Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У праграму фэстываля не ўключылі адкрыцьцё аргана ў гарадзенскай лютэранскай кірсе


Так выглядае Гарадзенская кірха, рамонтныя працы спынілі

Так выглядае Гарадзенская кірха, рамонтныя працы спынілі

Адкрыцьцё новага аргана ў лютэранскай кірсе ў Горадні адбудзецца 7 чэрвеня, праз 70 гадоў пасьля таго, як былы арган быў разабраны ў 1944 годзе, а ў будынку кірхі разьмясьцілі дзяржаўны архіў. У гэты час, з 6 па 8 чэрвеня, у Горадні будзе адбывацца Х Рэспубліканскі фэстываль нацыянальных культур. Аднак у праграму сьвяточных мерапрыемстваў гэтую падзею ўлады не ўключылі.

Праграму фэстываля апублікавалі дзяржаўныя газэты і гарадзенскія сайты. Пункту пра адкрыцьцё новага аргана ў лютэранскай кірсе там няма. І гэта нягледзячы на тое, што яшчэ некалькі месяцаў таму мясцовыя СМІ паведамлялі пра ўрачыстае адкрыцьцё аргана ў межах фэстывалю.

Пастар лютэранскае кірхі ў Горадні Ўладзімер Татарнікаў пацьвердзіў, што арган плянавалі адкрыць урачыста ў межах фэстывалю, а чаму адмовіліся ад гэтае ідэі, яму невядома.

Адной з прычынаў мясцовыя інтэрнэт-рэсурсы называюць тое, што ўлады з-за недахопу грошай ня здолелі адрэстаўраваць будынак кірхі. Былы старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра ў зьвязку з тым, што Горадня абвешчана сёлета культурнай сталіцай Беларусі, даў загад рэстаўраваць будынак. Пры ім абабілі стары тынк. Але пасьля Шапіравага ад’езду працы прыпыніліся.

Паводле гарадзенскіх інтэрнэт-рэсурсаў, з-за недахопу сродкаў у бюджэце ня справіць навасельля і Гарадзенская абласная філярмонія, якую ўлады таксама плянавалі адкрыць якраз у чэрвені. Працы па яе рэканструкцыі замарожаныя на няпэўны час.

Арган у гарадзенскую кірху прывезьлі зь нямецкага Франкфурту-на-Майне, яго ахвяравала тамтэйшая лютэранская супольнасьць. Усталёўвалі, паводле Татарнікава, чацьвёра адмыслоўцаў зь Менску на працягу двух месяцаў. У аргана два мануалы і 23 рэгістры. Новы арган у Гарадзенскай лютэраскай кірсе

Новы арган у Гарадзенскай лютэраскай кірсе


Дарэчы, разьмясьцілі яго не над уваходам, як звычайна ў храмах — бо аказаўся завялікі, — а пры бакавой сьцяне. Такое месца вызначылі адмыслоўцы, якія замяралі акустыку памяшканьня.

Першы музыкант, паводле Татарнікава, які будзе даваць канцэрт 7 чэрвеня, — Уладзімер Неўдах зь Менску, музыказнаўца, выкладчык Акадэміі музыкі па клясу аргана. Плянуецца, што прагучыць перш за ўсё музыка Баха, як лютэранскага кампазытара, а таксама арганная музыка эўрапейскіх кампазытараў розных эпохаў — каб паказаць багацьце і магчымасьці новага інструмэнта.

Паводле Татарнікава, гук аргана ў гарадзенскай кірсе можна было пачуць яшчэ ў 1939 годзе. Але ў гэтым жа годзе арганіст быў забіты. Пра тое, ці гучаў арган падчас Другой сусьветнай вайны, сьведчаньняў няма. У 1944 годзе на загад савецкіх уладаў арган разабралі і вынесьлі на вуліцу, дзе пэўны час яго часткі ляжалі пад сонцам і дажджом. Далейшы іх лёс невядомы. Пастар Уладзімер Татарнікаў за клавішамі новага аргана ў гарадзенскай кірсе

Пастар Уладзімер Татарнікаў за клавішамі новага аргана ў гарадзенскай кірсе


Новы арган пачалі шукаць пасьля таго, як кірху наведаў былы амбасадар Нямеччыны ў Беларусі.

Татарнікаў: «Першым размову пра тое, каб у нашай кірсе зьявіўся арган, завёў былы амбасадар Нямеччыны ў Беларусі доктар Крыстаф Вайль, які, дарэчы, цяпер амбасадарам ва Ўкраіне. Ён калі пабачыў наш храм, сказаў, што тут павінен быць абавязкова арган. І вось з 2012 году адбываўся пошук інструмэнта для нашага храма. Прычым шукалі такі арган, каб яго можна было выкарыстоўваць ня толькі для малебнаў, а і для канцэртаў арганнай музыкі. І ўжо ёсьць прапановы ад арганістаў Польшчы, Нямеччыны і Расеі правесьці тут канцэрты».

Афіцыйнай датай заснаваньня кірхі ў Горадні лічыцца 1793 год, але ў 1912 годзе храм значна перабудавалі. У такім выглядзе ён і захаваўся да нашых дзён. Гэта адзіная дзейная лютэранская кірха ў Беларусі.
Кірху не адрэстаўравалі, але побач навялі парадак

Кірху не адрэстаўравалі, але побач навялі парадак

XS
SM
MD
LG