Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Раніцай на 78-ым годзе жыцьця памёр паэт і дзяржаўны дзеяч Генадзь Бураўкін. Адпяваньне і разьвітаньне з паэтам Генадзем Бураўкіным пачнецца 31 траўня з 11.30 у менскім Сьвята-Петрапаўлаўскім саборы (вуліца Ракаўская, 4).

Генадзь Бураўкін памёр сёньня раніцай у сваёй менскай кватэры на 78-м годзе жыцьця. Апошнія месяцы ён змагаўся з анкалягічным захворваньнем.

Бураўкін. Апошняя кніга

Недаляравы мільянэр


Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:

Аляксандар Лукашук

Аляксандар Лукашук

Апошні раз мы бачыліся з Генадзем Бураўкіным у сакавіку – разам з Уладзем Арловым зайшлі ў адведкі ў іх з жонкай Юляй гасьцінны дом. У той дзень, нягледзячы на доўгую хваробу, ён выглядаў і трымаўся выдатна – дзьве гадзіны жывой гутркі праляцелі як пяць хвілін. Гаспадар сядзеў пад партрэтам Янкі Купалы, гаворка ішла пра маладых ляўрэатаў прэміі «Дэбют» – ён жыва цікавіўся імёнамі, выбарам журы, памятаю, шкадаваў, што Зьміцер Дашкевіч, якога ён высока цаніў за апавяданьне «Чарвяк», ня стаў ляўрэатам. Гаварылі пра загадкі Купалы, ён расказваў пра старэйшых пісьменьнікаў, пра Быкава, пра тое, як адбіўся ад прызначэньня на пасаду другога сакратара ЦК камсамолу і раззлаваў Машэрава, але не адбіўся ад «Правды», і ўсё ж сышоў адтуль у часопіс «Маладосць», а потым на тэлебачаньне, ужо пры падтрымцы Машэрава. Я распытваў пра гісторыю легендарнай «Калыханкі» – калі ў Амэрыцы, дзе ён быў ужо амбасадарам, уведалі, што яе штодня граюць на тэлебачаньні, дык зьдзівіліся, нашто мільянэру працаваць дыпляматам?!..

Ён быў мільянэрам – але не даляравым.

Любімы паэт беларускіх дзяцей, любімы амбасадар беларускай дыяспары, любімы кіраўнік беларускага тэлебачаньня... Яго любілі Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін, найлепшыя беларускія паэты, музыкі, мастакі. Яго жонка Юля і дзеці жылі ў полі шчасьця, якое заўсёды было ўзаемным, як і яго блізкія і далёкія сяброўствы.

Генадзь Бураўкін — гэта любоў, якая пераходзіць у каханьне, і каханьне, якое становіцца паэзіяй.

Валянцін Жданко: Бураўкін вельмі хацеў дажыць да новай Беларусі

Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Часам ён заходзіў да нас на Свабоду: жыў побач. Адкрыты, прыязны, таварыскі. Выказваўся пра пачутае ў эфіры — добразычліва, але і крытычна, як прафэсіянал у журналістыцы і палітыцы. Свабоду ён слухаў часта, асабліва калі жыў на лецішчы.

Вельмі хацеў дажыць да новай Беларусі. Адкрыта пра гэта не казаў, хоць жаданьне такое ўвесь час адчувалася і ў развагах ягоных, і ў вершах.

...На маім стале — адна з апошніх ягоных кніг «Лісты да запатрабаваньня» зь цёплым сяброўскім надпісам. Шчымлівая, сьветлая, разьвітальная лірыка.

Ён шмат пасьпеў зрабіць. Тое тэлебачаньне і радыё, якім ён кіраваў у 70–80-я гады, было беларускім у несувымерна большай ступені, чым цяперашняе. Літаратурныя і моўныя праграмы, тэле- і радыёспэктаклі, беларускамоўныя інфармацыйныя і аналітычныя перадачы...Дзе ўсё гэта сёньня?

Спадчыну Генадзя Мікалаевіча на БТ вынішчылі амаль дарэшты. Засталася хіба толькі «Калыханка». Хацелі зьнішчыць і яе — не атрымалася. Проста таму, што ніхто нічога больш таленавітага ў гэтым жанры за мінулыя дзесяцігодзьдзі не стварыў. І наўрад ці напіша ў блізкай будучыні.

Увечары зноў уключу яе для свайго маленькага сына. Хоць гучаць яна сёньня будзе як жалобная песьня разьвітаньня.

Прыходзіць чалавек у барэце і кажа: «Я Генадзь Бураўкін»

Вітаўт Кіпель

Вітаўт Кіпель

Дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель: «Мы ў Нью Ёрку атрымалі вестку, што памёр Генадзь Бураўкін. Мяне гэтая вестка проста-ткі прыбіла. З Генадзем Бураўкіным я знаёмы ад 1977 году. Я працаваў у бібліятэцы, і раптам прыходзіць чалавек у барэце і кажа: «Я Генадзь Бураўкін». Я кажу: «Я Вас ведаю зь літаратуры». Гэтак мы пазнаёміліся. Ягоная мэта тады была давесьці наклад часапіса «Маладосьць» да 25 000. Ён хварэў душой, каб беларускае слова разыходзілася, каб людзі больш чыталі. Хварэў душой, каб нічога ня сталася гэтаму краю. Сапраўды, шляхотны быў чалавек, стараўся свае думкі перадаць як мага шырэй. У той час нават мець кантакт з эмігрантамі – гэта было не такая простая зьява. Пазьней мы ўжо, безумоўна, пасябравалі бліжэй, адзін да аднаго хадзілі... Я выказваю вялікае спачуваньне спадарыні Юлі і ўсяму беларускаму народу, таму што памёр вялікі патрыёт. Для нас гэта вялікая згуба».

Дзякуючы Генадзю Мікалаевічу я ведаю, што такое сапраўдны кіраўнік

Старшыня БАЖ Жана Ліцьвіна:

Гэтая навіна адгукнулася сапраўдным болем у душы. Бо дзякуючы Генадзю Мікалаевічу я, відаць, стала той, якая ёсьць. Лепшыя гады майго працоўнага жыцьця якраз прыпадаюць на тыя часы, калі Генадзь Мікалаевіч узначальваў Дзяржтэлерадыё, сама палітычная сытуацыя, перабудовачныя часы...І дзякуючы Генадзю Мікалаевічу я ведаю, што такое сапраўдны кіраўнік. Дзякуючы яму я ведаю,што такое пачуцьцё нацыянальнай годнасьці. Балюча. Нізка схіляю галаву. Сьветлая памяць.

Уладзімер Някляеў: Ён гаварыў з зорамі на зямлі, цяпер гаворыць на небе

Усё меней старых і надзейных сяброў. Людзей, якіх любіў я і якія любілі мяне.

Усьлед за Рыгорам Барадуліным ня стала Генадзя Бураўкіна.

За тры дні да ягонай сьмерці мы прынесьлі яму ягоную кнігу вершаў. Апошнюю. Ён проста прагнуў яе ўбачыць, бо разумеў, ведаў, што яна — разьвітальная.
Уладзімер Някляеў і Генадзь Бураўкін

Уладзімер Някляеў і Генадзь Бураўкін

Каб гэта адбылося, мы, не пасьпяваючы выдаць кнігу, зрабілі яе ўручную. Адзін асобнік. І трэба было бачыць ягоны твар, калі ён узяў кнігу ў рукі. Гэта было ня шчасьце ці радасьць, цяжка шчасьцю ці радасьці выявіцца на мяжы жыцьця і сьмерці — гэта было Вялікае Супакаеньне. Што жыцьцё пражыў як належыць. Зрабіў у ім, што мог.

Так сыходзяць паэты.

Ён быў блізкі, дарагі мне чалавек. Я прыходзіў да яго, ужо цяжка хворага, каб падбадзёрыць, падняць дух, а ён з той сілай, зь якой мог, паціскаў мне руку і казаў: «Трымайся».

Так сябруюць паэты.

Ён быў чалавекам ня толькі з паэтычным, але і з палітычным мысьленьнем. Балюча перажываў сваю незапатрабаванасьць як дзяржаўнага дзеяча. І не з-за асабістых амбіцыяў — ён насамрэч мог шмат зрабіць для Беларусі на любой, самай адказнай пасадзе. Васіль Быкаў казаў: «Калі гэтай уладзе не патрэбны паэт і дзяржаўны дзеяч Генадзь Бураўкін, значыць, ёй непатрэбная Беларусь».

Уладзе гэтай без патрэбы быў і сам Васіль Быкаў, і Рыгор Барадулін, і Генадзь Бураўкін. Але ўлада — не Беларусь. Беларусь яшчэ скажа дзякуй сваім найлепшым сынам, якія самааддана ёй служылі і верна, самаахвярна любілі. Да апошняга ўздыху. Яе адну.

Кнігу сваіх апошніх вершаў Генадзь Бураўкін назваў «Нагаварыцца з зоркамі». Ён гаварыў зь імі на зямлі — цяпер размаўляе ў небе...

Вось і ўсё, што зь ім сталася.

Здольнасьць пісаць пра сябе як пра час, а пра час як пра сябе, набліжаць далёкае

Паэт і перакладчык Анатоль Вярцінскі:

На нашым агульным зь ім рахунку некалькі памятных падзей. Мы разам зь ім пісалі ліст у абарону Васіля Быкава пасьля нападак на яго за твор „Мёртвым не баліць“. І хадзілі з гэтым лістом, зьбіралі подпісы... Гэта згадваецца сёньня.

Памятаю апошнюю размову зь ім на Радзе творчай інтэлігенцыі, дзе ён прадбачліва гаварыў пра агрэсіўны расейскі шавінізм.

Ён быў духоўна здаровым чалавекам. Ён аддаваў усе сілы справе, якая не старэе, якая жыве вечна — беларускай справе. Аддаваў талент, як паэт, як грамадзянін, як грамадзкі, дзяржаўны дзеяч. У гэтым сэнсе яму, мабыць, было цяжэй, чым некаму з нас.

Што было найбольш характэрна для яго як паэта — здольнасьць пісаць пра сябе як пра час, а пра час як пра сябе, набліжаць далёкае. Ён казаў наконт магчымасьці спалучаць публіцыстыку зь лірычнай паэзіяй. Яму гэта ўдавалася. Ён лічыў шчасьлівым момантам такое спалучэньне. Ён казаў, што гэта ўдаецца тады, калі душа хоча жыць сёньняшнім днём, жыцьцём народа.

Яго душа адышла ў вечнасьць. Вечны ёй спакой.

Зінаіда Бандарэнка: За „Калыханку“ мы павінны ўсе нізка кланяцца яму

Душа баліць, што адыходзяць такія знакавыя асобы Беларусі. Генадзь Мікалаевіч — паэт ад Бога. Гэта — адно. А другое — ён рэфарматар беларускага тэлебачаньня. Ён па-сапраўднаму зрабіў яго беларускім. Нацыянальным і вельмі паважаным.

А як кіраўнік — дык акрамя добрых слоў нічога пра яго ня скажаш. Таму што ён быў высокаадукаваны, быў тактоўны і сваім падначаленым ён заўсёды гаварыў праўду, якая б яна горкая ні была. Гэта ня крыўдзіла чалавека. І ніхто не крыўдаваў. Ён адначасова даваў нейкую параду, накірунак, як выйсьці з той ці іншай сытуацыі. І ў яго не было ворагаў на тэлебачаньні — я ўпэўненая ў гэтым.

Яго вельмі любілі, акрамя сёньняшняй улады, якая не прымае аніякай крытыкі.

А якія песьні на яго словы гучаць! Прычым не называюць імя аўтараў. Калі я чую па радыё яго песьні, мяне проста сьляза прабівае. Як можна — песьня гучыць, а аўтараў няма? Толькі таму, што аўтар тэксту — Генадзь Мікалаевіч.

А за „Калыханку“ мы павінны ўсе нізка кланяцца яму. І пры жыцьці павінен быў помнік стаяць паэту Генадзю Бураўкіну.

Законьнікаў: Бураўкін мацаваў нашу незалежнасьць сваім словам

Слова памяці Генадзя Бураўкіна ад калегі па паэтычным цэху і сябра Сяргея Законьнікава.

Сярод тых, хто лічыў мяне сваім сябрам і да каго я гарнуўся душою, Генадзь Бураўкін займае асаблівае месца. Мы пазнаёміліся ў 1964 годзе, калі я паступіў у БДУ, а Генадзь, Рыгор — гэта былі ўжо маладыя паэты. Мы іх называлі нават клясыкамі. І з таго часу вось ужо 50 гадоў мы ішлі па жыцьці разам. І ў нас за ўсё жыцьцё не было нейкіх канфліктаў ні на якай глебе — ні на літаратурнай, ні на бытавой. Мы, як умелі і маглі, дапамагалі адзін аднаму. І я як блізкі сябар адчуваю, якая пустата стаіць за тым, што я ўжо не пачую ягонага голасу, ня ўбачу яго, і пустата стаіць вялікая, вялікі прагал у нашай літаратуры.

Дый ня толькі ў літаратуры — у нашым грамадзкім жыцьці. Таму што Генадзь усюды, дзе б ён ні працаваў, што б ён ні рабіў, ён быў такі грунтоўны. Ён быў настолькі патрэбны ўсім, я не пасаромлюся гэтага высокага слова, народу патрэбны быў гэты чалавек.

Ён — той, хто рэальна мацаваў нашу дзяржаўнасьць і незалежнасьць. Ня нейкія балбатуны, няважна, на якіх пасадах яны сядзяць, а ён — вось канкрэтны чалавек. Пачынаючы з тых пасад, дзе ён быў на беларускім радыё, у „ЛіМе“, рэдактарам „Маладосці“. Асабліва шмат зроблена ім на пасадзе старшыні Камітэту па радыё і тэлебачаньні. А потым яшчэ і за мяжою, у ААН, дзе ён быў прадстаўніком Беларусі.

Ён быў усюды годным прадстаўніком нашай дзяржавы, нашай краіны, нашай зямлі. Ён мацаваў нашу дзяржаўнасьць сваім словам.

Я меў вялікі гонар сьпяваць песьні на ягоныя цудоўныя вершы


Сьпявак і журналіст Свабоды Данчык:
Данчык

Данчык

Сьветлыя і прыемныя ўспаміны пра тыя гады, калі шаноўны Спадар Бураўкін быў годным і элегантным прадстаўніком Беларусі ў ААН у Нью Ёрку... пра весела праведзеныя вечарыны Глэн Кове з гасьцінным паэтам-паслом і прыгожай Спадарыняй Юляй ды іхнымі дзецьмі. Я меў вялікі гонар сьпяваць песьні на ягоныя цудоўныя вершы. Вечная памяць і найшчырэйшыя спачуваньні сям'і.

Страцілі мы добрага беларуса


Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч:
Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

Я ведаў, што гэта непазьбежна, бачыў яго ня так даўно ў лечкамісіі. Страцілі мы добрага беларуса, сумленнага чалавека, добрага паэта. А для мяне яшчэ з унівэрсытэцкіх гадоў добрага прыяцеля. Сумую з гэтай нагоды, але быў падрыхтаваны, разумеў, што гэта непазьбежна. Бачыў, як клапоцяцца аб ім сын, яго жонка Юля, як перажывае яго дачка. Усім шчырае спачуваньне.

Ужо цяжка падбіраць і словы


Перакладчык, пэдагог, грамадзкі дзяяч Лявон Баршчэўскі:

Лявон Баршчэўскі

Лявон Баршчэўскі

Апошнія дванаццаць месяцаў... Юрась Бушлякоў, прафэсар Мікола Крукоўскі, Віктар Івашкевіч, Генадзь Грушавы, Рыгор Барадулін, Уладзімір Дамашэвіч, Анатоль Кудравец, Зьміцер Сідаровіч, Уладзімір Чапега і вось, Генадзь Бураўкін... Выбітныя людзі, волаты духу, волаты Беларушчыны. А здавалася, чарнейшага году, чым пазалеташні, ня будзе. Ужо цяжка падбіраць і словы. Невымерна шкада... Хай спадару Генадзю будзе ўтульна ў Божым царстве.

Шчасьлівыя дні ў залаты век БТ

Шапран: «Ён трымаў кнігу ў руках, паднёс да вуснаў»

Бураўкін на Свабодзе

Генадзь Бураўкін у праекце Радыё Свабода «Начная чытанка»

Вершы Генадзя Бураўкіна пад фанк-джаз

Генадзь Бураўкін

Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 году ў вёсцы Шуляціна (цяпер вёска Тродавічы) Расонскага раёну Віцебскай вобласьці. Скончыў аддзяленьне журналістыкі філфаку БДУ (1959).

Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», у газэце «Літаратура і Мастацтва», быў карэспандэнтам «Правды» па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць».

З 1978 году — старшыня Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні.

У студзені 1990 у Вярхоўным Савеце 11-га скліканьнеябыў адным з дэпутатаў, якія дамагаліся прыняцьця Закону аб мовах.

У 1990 атрымаў прызначэньне пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН. Пасьля вяртаньня, у 1994-1995 гадах быў намесьнікам міністра культуры і друку. У 1995-2001 гадах працаваў у часопісе «Вожык».

Аўтар больш двух дзясяткаў паэтычных кніг, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.


***

Калыханка. Музыка Васіля Раінчыка на словы Генадзя Бураўкіна

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG