Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня паховіны генэрала Войцеха Ярузэльскага


Генэрал Войцех Ярузэльскі, які памёр на гэтым тыдні, сёньня будзе пахаваны на могілках «Павонзкі» (Powązki) у Варшаве, на якіх традыцыйна хаваюць заслужаных для краіны людзей.

У пахаваньні, якое адбудзецца з поўным вайсковым цырыманіялам, возьмуць удзел два былыя прэзыдэнты Польшчы — Лех Валэнса і Аляксандар Квасьнеўскі — ды цяперашні прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі. Паводле польскіх СМІ, разьвітальную прамову над магілай Войцеха Ярузэльскага скажа Аляксандар Квасьнеўскі.

Паховіны генэрала Войцеха Ярузэльскага адбудуцца пасьля жалобнай імшы ў адным з каталіцкіх касьцёлаў у сталіцы Польшчы.

Факт, што аднаго з найбольш вядомых камуністычных палітыкаў, які пры жыцьці неаднойчы падкрэсьліваў свой атэізм, пахаваюць пасьля жалобнай багаслужбы, выклікаў немалую сэнсацыю ў Польшчы.

«Можна сказаць, што тут праявілася Божая ласка. Пад самы канец свайго жыцьця, 13 дзён перад апошняй стадыяй хваробы, будучы ў шпіталі на вуліцы Шасэраў, генэрал Ярузэльскі сьвядома, з уласнай волі, не кіруючыся ніякімі падказкамі ці намовамі, папрасіў вайсковага сьвятара адбыць споведзь, адбыў яе, атрымаў адпушчэньне грахоў, выказаў жаль за грахі. Гэтым самым ён выканаў усе кананічныя ўмовы, каб пасьля доўгай дарогі зноў прыняць Ісуса Хрыста ў сваім сэрцы», — сказаў польскім журналістам ксёндз Робэрт Макшыцкі.

Ксёндз Макшыцкі таксама нагадаў, што Войцех Ярузэльскі, які нарадзіўся ў 1923 годзе, быў ахрышчаны ў каталіцкім абрадзе.

На гэтым тыдні ў Польшчы чуліся заклікі з боку некаторых палітыкаў правага крыла не дапусьціць пахаваньня генэрала Ярузэльскага на «Павонзках», арганізаваўшы там масавую малельную сустрэчу і заблякаваўшы доступ да могілак.

Генэрал Войцех Ярузэльскі быў першым сакратаром Польскай аб’яднанай рабочай партыі, прэм’ер-міністрам і міністрам абароны Польшчы ў камуністычным пэрыядзе. 13 сьнежня 1981 ён увёў у краіне ваеннае становішча, ізаляваўшы ў месцах адасабленьня каля дзесяці тысяч дзеячоў прафсаюзу «Салідарнасьць». Падчас ваеннага становішча ў сутычках зь міліцыяй загінулі некалькі дзясяткаў чалавек.

У 1989 годзе Войцех Ярузэльскі ў выніку дамовы з апазыцыяй давёў да першых часткова дэмакратычных выбараў у камуністычнай Польшчы, стаў апошнім прэзыдэнтам Народнай Польшчы (1989) і першым прэзыдэнтам посткамуністычнай Польскай Рэчы Паспалітай (1989-1990).

Лех Валэнса, якога Войцех Ярузэльскі зьняволіў амаль на год пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча, публічна прымірыўся зь генэралам і наведаў яго падчас хваробы ў шпіталі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG