Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску прэзэнтавалі «Настальгію» Сяргея Абламейкі


У менскай кнігарні «Галіяфы» адбылася прэзэнтацыя новай кнігі Сяргея Абламейкі «Настальгія». Радыё Свабода вяло жывую відэатрансьляцыю з імпрэзы.

Падчас прэзэнтацыі аўтар зачытаў урыўкі са сваёй кнігі.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў у сваім выступе адзначыў:

«Падарожжы амалоджваюць душу, робяць больш пільным позірк, думку, больш вострымі розум і пачуцьці. Падарожжы дапамагаюць нам вяртацца да саміх сябе. Мы жывем у дынамічным сьвеце, дзе безьліч людзей перасоўваюцца ў прасторы. Але меншасьць падарожнічае, гэта вандроўнікі зь вялікай літары. Да такіх вандроўнікаў належыць Сяргей Абламейка. Мы маем вельмі важкае сьведчаньне гэтага — яго кнігу „Настальгія“. Чытачы „Дзеяслова“ знаёмыя зь ёй. Кніга зацягвае ў сваю прастору стылем, эрудыцыяй аўтара, сюжэтам, дасьціпнымі дэталямі, гістарычнымі цікавосткамі. Сяргей заўсёды глядзіць на ўсё праз беларускія акуляры, і ў сваіх падарожжах ён дае магчымасьць адчуць прастору і час у розных краінах. Але ён вяртаецца ў беларускую прастору і час».

Сяргей Абламейка апавёў, што назва кніга ўзьнікла пасьля парады з рэдактарам Сяргеем Дубаўцом. Той сказаў, што кніга прасякнута настальгіяй. Палова падарожжаў — у Беларусь. У кнізе — настальгія па той Беларусі, якая была і якая сыходзіць. І па той, якая магла б быць, якая жыве ў нашых душах. «Шмат увагі надаваў архітэктуры і рэлігіі. Мы не даацэньваем ступень іх уплыву на людзей», — кажа аўтар.

Пісьменьнік Барыс Пятровіч назваў кнігу добрай, дасканалай прозай:

«Гэта глядзеньне фільму вачыма Сяргея, і я раю пачытаць кнігу найперш тым, хто толькі далучаецца да беларускай прасторы. Але яе варта чытаць усім».

Палітык Вінцук Вячорка адзначыў, што кніга напісана жыва, уяўна, кінэматаграфічна:

«Нягледзячы на тое, што пісьменьнік, гісторык, журналіст, але Сяржук — гэта чалавек, які ня проста любіць архітэктуру, але адухаўляе літаральна кожны каменчык, кожны выгін і здольны пра яе пісаць так, як мала хто. Кода прысьвечаная старому, амаль што страчанаму Менску. Але Менску, які непазьбежна адродзіцца. Кніга аптымістычная менавіта таму, што ў ёй ёсьць рамантызм. Проста невылечны, непапраўны рамантызм, які ў кожным наступным пакаленьні беларусаў зноў і зноў адраджаецца. Перад намі такі непапраўны беларускі рамантык. А значыць, у Беларусі ёсьць будучыня».

«Уся кніжка — вельмі добрая прышчэпка ад каляніяльнай сьвядомасьці, ад таго, што ўжо трапляе ў жылы. Яна глыбінна, сутнасна, магутна не савецкая і не постсавецкая. Яна гаворыць пра сьвет і бачыць сьвет зусім зь іншых пазыцый, чым тыя, зь якіх бачыць сьвет імпэрыя, вялікая краіна, якая прывучае людзей бачыць сьвет буйнымі мазкамі сацрэалізму. А тут хутчэй тонкая арабэскавая кніжная графіка. Беларусь перамагае ў гэтай кнізе», — сказала літаратуразнаўца Ірына Дубянецкая.

Пасьля выступу Ірыны Дубянецкай з залі прагучала даволі нечаканае пытаньне ад мужчыны, які прадставіўся расейцам.

Кнізе Сяргея Абламейкі таксама прысьвечаны выпуск праграмы «Бяз гальштукаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG