеччыны.

Амбасадар па асобых даручэньнях МЗС Украіны Андрэй Весялоўскі ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што апошнія міжнародныя кантакты, якія праводзіць абраны прэзыдэнт, сьведчаць пра тое, што «сьвет падтрымліваў Украіну неканьюнктурна, што сьвет будзе яе і ў далейшым падтрымліваць».

«Запрашэньне ў Нармандыю на тое сьвятое месца, дзе адбылася высадка саюзьнікаў і адкуль пачалася ялцінская сыстэма, а затым і хэльсынская сыстэма міжнародных адносін, — гэта пэўны сымбаль: мы хочам вяртаньня да стабільнасьці, прадказальнасьці ў Эўропе, якая закладвалася цягам многіх дзесяцігодзьдзяў. Украіна будзе ўдзельніцай гэтай сыстэмы стабільнасьці і бясьпекі. Украіна будзе важным гульцом, які знаходзіцца ў коле такіх жа важных вядучых дзяржаў».

Паводле Андрэя Весялоўскага, крэдыт даверу Ўкраіне надзвычайны.
Пазыцыя своеасаблівага ленд-лізу была нядаўна выказана новаабраным прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам. Прапанова цалкам разумная і правільная. Я не выключаю, што яна будзе падтрымана
«Але ніколі пры гэтым не існавала такога ўсеагульнага разуменьня ў Эўропе і ў сьвеце, што Ўкраіна значыць вельмі шмат і Ўкраіна, магчыма, зьяўляецца сымбалем стабільнасьці і прадказальнасьці ўсясьветнай бясьпекі ў цэлым. Цяпер гэта ёсьць. Крэдыт даверу, крэдыт ня толькі фінансавы, які мы бачым, і крэдыт надзей, які даецца сёньня Ўкраіне, надзвычайны. І таму кожны крок і кожнае дзеяньне новаабранага прэзыдэнта, ураду, які сёньня ўжо дзейнічае досыць пасьпяхова амаль тры месяцы, будуць уважліва аналізавацца, уважліва падтрымлівацца».

Адказваючы на пытаньне пра вайсковую дапамогу Ўкраіне ў рамках ленд-лізу, спадар Весялоўскі адзначыў:

«Пазыцыя своеасаблівага ленд-лізу была нядаўна выказана новаабраным прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам. Прапанова цалкам разумная і правільная. Я не выключаю, што яна будзе падтрымана. Адзінае, што я ня меў бы асаблівых, надзвычайных спадзяваньняў на гэта. Чаму? Перш за ўсё — гэта ўсё трэба перавезьці фізычна, даць людзям і навучыць іх гэтым карыстацца. Гэта няпроста. Гэтым займаюцца на працягу месяцаў. Падрыхтаваныя ўжо прадстаўнікі ўзброеных сілаў заходніх краін. Для нашых салдат гэта былі б новыя рэчы, якімі трэба ўмець карыстацца.

І другое. АТА, якая цяпер разгортваецца, павінна мець (гэта зноў жа адзначыў Парашэнка) хуткаплынны характар​. Інакш яна зацягваецца і ператвараецца ў бясконцую вайну. Нам ня трэба ізраільска-палестынскае супрацьстаяньне № 2 тут. Таму сёньня ўсё вырашае зброя, якая ёсьць. І галоўнае — гэта існуючы баявы дух».

Парашэнка ў інтэрвію The Washington Post адзначыў, што для абароны незалежнасьці Ўкраіны дзяржава павінна ўмацоўваць сваё войска і на гэтым этапе Ўкраіна мае патрэбу ў прамой ваеннай дапамозе ЗША.

«І заканчваць можна было б наступным. Перамогшы тэрарызм і злачынныя групоўкі агрэсара на нашай тэрыторыі ў бліжэйшы час, несумненна, нам гэтую зброю трэба ня толькі асвойваць, але пачынаць вырабляць у сябе дома. Украіна заўсёды была вядомая як вытворца самай сучаснай зброі. І крышку вырабляем і цяпер».
Адносна звароту Прыднястроўя да Расейскай Фэдэрацыі — на жаль, гэта ня першы зварот, такія звароты ўжо былі. Ужо адбываліся і рэфэрэндумы аб незалежнасьці, і гэтак далей
Спадар Весялоўскі — спэцпрадстаўнік Украіны па ўрэгуляваньні прыднястроўскага канфлікту, які ўжо доўжыцца больш за 20 гадоў. На пытаньне, ці можа быць ва Ўкраіне «Прыднястроўе-2» у зьвязку з падзеямі ў Луганскай і Данецкай абласьцях, амбасадар адказаў так:

«Для гэтага там і праводзіцца АТА, каб яго не адбылося. Вы згадалі, што гэтае ўрэгуляваньне працягваецца больш за два дзесяцігодзьдзі. Гэта правільна. І мы ведаем, чаму яно доўжыцца так доўга, якія гэтаму ёсьць прычыны.

Адносна звароту Прыднястроўя да Расейскай Фэдэрацыі — на жаль, гэта ня першы зварот, такія звароты ўжо былі. Ужо адбываліся і рэфэрэндумы аб незалежнасьці, і гэтак далей. На шчасьце, існуе перамоўны фармат „5 +2“, які прадугледжвае ўдзел Украіны, Расейскай Фэдэрацыі, АБСЭ, а таксама назіральнікаў ад ЭЗ і ЗША, дзе ўдзельнікі, бакі гэтых перамоваў у Ціраспалі і ў Кішынёве спрабуюць знайсьці выйсьце з гэтай сытуацыі. Вось гэты фармат існуе. Бліжэйшым часам, праз тыдзень, адбудзецца чарговы раўнд перамоваў. Гэта сьведчыць пра тое, што, нягледзячы на сытуацыю ва Ўкраіне, нягледзячы на Крым, нягледзячы на агрэсію ва ўсходніх абласьцях Украіны, існуе дастаткова здаровага сэнсу, у тым ліку і ў Прыднястроўі, у людзей, якія разумеюць, што, дэстабілізаваўшы сытуацыю там, атрымаюць кроў, сьмерць і разбурэньні».

Крытыкі цяперашніх дзеяньняў Крамля лічаць, што Пуцін, наадварот, зацікаўлены ў далейшай дэстабілізацыі і ва Ўкраіне, і ў Прыднястроўі. Спадзявацца на нейкае ўрэгуляваньне марна, таму што яму чым горш, тым лепш. На гэта спадар Весялоўскі сказаў:

«Вядома, могуць быць і такія намеры. Але не бясконцыя рэсурсы ў Маскве, не бяздонная гэтая бочка, зь якой бяруцца і зброя, і людзі, і грошы. І рэсурсаў ня так шмат, і выканаўцаў ня так шмат, як хацелася б ім.

Няма мяжы прагнасьці, але ёсьць межы рэальных магчымасьцяў. І я думаю, што ня толькі ва Ўкраіне гэта разумеюць, але і ў Эўропе, у ЗША гэта разумеюць. Таму і папярэджваюць кіраўнікоў у Крамлі: вы можаце падарваць усе рэсурсы ў Расеі, вы страціце тую Расею, якую цяпер маеце, пацерпіць ад гэтага расейскі народ, які цяпер па дурасьці слухае вашы байкі, і вялікая Расея ніколі не адродзіцца, як калісьці не змагла адрадзіцца вялікая Манголія, заваяваўшы паўсьвету».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG