Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За забойства Маркелава і Бабуравай судзяць расейскіх нацыяналістаў


Мітынг расейскіх нэанацыстаў у Маскве ў 2008 годзе

Мітынг расейскіх нэанацыстаў у Маскве ў 2008 годзе

У Маскоўскім абласным судзе пачынаюцца судовыя слуханьні па справе арганізацыі расейскіх нацыяналістаў «Баявая арганізацыя рускіх нацыяналістаў» (Борн), якая ўзяла на сябе адказнасьць за забойства адваката Станіслава Маркелава і журналісткі Анастасіі Бабуравай у 2009 годзе.

Арганізатарам і ідэйным натхняльнікам «Борна» сьледчыя лічаць лідэра руху «Рускі вобраз» Ільлю Гарачава. Адвакаты настойваюць на яго недатычнасьці да забойстваў, учыненых нацыяналістамі.

На лаве падсудных чацьвёра ўдзельнікаў «Баявой арганізацыі рускіх нацыяналістаў» — Максім Баклагін, Вячаслаў Ісаеў, Міхаіл Волкаў і Юрый Ціхаміраў. Паводле вэрсіі сьледзтва, яны маюць дачыненьне да некалькіх цяжкіх злачынстваў з 2008 па 2011 гады. Сярод іх называюць забойства трох удзельнікаў антыфашысцкага руху, забойствы і замах на забойства некалькіх грамадзян неславянскіх зьнешнасьці, у тым ліку чэмпіёна сьвету па тайскім боксе Мусьліма Абдулаева, напад на старшага ўчастковага міліцыі, забойства судзьдзі Маскоўскага гарадзкога суду Эдуарда Чувашова, а таксама забойства адваката Станіслава Маркелава.

У 2011 годзе вінаватымі па справе аб забойстве Маркелава і журналісткі Анастасіі Бабуравай былі прызнаныя масквіч Мікіта Ціханаў і яго грамадзянская жонка Яўгенія Хасіс. Ціханаў быў асуджаны на пажыцьцёвы тэрмін, Хасіс атрымала 18 гадоў пазбаўленьня волі. У цяперашні час працягваецца сьледзтва ў дачыненьні да лідэра руху «Рускі вобраз » Ільлі Гарачава, які выступаў у якасьці сьведкі па справе ў дачыненьні да Ціханава і Хасіс. Сьледзтва лічыць яго арганізатарам і ідэйным натхняльнікам «Баявой арганізацыі рускіх нацыяналістаў». Гарачаў цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары «Лефортава».

Па словах яго адваката Марка Фейгіна, доказы датычнасьці Гарачава да злачынстваў, зьдзейсьненых актывістамі «Борн», будуюцца выключна на паказаньнях Мікіты Ціханава.

Па словах дырэктара інфармацыйна-аналітычнага цэнтра «САВА» Аляксандра Вярхоўскага, арганізацыя «Рускі вобраз», лідэрам якой зьяўляецца Ільля Гарачаў, нягледзячы на свой легальны статус, складаецца пераважна з нэанацыстаў:

Вярхоўскі: «Арганізацыя прыцягвала да сябе менавіта нэанацыскую моладзь у вялікіх колькасьцях, перавабліваючы яе з „Руху супраць нелегальнай міграцыі“. Перавабліваць актывістаў дазваляла тое, што ў „Рускага вобразу“ быў нейкі напаўафіцыйны „дах“. Таму што пры ўсім сваім антыўладным патасе, гэтыя актывісты ўсё ж болей хацелі мець справу з арганізацыяй, якая менш ўразьлівая для паліцыі і ФСБ. Пры гэтым тое, што „Рускі вобраз“ зьвязаны з нейкімі баявікамі, нам, напрыклад, было відавочна ўвесь час. Проста зараз гэта будзе прадметам судовага разбору».

Радыё Свабода: З аднаго боку, адвакаты сьцьвярджаюць, што ўсе доказы ў дачыненьні да Гарачава будуюцца выключна на паказаньнях Мікіты Ціханава. Натуральна, адвакаты адстойваюць пункт гледжаньня, што доказаў недастаткова. Зь іншага боку, «Рускі вобраз» — нэанацыская арганізацыя. Наколькі для праваабарончай супольнасьці востра стаіць праблема абароны правоў людзей, якія знаходзяцца пад сьледзтвам або ў турмах, па такіх вельмі непрывабным справах?

Вярхоўскі: Праваабаронцы — людзі розныя. Таму я за ўсіх адказаць не магу. З майго пункту гледжаньня, ёсьць правы зьняволенага, правы абвінавачанага, якія для ўсіх аднолькавыя. Калі чалавека абвінавачваюць у рэальных злачынствах, гаворка ж не пра яго погляды, не пра тое, што чалавеку не паложана мець нацысцкіх поглядаў. Наша Канстытуцыя не забараняе чалавеку быць нацыстам. Яна яму забараняе пэўнага роду дзеяньні. Наколькі доказна тое, у чым абвінавачваюць Гарачава? Паглядзім, як гэта будзе даказвацца.

Радыё Свабода: Зразумела, што справа Маркелава і Бабуравай гучная. Магчыма, збольшага таму яна дайшло да суду, і былі пасаджаныя вінаватыя, і будуць, мабыць, яшчэ пасаджаны актывісты таго ж «Борна». Але наколькі шмат такіх выпадкаў застаецца па-за фокусам СМІ і па-за фокусу правасудзьдзя?

Вярхоўскі: На гэтае пытаньне даволі цяжка адказаць. Калі гэтыя выпадкі застаюцца не расьсьледаванымі, то часта ніхто пра іх ня ведае, у тым ліку і я. Але я магу сказаць, што ёсьць некаторая колькасьць выпадкаў, калі людзі, якія зьдзейсьнілі менавіта злачынства, ідэйна матываваныя нейкімі расісцкімі або нэанацысцкімі перакананьнямі, былі асуджаныя, але ў прысудзе матыў нянавісьці не ўлічваўся. Вядома, бывае нямала выпадкаў, калі злачынства відавочна носіць такі характар, але справа не раскрытая, злачынец ня знойдзены. Думаю, што на самой справе раскрываецца менш за палову.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG