Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шапран: «Ён трымаў кнігу ў руках, паднёс да вуснаў»


Сяргей Шапран
Сяргей Шапран

Сяргей Шапран стаў складальнікам апошняй кнігі вершаў Генадзя Бураўкіна пад назвай «Нагаварыцца з зоркамі», якая мае выйсьці на наступным тыдні.

Спадар Шапран распавёў карэспандэнту Свабоды пра гэтую кнігу:

«Якраз сёньня роўна два тыдні, як мне патэлефанаваў Генадзь Мікалаевіч, ён быў цяжка хворы і папрасіў прыйсьці. У яго было тры просьбы. Адна зь іх — скласьці кнігу яго вершаў апошняга часу з двух нататнікаў, якую ён не пасьпеў зрабіць. Там пераважна вершы 2010-2013 гадоў, апошні верш датаваны 21 сьнежня мінулага года. Бальшыня вершаў не друкаваліся. У кнізе больш за 120 вершаў. Генадзь Мікалаевіч папрасіў вельмі сьпяшацца з гэтай кнігай і на наступны дзень сказаў, што ў мяне на гэта ёсьць два тыдні. Дзякуючы ўсёй той камандзе, якая працавала над кнігай, сыгнальны экзэмпляр кнігі быў у Генадзя Мікалаевіча. А наклад чакаецца на наступным тыдні. Генадзь Мікалаевіч сам прапанаваў назву — словы са свайго верша: «Нагаварыцца з зоркамі». У мінулы аўторак мы прынесьлі яму кнігу. Ён яе трымаў у руках, паднёс да вуснаў. Ён казаў раней, што яго самае галоўнае жаданьне, гэта ўбачыць гэту кнігу. І гэты цуд мы зьдзейсьнілі, бо кніжка выйшла роўна праз тыдзень, як я заняўся гэтай працай.

Генадзь Мікалаевіч сыходзіў вельмі мужна. І гэта проста ўражвала. Ён ні на што не скардзіўся. Апошнім часам я бываў у доме Бураўкіных штодня. Я сказаў Генадзю Мікалаевічу, памятаеце, калі мы былі з вамі ў Васіля Ўладзімеравіча Быкава ў Бараўлянах, вы казалі, што Васіль сыходзіў мужна. Дык вось я магу сказаць вам тое ж самае, што вы трымаецеся вельмі мужна, паводзіце сябе вельмі годна. І на гэта Генадзь Мікалаевіч сказаў «Дзякуй, я стараюся».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG